Апублікаваны новы рэйтынг пашпартоў. У Беларусі там незайдроснае месца
Кампанія Henley & Partners прадставіла свежую версію індэкса пашпартоў. У Беларусі ў гэтым рэйтынгу пазіцыя як у афрыканскіх дзяржаў.
Аналітыкі кансалтынгавай кампаніі Henley & Partners, якая ранжыруе краіны свету па колькасці бязвізавых напрамкаў, апублікавалі свежы рэйтынг «сілы пашпартоў».
Індэкс пашпартоў ранжыруе дзяржавы (тэрыторыі) па колькасці бязвізавых напрамкаў, даступных грамадзянам для наведвання, абапіраючыся на дадзеныя Міжнароднай асацыяцыі паветранага транспарту, адзначае bgmedia.site. Індэкс Henley & Partners уключае 199 пашпартоў і 227 турыстычных напрамкаў.
Спіс узначаліў Сінгапур. Грамадзяне гэтага горада-дзяржавы могуць наведваць 195 краін і тэрыторый без неабходнасці атрымліваць уязную візу.
На другім месцы са 192 бязвізавымі напрамкамі размясціліся адразу сем краін: Фінляндыя, Францыя, Германія, Італія, Японія, Паўднёвая Карэя і Іспанія.
Трэцяе месца ў спісе «наймацнейшых» пашпартоў (191 напрамак) дзеляць дакументы Аўстрыі, Даніі, Ірландыі, Люксембурга, Нідэрландаў, Нарвегіі і Швецыі.
Беларусь у спісе размясцілася на 62-м месцы: грамадзянам нашай краіны даступны 81 бязвізавы кірунак-столькі ж у не менш «шчаслівых» уладальнікаў пашпарта Намібіі.
Сярод суседзяў нашай краіны вышэй за ўсіх у спісе Польшча — яна на шостым месцы (188 кірункаў). Следам ідуць Літва (дзевятае месца, 185 напрамкаў), Латвія (10 месца, 184 напрамкі), Украіна (32 месца, 148 напрамкаў) і Расія (46 месца, 116 напрамкаў).
Замыкаюць рэйтынг Афганістан (26 кірункаў), Сірыя (27 кірункаў) і Ірак (31 кірунак).
Варта дадаць, што беларусы сёння вельмі абмежаваныя ў магчымасці падарожнічаць. Для нашых суайчыннікаў фактычна закрытыя краіны Еўропы, куды надзвычай цяжка атрымаць візу праз удзел рэжыму Лукашэнкі ў вайне РФ супраць Украіны. Застаецца ехаць на адпачынак у Расію альбо іншыя азіяцкія краіны.
Пры гэтым у шэрагу пастсавецкіх краін ужо даўно дзейнічае безвізавы рэжым з Еўрапейскім саюзам. Без перашкод у ЕС могуць ездзіць грамадзяне Украіны, Грузіі, Малдовы. Перамовы аб адмене віз пачалі ў Брусэлем улады Арменіі.
Для Беларусі такі сцэнар немагчымы, пакуль ва ўладзе застаецца Лукашэнка.