Ярмошына патлумачыла, чаму Вярхоўны суд адмовіўся разглядаць скаргу Статкевіча

Прычына ў тым, што Мікалай Статкевіч, які знаходзіцца ў турме, не змог асабіста падпісаць скаргу.



images87.jpg

Вярхоўны суд Беларусі адмовіўся разглядаць скаргу палітвязня Мікалая Статкевіча на Цэнтравыбаркам, які адмовіў у рэгістрацыі ягонай ініцыятыўнай групы.

Як паведаміла на прэсавай канфэрэнцыі старшыня Цэнтравыбаркаму Лідзія Ярмошына, уся справа ў тым, што даверанасць, якую мае кіраўніца ініцыятыўнай групы Мікалая Статкевіча, яго жонка Марына Адамовіч, дае права толькі прынесці скаргу. Але скарга павінна быць падпісаная асабіста патэнцыйным кандыдатам у прэзідэнты. А вось у скарзе Статкевіча ягонага асабістага подпісу не было. Таму Вярхоўны суд адмовіў у разглядзе гэтай справы, бо скарга пададзеная не той асобай.

 

Ярмошынай не спадабаўся кот Барсік

Сёння на прэсавай канферэнцыі ў старшыні Цэнтравыбаркаму Лідзіі Ярмошынай запыталіся пра яе стаўленне да вылучэння ката Барсіка ў якасці патэнцыйнага кандыдата ў прэзідэнты Рэспублікі Беларусь. Журналісты запыталіся, ці падзяляе яна думку, што гэты жарт паказвае дэвальвацыю прэзідэнцкіх выбараў у краіне.

«Мне гэты прыкол не падабаецца. Не падабаецца таму, што ён другой свежасці, — сказала Лідзія Ярмошына. — Калісці я прачытала кнігу ангельскага пісьменніка Джона Брэйна, якая называецца „Шлях наверх. Жыццё наверсе“, і там адзін з герояў казаў, што пазіцыі партыі торы ў нашай акрузе такія моцныя, што я пры жаданні мог бы правесці ў Парламент памыйнага ката. Але ж, ведаеце, гэта Англія з яе парламэнцкімі традыцыямі. У нас такіх традыцыяў няма. Я лічу, што гэта прыкол, прыкол, які мне не падабаецца. Чалавек пажартаваў, можа, не вельмі ўдала. Але я не лічу, што гэта ёсць знявага выбараў у Беларусі».

Радыё Свабода