Deutsche Welle запатрабавала неадкладнага вызвалення свайго беларускага карэспандэнта Паўла Быкоўскага

Мэдыякампанія Deutsche Welle запатрабавала ад беларускіх уладаў неадкладна вызваліць свайго карэспандэнта Паўла Быкоўскага, затрыманага ў Мінску 8 жніўня супрацоўнікамі Следчага камітэту ў рамках т. зв. «справы БелТА», паведамляе Радыё Свабода.

bykowski.jpg

Адпаведны пратэст накіраваны паслу Беларусі ў Нямеччыне Дзянісу Сідарэнку, паведамляе БелаПАН.
Deutsche Welle чакае, што ў дачыненні да акрэдытаваных у Беларусі журналістаў будзе прымяняцца «падыход, заснаваны на прынцыпах прававой дзяржавы».
Быкоўскі быў дастаўлены ў СК пасля ператрусу ў ягонай кватэры, падчас якога канфіскаваныя кампутары, планшэты, тэлефоны, USB-назапашвальнікі ды іншая тэхніка рэпарцёра.

bykowski_2.jpg

З заклікам «устрымацца ад непрапарцыйных дзеянняў супраць журналістаў» да беларускіх уладаў звярнулася МЗС Нямеччыны.

Затрыманні незалежных журналістаў. Што важна ведаць

  • Раніцай 7 жніўня супрацоўнікі Следчага камітэту прыйшлі з ператрусамі ў офісы інтэрнэт-парталу Tut.by і інфармацыйнага агенцтва БелаПАН, а таксама ў кватэры журналістаў гэтых кампаній.
  • Затрымалі 10 журналістаў гэтых выданняў. Пяцярых журналістаў – Ульляну Бабаед, Людмілу Чэкіну, Яўгенію Беразюк, Дзмітрыя Бобрыка і Андрэя Сераду – пасля допыту ўвечары ў аўторак адпусцілі. Яшчэ 5 чалавек застаюцца затрыманымі: Тацяна Каравянкова з БелаПАН, Марына Золатава, Ганна Калтыгіна, Ганна Ермачонак і Галіна Ўласік з Tut.by.
  • Следчы камітэт завёў крымінальную справу за несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі. Паводле ч. 2 арт. 349 гэта караецца штрафам, арыштам на тэрмін ад трох да шасці месяцаў, ці абмежаваннем волі на тэрмін да двух гадоў, або пазбаўленне волі на той жа тэрмін.
  • 8 жніўня па гэтай жа «справе БелТА» дапыталі 4 супрацоўнікаў парталу Realt.by Ігара Хмару, Марыю Сароку, Алену Маслоўскую і Ўладзіслава Кулецкага, а таксама рэдактара сайту газэты «Беларусы і рынак» Аляксей Жукаў. Таксама следчыя прыйшлі з ордэрам журналіста-фрылансера, палітычнага аглядальніка Паўлюка Быкоўскага. Супрацоўнікаў Realt.by пасля допыту адпусцілі, Жукаву і Быкоўскаму далі статус падазраваных і затрымалі на трое сутак.
  • 8 жніўня прайшоў ператрус у дзяржаўнай газеце «Культура». Сьледчыя правяралі рэдакцыйныя кампутары. Ніхто з супрацоўнікаў не затрыманы.
  • Падставай для завядзення крымінальнай справы паслужыла паведамленне БелТА пра збоі ў кліентаў пры доступе да платнай падпіскі на паслугі.
  • Платная падпіска БелТА каштуе 612 рублёў на месяц.
  • Ператрусы ў беларускіх рэдакцыях і затрыманні журналістаў ужо асудзілі Рада Еўропы, міжнародная арганізацыя «Рэпарцёры бязь межаў», «Беларуская асацыяцыя журналістаў», Праваабарончы цэнтр «Вясна» і Беларускi ПЭН-Цэнтар, а таксама вярхоўны прадстаўнік ЕЗ у пытаннях знешняй палітыкі і палітыкі бяспекі Фэдэрыка Магерыні.
  • У чэрвені 2018 году супраць кіраўніка БелаПАН Алеся Ліпая завялі крымінальную справу за ўхіленне ад сплаты падаходнага падатку.