У Беларусі назіраецца адкат назад у сферах лібералізацыі і дэмакратызацыі

Выбарчая кампанія 2015 года пройдзе па нязменна кантралюемым сцэнары, а рэпрэсіі напярэдадні выбараў могуць узрасці. Такі прагноз робяць аналітыкі Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (зарэгістраваны ў Літве) у сваім даследаванні BISS-Trends.

Беларускі інстытут стратэгічных даследаванняў (BISS) падрыхтаваў чарговы выпуск BISS-Trends, у якім аналізуюцца пяць асноўных напрамкаў жыццядзейнасці беларускай дзяржавы і грамадства ў студзені-чэрвені 2015 года.

Маніторынг прысвечаны асноўным тэндэнцыям у наступных галінах: 1. палітычная дэмакратызацыя / палітычная лібералізацыя; 2. эканамічная лібералізацыя; 3. якасць кіравання і вяршэнства закона; 4. геапалітычная арыентацыя; 5. культурная палітыка.

Сфера палітычнай лібералізацыі і дэмакратызацыі стагнавала ў першай палове 2015 года з адначасовым (хоць і нязначным) рухам у бок пагаршэння. Хоць першае паўгоддзе характарызавалася зніжэннем колькасці рэпрэсій супраць палітычных і грамадскіх актывістаў, быў прыняты шэраг заканадаўчых актаў і паправак, якія абмяжоўваюць свабоду слова, а таксама праведзеныя першыя блакаванні інтэрнэт-сайтаў «за распаўсюд недакладнай інфармацыі, якая можа нанесці шкоду дзяржаўным або грамадскім інтарэсам».

Характэрна, што назіраецца адсутнасць пазітыўнай значнай дынамікі лібералзацыі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў, нягледзячы на актыўны рост кантактаў паміж афіцыйным Мінскам і Захадам. У ранейшыя гады збліжэнне з Захадам заўсёды суправаджалася змякчэннем рэпрэсіўнай палітыкі ўнутры краіны, альбо, па меншай меры, змякчэннем рыторыкі ў дачыненні да палітычных апанентаў уладаў.

Сфера эканамічнай лібералізацыі была адзначана стагнацыяй ў рамках ранейшых негатыўных трэндаў і назапашваннем дысбалансаў у эканоміцы. Нягледзячы на ​​пазітыўныя змены (лібералізацыя валютнага рынку), у першым паўгоддзі адбывалася моцнае пагаршэнне асноўных макраэканамічных паказчыкаў, а эканамічныя ўлады дэманстравалі схільнасць да прымянення рэжыму «ручнога кіравання» і нежаданне да ўкаранення структурных рэформаў.

Сфера якасці кіравання і вяршэнства права характарызавалася укараненнем зменаў, накіраваных на доўгатэрміновае паляпшэнне «правілаў гульні» і іх уніфікацыю. Тым не менш прыняцце шэрагу заканадаўчых ініцыятыў ішло ўразрэз з імкненнем уладаў уніфікаваць і паляпшаць сістэму заканадаўства, што дазваляе ахарактарызаваць трэнд якасці кіравання ў першым паўгоддзі 2015 года толькі як «нязначнае паляпшэнне».

У сферы геапалітычнай арыентацыі назіраецца тэндэнцыя да паляпшэння адносін з краінамі Захаду, а таксама нарастанне супярэчнасцяў у адносінах з Расіяй. Акрамя таго, у першым паўгоддзі 2015 года Беларусь, нарэшце, стала рухацца ў бок рэальнай, а не дэклараванай знешнепалітычнай шматвектарнасці.

У сферы культурнай палітыкі назіраецца прагрэс з якаснымі зменамі, што, у першую чаргу, абумоўлена афіцыйным прызнаннем існавання палітыкі мяккай беларусізацыі на вышэйшым узроўні. Аднак інтэнсіфікацыя і паглыбленне палітыкі мяккай беларусізацыі на дзяржаўным узроўні стрымліваюцца адсутнасцю адпаведных нарматыўных актаў і супярэчлівымі дзеяннямі чыноўнікаў.

Цалкам з даследаваннем можна азнаёміцца тут.