Ці застанецца Мінск гульцом на міратворчай арэне?

Перамовы Нармандскай чацвёркі не далі станоўчых вынікаў. Ці мае шанц Беларусь захаваць статус перамоўнай пляцоўкі? Пра гэта разважае эксперт Аналітычнага цэнтру «Стратэгія» палітолаг Валеры Карбалевіч.

miratvorac.jpg


— Нейкая пляцоўка для перамоў патрэбна. Прычым, пляцоўка нейтральная. Яна не можа быць ні на тэрыторыі Расіі ці Украіны, яна мусіць быць у іншым месцы. Досвед паказвае, што перамовы могуць праходзіць у іншых месцах — яны былі, да прыкладу, у Берліне, і Мінск — толькі адзін з варыянтаў. Калі да лютага 2015 года лічылася, што Мінск — гэта адзіны і безальтэрнатыўны варыянт, то сёння існуюць і іншыя варыянты. Перамовы могуць працягвацца ў тым жа Берліне. Таму Мінск захоўваецца як адна з магчымых пляцовак, але не адзіная. Хоць ва Украіне раздаюцца іншыя галасы. Надоячы міністр замежных спраў Украіны Клінкін нібыта абверг усе гэтыя кіеўскія галасы і падкрэсліў, што Украіна працягвае лічыць Мінск такой пляцоўкай.

— Якую ролю адыгрывае Мінск у гэтым працэсе? 

— Гэта толькі месца, дзе адбываюцца перамовы. Мінск не з’яўляецца пасярэднікам, удзельнікам, мадэратарам, бо беларускія афіцыйныя асобы ніякім чынам не ўдзельнічаюць у саміх перамовах. Мінск — гэта толькі ПЛЯЦОЎКА, зручная для ўсіх удзельнікаў перамоў, і не больш за тое. Хаця з гэтага факта беларускія ўлады спрабуюць зрабіць вялікі піяр і гэтую ролю перабольшыць.

На гэтай базе беларускія ўлады імкнуцца прэтэндаваць на тое, каб афіцыйны Мінск стаўся нейкім універсальным месцам для ўрэгулявання ўсіх існуючых канфліктаў. Лукашэнка на мінулым тыдні, калі сустракаўся з дэлегацыяй еўрапейскіх палітыкаў, казаў, што Мінск можа быць месцам урэгулявання канфліктаў паміж Расіяй і Захадам.

Раней беларускія афіцыйныя асобы казалі, што гатовы прадставіць месца для ўрэгулявання канфлікту паміж Расіяй і Турцыяй, паміж Азербайджанам і Іранам. Лукашэнка, вяртаючыся ад Папы рымскага, чарговым разам прапанаваў, каб Мінск стаўся месцам перамоў паміж Пантыфікам і Патрыярхам Кірылам. То бок, на гэтай базе пабудаваная цэлая канцэпцыя, але я думаю, што гэтая канцэпцыя некалькі перабольшана. Пакуль Мінск захоўвае толькі сваё месца пляцоўкі для перамоў па ўрэгуляванні ўкраінскага крызісу, і на гэтым усё.

karbalevicz.jpg


— А навошта Лукашэнку ўвогуле ўмешвацца ў пытанні ўрэгулявання іншых крызісаў, у тым ліку і Карабахскага?

— Лукашэнка заўжды прэтэндаваў на ролю палітыка сусветнага маштабу. Ён прапаноўваў рэалізаваць глабальныя праекты, яму цесна ў межах Беларусі. Другі момант — Лукашэнка вельмі любіць апынуцца ў цэнтры ўвагі сусветных СМІ, нават калі для гэтага няма істотных падстаў. Але ён усяляк спрабуе пад рознымі падставамі аказацца ў такой сітуацыі. І ў рэшце рэшт, месца, дзе адбываюцца важныя палітычныя перамовы, дало б пэўныя палітычныя дывідэнды Беларусі, калі б яна стала новай “Жэневай” і гэтак далей. У пэўнай ступені гэта выгадна.

