Чым атака на журналістаў можа стаць для Беларусі?

Напярэдадні працягнуліся ператрусы ў незалежных выданнях, у кватэрах журналістаў, канфіскацыя тэхнікі і допыты супрацоўнікаў СМІ ў Следчым камітэце па так званай «Справе БЕЛТА».





З’явіўся новы затрыманы. Міжнародная супольнасць ужо пачала заяўляць пратэсты беларускім уладам з нагоды іх дзеянняў у дачыненні да незалежных СМІ і асобных журналістаў.
Як гэтыя дзеянні могуць адбіцца на Беларусі ў цэлым? На думку палітолага Андрэя Казакевіча, многае будзе залежаць ад таго, як далей будуць развівацца падзеі і ці адбудзецца дээскалацыя сітуацыі.
— Мы не кожны год бачым нейкія крокі па змякчэнні сітуацыі, нейкія крокі па вяртанні да старых практык. Але асаблівасцю апошніх некалькіх гадоў было тое, што наступалі моманты дээскалацыі. Усе гэтыя дзеянні нейкім чынам спыняліся і не мелі сур’ёзных наступстваў, у дадзеным выпадку, для журналістаў, а магло быць і ў дачыненні да грамадзянскіх актывістаў і гэтак далей, — адзначае эксперт.
Беларускія ўлады маюць права і магчымасць так рабіць — прымаць нейкія захады без істотных для сябе наступстваў, пры гэтым разумеючы, што важна гэтую сітуацыю не зацягваць, лічыць палітолаг. І дапаўняе:
— Калі такія дзеянні будуць працягвацца і прымуць сістэмны характар, то гэта можа мець істотныя негатыўныя наступствы для ўзаемадзеяння Беларусі, перш за ўсё, з Захадам.
У той жа час эксперт не пажадаў займацца канспіралогіяй і асцярожна ставіцца да гісторый пра тое, што сілавікі рвуцца да ўлады.
— Пакуль не відавочна, што справакавала дадзены канфлікт, — кажа Андрэй Казакевіч.
На яго думку, міжнародная супольнасьць можа паўплываць на сытуацыю, асабліва што тычыцца цяперашніх дзеянняў уладаў у дачыненні да незалежных журналістаў.
— Нядаўняя гісторыя паказвае, што яна здольна ўплываць на тактыку ўладаў. Калі будзе занятая вельмі выразная пазіцыя, перш за ўсё ўрадамі і амбасадамі заходніх краін, структурамі Еўразвяза, то гэта будзе сур’ёзны абмежавальнік і паставіць пэўныя рамкі ў дзеяннях сілавых структур, — не выключае аналітык. — Прынамсі, мы ведаем, што такі механізм быў дзейсным у апошнія гады.
Адзначым, што Савет Еўропы і некаторыя іншыя міжнародныя арганізацыі ўжо негатыўна адрэагавалі на падзеі, звязаныя з ператрусамі і затрыманнямі журналістаў. Таксама офісы TUT.BY і БелаПАН у сераду наведалі прадстаўнікі Еўрасаюза і пасольстваў некаторых заходніх краін.
Паводле Заўтра тваёй краіны