Неізаляваная ізаляцыя. Даверчыя граматы і прызнанне дыктатуры
Не такі ўжо Лукашэнка і ізаляваны ад знешняга свету, як падаецца на першы погляд. Ну, не ездзіць у Еўропу. Ну, у Штаты не клічуць. Але за апошнія чатыры гады яго «прызналі» 77 краін — і гэта вельмі нават нямала.
![108935_800.jpg 108935_800.jpg](/img/v1/images/108935_800.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1717839714&w=528)
У цэнтры ўвагі гэтага выпуску «Пульса Леніна-19» — калекцыя сабраных Аляксандрам Лукашэнкам за гэтую кадэнцыю даверчых грамат ад паслоў замежных краін. Павел Мацукевіч параўноўвае яе з «ураджаем» папярэдняй пяцігодкі, калі праблем з прызнаннем прэзідэнцтва ў афіцыйнага Мінска не было, а сам перыяд у адносінах з Захадам цягнуў на характарыстыку «цукерачна-буфетны».
Таінства ўручэння даверчых грамат, што адбылося на гэтым тыдні 1 кастрычніка ў Палацы Незалежнасці, стала юбілейным — 10-м па ліку, калі лічыць з таемнай інаўгурацыяй Лукашэнкі напрыканцы верасня 2020-га. Тады яшчэ бурліў пратэстамі Мінск і памнажаліся размовы пра таксічнасць рэжыму, несумяшчальную з міжнародным прызнаннем.
Вынік чатырох гадоў гаворыць пра тое, што яна сумяшчальная: 10 цырымоній, праз якія прайшлі 85 замежных паслоў з 77 краін (некаторыя дзяржавы паспелі памяняць сваіх прадстаўнікоў двойчы) — гэта пераканаўча. У сярэднім выходзіць па 8-9 паслоў на адну цырымонію.
У пакінуты да прэзідэнцкіх выбараў час, а іх дата пакуль невядомая, можа лёгка змясціцца яшчэ адна цырымонія, калі выбары пройдуць летам, а калі ў лютым ці сакавіку 2025-га — то не факт.
Для параўнання: з моманту інаўгурацыі Лукашэнкі ў лістападзе 2015-га і па жнівень 2020-га адбыліся 11 цырымоній уручэння даверчых грамат, у якіх удзельнічалі 122 замежных паслоў з прыкладна 110-115 краін. У сярэднім атрымліваецца 11 паслоў на адну цырымонію, што, вядома, больш, чым у цяперашнюю кадэнцыю, але не сказаць, каб значна.
Геаграфія краін у тую пару ахоплівала ўсе населеныя кантыненты. Гаворка ў 2020-м нават ішла пра абмен амбасадарамі са Злучанымі Штатамі, што адкрывала новыя перспектывы, але паводзіны беларускіх уладаў павярнулі ўсе «рэкі» назад.
Тым не менш, далейшыя падзеі не сталі прысудам для міжнародных адносінаў афіцыйнага Мінска, як пра гэта можна было б падумаць у момант таемнай інаўгурацыі.
Геаграфія краін, якія накіравалі сваіх паслоў у Мінск пасля апошніх прэзідэнцкіх выбараў, фармальна таксама ахоплівае ўсе населеныя кантыненты, але ўжо акрамя Аўстраліі, і ўсе часткі свету.
Нават у Паўночнай Амерыцы ёсць Мексіка, якая прызнае прэзідэнцтва Лукашэнкі, а ў Паўднёвай — і зусім няма ніякага дэфіцыту з прызнаннем. Да значных і буйных лацінаамерыканскіх краін, якія ўжо накіравалі ў Беларусь сваіх паслоў, адносяцца Аргенціна, Бразілія, Перу. Гэта не лічачы «сяброў» кшталту Венесуэлы, Кубы, Нікарагуа, Эквадора і іншых.
З краінамі Афрыкі ўсё, у прынцыпе, зразумела. Там самі з такімі ж аўтарытарнымі вусамі, як у нашым выпадку, таму ўспыхнула вялікая ўзаемная любоў. Афіцыйны Мінск раптам выявіў у Афрыцы крыніцы экспартнага натхнення. Тым больш натхняюць, чым больш моцны гандлёвы застой у Беларусі з Еўропай.
За чатыры гады з Афрыкі прыбыло мноства паслоў. Хтосьці з іх на хвалі прыліву далікатных міждзяржаўных пачуццяў нават паспеў здабыць пастаянную рэзідэнцыю ў Мінску (Зімбабвэ), хтосьці знаходзіцца на шляху да гэтага (Экватарыяльная Гвінея).
На Блізкім Усходзе, калі меркаваць па даверчых граматах, няма краін, якія адмовілі прэзідэнцтву Аляксандра Лукашэнкі ў прызнанні.
