У Мінску расказалі, як «склеіць свет». Ці пачуе Захад?
Лукашэнка крыху «падлячыў» сваю ізаляванасць, правёўшы ў Мінску чарговую канферэнцыю па еўразійскай бяспецы. Толкам высветлілі мала, але дакладна вядома адно: сусветныя парадкі не падабаюцца.
У гэтым выпуску «Пульса Леніна-19»Павел Мацукевіч аналізуе чарговую спробу афіцыйнага Мінска прымерыць ролю правадыра еўразійскай бяспекі, а таксама перспектывы рэанімацыі мінскай перамоўнай пляцоўкі.
Паўправаднік бяспекі
Раней гэтая роля называлася «донарствам рэгіянальнай бяспекі». Яна глядзелася арганічна з дзеяннямі Беларусі — з улікам добраахвотнай адмовы ад савецкай ядзернай зброі, ініцыятыў па раззбраенні і асабліва мірных перамоваў па Украіне ў Мінску.
Гэтая высакародная місія, як вядома, з трэскам правалілася пасля зладжанага ўладамі міграцыйнага крызісу на мяжы з ЕС, агрэсіі Расіі супраць Украіны з беларускай тэрыторыі і размяшчэння расійскай ядзернай зброі ў Беларусі.
Тым не менш, Лукашэнка сцвярджае, што наша краіна праводзіць міратворчую палітыку. Бывай донар, няхай жыве правадыр — мабыць па нейкім такім прынцыпе адбываецца новае міжнароднае пазіцыянаванне Беларусі, нягледзячы на не самыя міратворчыя дзеянні афіцыйнага Мінска ў рэгіёне.
Найбліжэйшы саюзнік Расіі і залежны ад яе на працэнтаў сто ў асобных сферах не можа гуляць сам па сабе і выбіраць амплуа пад настрой.
На справе Мінск пакуль можа быць толькі паўправадніком бяспекі: Аляксандру Лукашэнку даводзіцца чаргаваць міралюбнасць з пагрозамі на адрас Украіны і Захаду, каб не моцна адхіляцца ад лініі Крамля. І пры гэтым падтрымліваць ўражанне, што праводзіць сваю.
2-я Міжнародная канферэнцыя па еўразійскай бяспецы, якую арганізаваў Мінск, настойліва пазіцыянуе Беларусь як міратворца. Ініцыятыву, а, адпаведна, і экспартны вобраз падтрымлівае Расія. Гэта даказвае той факт, што другі год запар на канферэнцыю прыязджае Сяргей Лаўроў і робіць беларускім уладам кампліменты.
Расійская цікавасць можа быць у тым, каб рэанімаваць мінскую перамоўную пляцоўку на выпадак новай «Ялты» або «Хельсінкі», як на сёння максімальна лаяльную і бяспечную для Уладзіміра Пуціна з усіх магчымых па-за межамі РФ. У гэтым сэнсе канферэнцыя фармуе звычку весці дыялог па еўразійскай бяспецы менавіта ў Мінску.
Цікава, што гэтым разам Аляксандр Лукашэнка ўпершыню ўшанаваў мерапрыемства сваёй прысутнасцю і зладзіў прамову. Яна, праўда, была больш падобная да выбарчай — з улікам перадвыбарчай кампаніі, якую ён актыўна вядзе, нягледзячы на прадвызначанасць вынікаў выбараў.
У сваёй прамове Лукашэнка паўстаў такім звышвопытным палітыкам, які кантактуе па сваіх каналах з ЗША, ведае праблемы свету і як яго склеіць.
Прысутнасць у зале шматлікіх замежных гасцей, уключаючы міністра з Венгрыі, якая старшынюе ў ЕС, як бы запоўніла дэфіцыт міжнароднай легітымнасці, які пераследаваў Аляксандра Рыгоравіча пасля 2020-га, забяспечыўшы ўсяму сказанаму ім і вагу, і фон.
Уражанне, што галоўным адрасатам міжнароднага паслання Лукашэнкі, якое прагучала на канферэнцыі, з'яўляецца беларускі глядач, адбываецца з таго факту, што публікуюць і распаўсюджваюць яго прамову, міксуючы цытаты з каментарамі, пераважна беларускія СМІ.