— На каго разлічаны такія памкненні Лукашэнкі — на знешні палітычны рынак ці на ўнутранага спажыўца?

— І тое, і другое тут мае месца. Унутры Беларусі гэты чыннік працуе на тое, што Лукашэнка — аўтарытэтны палітык у міжнародных маштабах, прызнаны іншымі дзяржавамі. А на знешнім рынку гэта таксама прыносіць пэўныя дывідэнды, і размарожванне адносін Беларусі з Захадам у пэўнай ступені стала магчымым у выніку таго, што Мінск стаўся такім цэнтрам урэгулявання ўкраінскага канфлікту.

— Мы кажам пра памкненні Лукашэнкі нармалізаваць стасункі з Захадам. І ў той жа час апошнімі днямі мы назіраем за інфармацыяй пра расстрэлы асуджаных на смяротнае пакаранне, што выклікае хвалю абурэння ў Еўропе. Як гэта ўсё спалучаецца?

— Гэта прынцыповая пазіцыя афіцыйнага Мінска, што ў дадзеным пытанні мы не саступім ніякаму ціску, ніякім пажаданням Захада, бо для беларускага лідара гэтае пытанне прынцыповае. Маўляў, прымайце нас такімі, якія мы ёсць. На тыя саступкі, на якія Беларусь магла пайсці па вызваленні палітвязняў, яна пайшла, а далей Беларусь ісці не збіраецца, так што ў гэтым сэнсе тут нічога не змянілася.

narmanskaja_czacvjorka.jpg

Адзінае, на што я хацеў бы звярнуць увагу ў плане ролі Беларусі як міратворцы, дык гэта на часам неўклюдныя дзеянні беларускай дыпламатыі. Напрыклад, калі абвастрыўся канфлікт паміж Арменіяй і Азербайджанам, беларускі МЗС выступіў з заяваю, што Мінск гатовы быць пасярэднікам. Але заява, дзе казалася пра захаванне тэрытарыяльнай цэласнасці, была такая няўклюдная, што Арменія выступіла з дэмаршам, выклікала беларускага амбасадара і ўручыла яму пратэст, і сама ідэя Беларусі як міратворца ў гэтым пытанні рассыпалася ў пыл.

Нешта падобнае адбылося і зараз з гэтай злашчаснай рэзалюцыяй па Крыме ў ААН. Беларусь магла зрабіць усё больш тонка — не ўдзельнічаць у галасаванні ці проста прагаласаваць “не”.

Але Беларусь зрабіла два глупствы. Па-першае, яна спрабавала ўвогуле адмяніць гэтую рэзалюцыю. Па-другое, прэсавы сакратар МЗС Мірончык пракаментаваў гэта так, што, маўляў, Беларусь заўжды выступала супраць асобных краінавых рэзалюцыяў. І тут Беларусь патрапіла ў пастку, бо ўзнікае пытанне: калі разглядаецца рэзалюцыя па Крыме, то пра якую краіну ідзе гаворка? Вынікае, што гаворка ідзе пра Расію, і Беларусь вызнае Крым як частку Расіі. Але ж Беларусь дагэтуль увогуле адмаўлялася адказваць на гэтае пытанне і канкрэтна ў ім вызначацца. Менавіта ў гэтым і была сутнасць нейтралітэту.

Калі б Мірончык прамаўчаў, было б лепей. Бо менавіта на падставе яго слоў у Вярхоўнай Радзе Украіны было пастаўлена пытанне, што Беларусь больш не можа быць месцам перамоў, таму што Беларусь ужо больш не нейтральная. Пакуль  беларуская дыпламатыя яшчэ не навучылася тонка іграць у адпаведнасці са статусам міратворцы і ўвесь час трапляе ў нейкія дурныя сітуацыі проста з прычыны элементарнай няўклюднасці.