Ці ёсць перамены на «Заходнім фронце»?

Нават нягледзячы на амаль закрытыя межы, санкцыі і адсутнасць публічнага дыялогу паміж рэжымам Лукашэнкі і заходнімі палітыкамі, сувязі працягваюць падтрымлівацца — і гэта дае маленькую надзею.

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Карціна гэтага выпуску «Пульса Леніна-19» складаецца з парачкі маленькіх сюжэтаў пра тое, як у Беларусі, забетанаванай санкцыямі звонку і рэпрэсіямі знутры, прабіваюцца міжнародныя сувязі з заходнімі краінамі. Насуперак усяму, як нешта цалкам натуральнае, што супраціўляецца цалкам ненатуральнаму, піша Павел Мацукевіч у сваім блогу. 

Супраціў падобны да дзікай прыроды, калі яна бярэ сваё назад. Як гэта адбываецца ў Чарнобыльскай зоне адчужэння — там чалавек адступіў і прырода вяртаецца. Менш чым праз 30 гадоў пасля катастрофы ў горадзе Прыпяць, што паблізу Чарнобыльскай АЭС, дзікая прырода прарасла травой, кустамі і дрэвамі праз асфальт і бетон і вярнула сабе тэрыторыю, якая да гэтага была цалкам і, здавалася, незваротна засвоеная чалавекам.

Гэтая аналогія служыць доўгай прадмовай да пары навін або кароткіх гісторый.

Першая з іх: на гэтым тыдні ў Мінску ў «Доме дружбы» прайшла 12-я сустрэча гарадоў-пабрацімаў Беларусі і Германіі. Дарэчы, папярэдняя — 11-я — адбылася два гады таму, і таксама ў Мінску.

Традыцыя, як відаць, не перарываецца — і, як адкрыта гаварылі самі ўдзельнікі гэтых сустрэч, нягледзячы на няпростыя часы. 

У мяне ўражанне, што гэтая традыцыя не тое што не перарываецца — яна менавіта прарастае, амаль як дзікая прырода праз бетон горада Прыпяць, развіваючыся насуперак усяму, што адбылося вакол.

Таму што апошнія чатыры гады кантэкст спрыяе для якіх заўгодна пабрацімскіх сувязей і падтрымання традыцый з краінамі на Усходзе, але не на Захадзе. 

І там, на Усходзе, гэтыя сувязі і гэтыя традыцыі закладваюцца. 

Прыклад гэтаму — імклівы рост беларуска-кітайскіх пабрацімстваў паміж гарадамі, раёнамі і абласцямі. Іх колькасць ужо падбіраецца да паўсотні, і гэта цалкам вытлумачальна. Так бы мовіць, спецэфект усепагоднага жалезнага братэрства, але ў адносінах з Германіяй, як і з ЕС, у Беларусі зусім іншы клімат. 

Улады Беларусі пасеялі ў гэтых адносінах буру, якая разбурае ўсе напрацаваныя сувязі.

 

Глядзіце таксама

Любая бура, як і дождж, не можа доўжыцца вечна, але менавіта гэтая зацягнулася і адкладае адлігу, якая так патрэбна.

На мяжы Беларусі з ЕС фактычна вырас новы «берлінскі мур». У гадзіны пік бывае, што «пераадоленне гэтага муру» займае трое-чацвёра сутак. Так было ў асобныя дні на пачатку лістапада пры перасячэнні мяжы на машыне праз пераход «Брэст — Тэрэспаль».

І гэта робіць дарогу з Мінска да Варшавы супастаўнай з падарожжам да Месяца — да яго ляцець 3 дні. 

У такіх рэаліях да падтрымання пабрацімскіх сувязей з Германіяй, якімі б фармальнымі яны цяпер ні былі, здавалася б, прыкладна гэтак жа далёка, як да Месяца, але не.

Як вынікае са згаданай навіны, у Мінск прыехала дэлегацыя з 8 нямецкіх пабрацімскіх гарадоў для сустрэчы з беларускімі калегамі і размовы на тэму «Гістарычнае мінулае і масты ў будучыню». 

Не бог ведае што і не бог ведае хто, вядома, калі паглыбіцца ў персаналіі дэлегатаў, але некаторую прыемную разнастайнасць у аднабокія беларускія сувязі гэты візіт пэўна ўносіць. А яшчэ гаворыць пра тое, што не ўсё страчана. 

Хоць страчана вельмі многае, а сёе-тое страчана незваротна — і, у прыватнасці, наш час.  

Яшчэ адзін мост у будучыню месяцам раней наводзілі ў Італіі: на пачатку кастрычніка ў горадзе Верона адбыўся першы за апошнія некалькі гадоў беларуска-італьянскі бізнэс-форум з літаральнай назвай «Мост у будучыню». І гэта другая дзіўная гісторыя нашага няпростага часу.

Прычым з італьянскага боку ў рытарычным будаўніцтве моста ў будучыню з Беларуссю ўдзельнічалі каля сотні прадстаўнікоў з паўсотні кампаній. Колькасць беларускіх «будаўнікоў» не такая істотная. Можна сабе ўявіць, з якой ахвотай яны паўдзельнічалі ў гэтым дзействе — ужо адвыклі ад мерапрыемстваў па той бок Буга.

Паводле афіцыйных паведамленняў, у Вероне адбыўся «абмен думкамі наконт перспектыў развіцця супрацоўніцтва, шляхоў і механізмаў умацавання гандлёва-эканамічных сувязей».

Трэба мець уяўленне, каб пра гэта дыскутаваць цэлы форум. Быццам бы відавочна, што і перспектывы, і шляхі, і механізмы прыкладна адпавядаюць колькасці ацалелых памежных пераходаў на мяжы паміж Беларуссю і ЕС і пераліку ўсяго таго, што праз іх дазволена перамяшчаць. А забаронена, напэўна, больш, чым дазволена.

Аднак тут важны сам факт мерапрыемства. Ён сведчыць, што ёсць узаемная цікавасць да супрацоўніцтва, нягледзячы ні на што.


Глядзіце таксама

Цяпер поле для легальнай працы ў Італіі з Беларуссю звужана прыкладна да футбольнага, але вось што ўражвае: на ім нашы краіны неяк прымудрыліся нагандляваць амаль на 400 млн. еўра, а гэта нямала — па мерках тых самых няпростых часоў. 

Зноў жа, гэтыя сотні мільёнаў напрацаваны насуперак санкцыям і закрытым да шчыліны межаў, адсутнасці палітычнага дыялогу і значных візітаў, якія звычайна стымулююць адносіны і гандаль. 

На кантрасце з многімі краінамі «далёкай дугі», з якімі ўсё гэта ёсць, такія аб'ёмы гандлю выглядаюць асабліва вялікімі і павучальнымі. 

Для прыкладу: у 2021 годзе ўвесь гандаль Беларусі з Афрыкай налічваў 500-600 млн. долараў. Больш свежых звестак у адкрытым доступе няма, але нешта падказвае, што, нягледзячы на ўсе намаганні, дэкларацыі і візіты, якаснага знешнегандлёвага прарыву там дагэтуль так і не адбылося.

Аналогія паміж натуральнымі сувязямі Беларусі з заходнімі краінамі і дзікай прыродай, якая бярэ сваё, мае істотную загану: у прыведзеным на пачатку гэтага тэксту чарнобыльскім выпадку чалавек вымушана адступіў, а ў нашым — пакуль не.