Нешта, вядома, напішуць у сваіх справаздачах у свае сталіцы акрэдытаваныя ў Беларусі заходнія дыпламаты, якія былі заўважаныя ў зале. Аднак іх інфармацыя пра гэта не паўплывае на ход сусветнай гісторыі.
Наўрад ці перад арганізатарамі канферэнцыі стаяла нейкая такая амбіцыйная задача (змяніць ход гісторыі). Мэта мерапрыемства можа быць прасцей. Так бы мовіць, зняць праклён 2020-га — аднавіць практыку правядзення ў Мінску міжнародных дыскусій.
Поўны збор крыўд
Першая серыя канферэнцыі выйшла год таму і называлася «Еўразійская бяспека: рэальнасць і перспектывы ў свеце, які трансфармуецца». Яна ні на грам ні дадала бяспекі, але затое тая канферэнцыя распячатала мінскую дыялогавую пляцоўку.
Справа ў тым, што пасля 2020-га і асабліва з пачатку паўнавартаснай вайны Расіі супраць Украіны такія дыялогі ў Мінску ўжо лічыліся немагчымымі, як і правядзенне ў Беларусі расійска-ўкраінскіх перамоў.
Рэчаіснасць, як гэта часта бывала, аказалася багацейшай за нашу фантазію. Нагадаю, што напрыканцы лютага – пачатку сакавіка 2022-га Мінск прыняў першыя тры раўнды перамоў, а цяпер вось прымае ўжо 2-ю канферэнцыю па бяспецы і запрашае на 3-ю ў наступным.
Выглядае так, як быццам працяг практыкі правядзення канферэнцый важней за самі канферэнцыі. Менавіта таму думаю, што арганізатары не чакаюць ад іх прарыву, лічачы поспехам ужо сам факт правядзення мерапрыемства.
Якасць любой канферэнцыі забяспечваюць госці. Гэта адзін з ключавых крытэрыяў ацэнкі мерапрыемства. У гэтым сэнсе сёлета Мінску зноў удалося падскочыць, але не вышэй за галаву.
Пры гэтым МЗС забяспечыў рост: калі ўдзельнікамі леташняй дыскусіі былі парадку 300 чалавек з 30 краін, то ў гэтым годзе арганізатары дэкларуюць 600 удзельнікаў з прыкладна 45 дзяржаў.
Калі ацэньваць на вока, то больш за палову з гэтых 600 відавочна з Беларусі. Прычым нейкая частка з іх дакладна не мае нічога агульнага з тэмай мерапрыемства.
Як, напрыклад, першая беларуская касманаўтка Марына Васілеўская. Яе прысутнасць натхняе на думку пра тое, які космас — такая і канферэнцыя для Мінска, на якім як на міжнароднай пляцоўцы многімі быў пастаўлены крыж.
Якасны склад удзельнікаў канферэнцыі не зведаў істотных змен — з той розніцай, што ў гэтым годзе прыехаў віцэ-прэм'ер Сербіі, а прысутнасць міністра замежных спраў Венгрыі ўзмацнялася фактам венгерскага старшынства ў ЕС.
Магчыма, чакаліся і іншыя высокапастаўленыя госці з Еўропы (з Босніі і Герцагавіны, верагодна), але нешта пайшло не так.
У цэлым другая серыя канферэнцыі пакінула ўражанне калектыўнага запаўнення кнігі скаргаў. Усё праз тое, што асноўныя спікеры з ліку афіцыйных асоб ад краін і міжнародных арганізацый выкарыстоўвалі мінскую трыбуну для вылівання назапашаных крыўд на Захад і сусветныя парадкі, якія склаліся.
Пашырэння заходняй прысутнасці на канферэнцыі не адбылося, што было б сапраўднай сенсацыяй. Тым не менш ,тыя прадстаўнікі еўрапейскіх краін, што даехалі, выканалі важную функцыю, стварыўшы адчуванне нейкай дыскусіі, а не ўсееўразійскай сходкі прапагандыстаў. Чым злёгку праветрылі Мінск.