Улады дазволілі правесці ў Мінску «Народны альбом» з Вольскім і Вайцюшкевічам

Мінгарвыканкам выдаў гастрольнае пасведчанне на «Народны альбом». Канцэрт адбудзецца ў клубе Prime Hall 24 лютага. Пра гэта Еўрарадыё паведаміў арганізатар імпрэзы Уладзімір Шаблінскі, кіраўнік канцэртнага агенцтва «Шаблі».

naralb.jpg


«Дазвол на мерапрыемства атрыманы, дамова арэнды падпісаная яшчэ месяц таму. Агенцтва «Шаблі» і я асабіста ўдзячныя галоўнаму ўпраўленню па справах культуры і моладзі Мінгарвыканкама за разуменне сітуацыі ў развіцці беларускай культуры і кіраўніцтву гандлёвага цэнтра «Замак», якое валодае пляцоўкай Prime Hall».
Па словах Шаблінскага, альбом будзе ўзноўлены па магчымасці ў першапачатковым выглядзе і пры ўдзеле тых музыкаў, якія запісвалі і выконвалі яго 20 гадоў таму. А гэта Лявон Вольскі, Зміцер Вайцюшкевіч, Кася Камоцкая, Аляксандр Памідораў і іншыя.

gastrolka.jpg


«Народны альбом» — першы супольны праект беларускіх музыкаў, рэалізаваны ў 1997 годзе. Альбом, прысвечаны жыццю беларуска-польскага памежжа напярэдадні Другой Сусветнай вайны. Ён складаецца з 27 песень, некаторыя з якіх: «Маладое піва», «Край ты мой, край», парадыйныя «Дарагія маі масквічы», акапэльная «Надзенька», «Простыя словы» — сталі хітамі і пайшлі «ў народ».
Праз тое, што з сярэдзіны 2000-х N.R.M., Зміцер Вайцюшкевіч, Аляксандр Памідораў і іншыя беларускія музыкі некалькі разоў траплялі ў «чорныя спісы», «Народны альбом» не гралі ў Беларусі больш за 10 гадоў. 4 верасня 2016 года канцэрт, прысвечаны 20-годдзю альбома, адбыўся ў Беластоку.


Паводле euroradio.fm