Нават Ізраіль, нягледзячы на тое, што партнёр заходняга свету, мае сваю спецыфіку і праводзіць у гэтых пытаннях сваю палітыку. Таму ізраільскі амбасадар — у ліку тых, хто ўручыў граматы Аляксандру Лукашэнку ў гэтую кадэнцыю. Адносіны паміж Беларуссю і Ізраілем цяпер не ахвоць, але тут ужо справа не ў прэзідэнцтве, а ў рэакцыі Мінска на абвастрэнне на Блізкім Усходзе.
З краінамі Персідскага заліва ў рэжыму ўсё на выгляд ціп-топ. Адносіны Беларусі з асобнымі дзяржавамі гэтага рэгіёна наогул перажываюць дзіўны росквіт.
Глядзіце таксама
![Максім Рыжанкоў на чале беларускага МЗС абяцае цуды ў знешняй палітыцы краіны Напалеонаўскія планы беларускага МЗС](/img/v1/images/_mzs___mid__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas_logo_1.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Калі актывізацыя супрацоўніцтва з Іранам лёгка вытлумачальная (ізгоі прыцягваюцца), то прычыны, па якіх ажывіўся палітычны дыялог з Саудаўскай Аравіяй, не такія відавочныя. Між тым, менавіта ў апошнія гады адбыўся першы ў гісторыі раўнд кансультацый паміж МЗС з гэтай краінай. У Эр-Рыядзе з візітам пабываў міністр замежных спраў Беларусі.
У Азіі ў афіцыйнага Мінска таксама не ўзнікла праблем з прызнаннем. Нават такія краіны, як Японія і Паўднёвая Карэя, якіх можна аднесці да партнёраў заходняга свету, камандзіравалі паслоў, каб тыя ўручылі даверчыя граматы Аляксандру Лукашэнку. Хоць трэба сказаць, што пры гэтым ні Токіа, ні Сеул не фарсіруюць супрацоўніцтва.
Пра СНД і гаварыць асабліва няма чаго. Зразумела, постсавецкая прастора не магла падмануць чаканняў Аляксандра Рыгоравіча. Усё-ткі назіральная місія ад розных інстытутаў садружнасці назірала ў жніўні 2020-га ў Беларусі «сумленныя, адкрытыя, канкурэнтныя выбары». Таму з прыездам новых паслоў праблемы адсутнічаюць.
Складанасці ў адносінах з Арменіяй, якія ўзніклі ў Мінска апошнім часам, звязаныя не з прэзідэнцтвам Лукашэнкі, а з яго неасцярожнымі выказваннямі — непрыемнымі для Ерэвана, але прыемнымі для Баку. Крызіс яшчэ не прайшоў, але беларускі амбасадар, адкліканы было ў Мінск для кансультацый, ужо вярнуўся да выканання сваіх абавязкаў у Арменіі.
Ёсць у ліку паслоў, якія ўручылі даверчыя граматы Аляксандру Лукашэнку, і прадстаўнікі дзяржаў на захад ад Буга. Тут мае сэнс абвясціць увесь спіс дзяржаў: Боснія і Герцагавіна, Ватыкан, Венгрыя, Мальтыйскі ордэн, Сербія і Швейцарыя. Сюды ж можна аднесці Турцыю — як удзельніцу NATO і даўнюю кандыдатку на ўступленне ў ЕС. Не густа — у параўнанні з тым, што было да 2020-га, — але і зусім не пуста. Тым больш, што гэты спіс мае тэндэнцыю да пашырэння.
Глядзіце таксама
![Перамовы Мінска і заходніх краін як шанец вызваліць палітвязняў «Пазвані мне, пазвані...». Ці можа Захад дастаць палітвязняў з беларускіх турмаў?](/img/v1/images/warszawa6_bk.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1725007395&w=660)
Усё гэта дазваляе гаварыць пра міжнародную ізаляцыю рэжыму хутчэй як пра эфектную фігуру маўлення, чым пра нешта рэальна існуючае і суцэльнае.
Пры гэтым фізічная ізаляцыя Беларусі з боку Захаду сапраўды ўдалася. Прынамсі, калі мець на ўвазе плот і колькасць дзеючых памежных пераходаў.
Здаецца, што варта было чакаць чагосьці падобнага ад рэжыму, які, паводле законаў аўтарытарна-таталітарнага жанру, павінен агароджваць сябе ад «тлятворнага ўплыву» Захаду і яго носьбітаў, але выйшла чамусьці наадварот. Парадокс, але шлагбаўмы апусціліся па той бок мяжы, пазначыўшы цень новай «жалезнай заслоны» адтуль, адкуль яго не чакалі. Гэта спісваецца на міграцыю і на вайну, але такія меры ні ад аднаго, ні ад другога не абараняюць.
У выніку Лукашэнка, які выкарыстоўвае кожную цырымонію ўручэння даверчых грамат для таго, каб данесці да замежных сталіц сваю версію падзей, мае магчымасць не хітраваць, калі расказвае, што «дзверы нашага дома заўсёды застаюцца адчыненымі». Усё-ткі бязвізавы рэжым для грамадзян 35 еўрапейскіх дзяржаў, уведзены Мінскам гэтым летам, — гэта моцны аргумент на фоне плота.