Чалы: Калі глядзець на ўладу доўгімі перспектывамі, разумееш, што ў іх засталося вельмі няшмат часу
Аналітык Сяргей Чалы — аб прыкметах страху рэжыму.

Скрыншот з ютуб-канала «Ноч з Чалым»
— Такога
кшталту рэжымы, якія спрабуюць надзімаць шчокі і распавядаць пра сябе, якія яны
ўстойлівыя і што з імі ніхто ніколі нічога не зробіць, насамрэч вельмі слабыя.
Гісторыя з Чаўшэску была не пра тое, што раптам здарылася нейкае паўстанне.
Гэта гісторыя пра тое, што ты не можаш кантраляваць усё, ты не ведаеш адкуль
прыляціць, — цытуе
аналітыка «Салідарнасць» са спасылкай на аўтарскую праграму «Ноч з Чалым».
Аналізуючы апошнія падзеі, Сяргей Чалы прыводзіць прыклады, якія вельмі красамоўна паказваюць на сур'ёзныя хваляванні ў праўладных шэрагах.
— Яны рыхтуюцца да выбараў, як да спецаперацыі. Міністр МУС Кубракоў распавядае, што кожны выбарчы ўчастак і прылеглая тэрыторыя будуць старанна кантралявацца: «У выпадку найменшай небяспекі будуць замацаваныя групы хуткага рэагавання. Акрамя таго, будуць устаноўлены кнопкі трывожнай сігналізацыі».
Я яшчэ разумею, для чаго можа спатрэбіцца група хуткага рэагавання, але ўявіць сабе сітуацыю, калі на выбарчым участку можа спатрэбіцца трывожная кнопка, не магу. Гэта не банк, не абменны пункт, што павінна адбывацца пасля яе націску — ралеты апускаюцца і людзі ў кабінках блакуюцца?
Чалы лічыць, што, пастаянна змяняючы апошнім часам заканадаўства, беларускі кіраўнік спрабуе сябе псіхалагічна супакоіць і пераканаць у тым, што ў яго ёсць пэўныя гарантыі бяспекі. Аднак сама сістэма, створаная Лукашэнкам, супярэчыць наяўнасці якіх-небудзь гарантый, у тым ліку і для яго самога.
— Лукашэнка ў пачатку года падпісаў папраўкі ў закон аб прэзідэнце, у якім з'явілася цэлая новая глава. Але насамрэч гэты кіраўнік крэатыўна развівае ўсяго адзін радок, які сапраўды закладзены ў Канстытуцыі: «Прэзідэнт РБ валодае недатыкальнасцю».
Раней гаворка ішла аб дзеючым прэзідэнце і недатыкальнасці на перыяд выканання ім яго паўнамоцтваў. Новая глава гучыць так: «Забеспячэнне гарантый прэзідэнту, які спыніў выкананне сваіх паўнамоцтваў, і членам яго сям'і».
А менавіта: «Прэзідэнт, які спыніў выкананне сваіх паўнамоцтваў, і члены яго сям'і не могуць быць прыцягнутыя да адказнасці за дзеянні, учыненыя ў сувязі з ажыццяўленнем ім прэзідэнцкіх паўнамоцтваў».
Глядзіце таксама

Тут ёсць два моманты. Па-першае, хто гарантуе недатыкальнасць? Адна справа, калі табе яе абяцаюць палітычныя апаненты ці проста нейкая асобная іншая галіна ўлады. Зусім іншая справа, калі ты сам сабе выпісваеш індульгенцыю. Гэта практычна адначасова-і ліцэнзія на злачынства, і чыстасардэчнае ў іх прызнанне.
І другое: калі законам спецыяльна прапісваецца забарона на крымінальны пераслед дзяцей за злачынствы, учыненыя бацькам, гэта кажа пра тое, што ён выдатна разумее, як на самай справе ідуць справы ў прававой сістэме краіны.
Гэта значыць, прыдумаць такую забарону магчыма толькі ў тым выпадку, калі падобны пераслед досыць шырока распаўсюджаны. Таму яго і трэба забараняць. І мы сапраўды ведаем масу такіх прыкладаў.
Трэба разумець, што гэта не першая спроба, якую Лукашэнка робіць заканадаўча, думаючы пра тое, што можа быць пасля яго. І вось на гэтым шляху ён нечакана выявіў, што ў той сістэме, якую сам выбудаваў, ні адна гарантыя не працуе.
Таму што паўстае вельмі простае пытанне: калі ты ўсё зрабіў такім чынам, што чалавек, які знаходзіцца ва ўладзе, можа прыняць абсалютна любое рашэнне, колькі часу спатрэбіцца новаму, хто зойме гэтае месца, каб зразумець, што ён не звязаны ніякімі абавязацельствамі?
Усё, што яны цяпер спрабуюць прыдумляць, усю гэтую гісторыю перабудовы прававой сістэмы — гэта пра тое, як нам, перастаўшы адказваць за тое, што мы нарабілі, усё роўна працягваць кантраляваць. Але так не працуе. Няма такога спосабу.
Калі пачынаеш глядзець на іх доўгімі перспектывамі, разумееш, што ў іх засталося вельмі няшмат часу. І тое, што нам здаецца жахлівым, насамрэч ёсць сілавая адміністрацыйная сутарга ў спробе зачапіцца за тое, што паравоз гісторыі сыходзіць, — заключае Чалы.