Датэрміновыя выбары прэзідэнта: каму і навошта гэта трэба

Лідэры беларускай апазіцыі раскрытыкавалі прапанову Ліберальна-дэмакратычнай партыі аб правядзенні датэрміновых прэзідэнцкіх выбараў у сакавіку-красавіку 2015 года. 



vybary_2015.jpg

У ЛДП, нагадаем, лічаць, што выбары вясной — аптымальны варыянт, паколькі гэта павялічыць яўку выбаршчыкаў на ўчасткі для галасавання. Партыя прыняла адпаведны зварот да Аляксандра Лукашэнкі, парламенту і Цэнтрвыбаркаму. Паводле заканадаўства, чарговыя выбары прэзідэнта Беларусі павінны адбыцца восенню 2015 года. Гэта значыць, ініцыятары прапануюць правесці іх на паўгода раней. 
«Я думаю, прэзідэнт зацікаўлены, і мы зацікаўлены ў тым, каб максімальная колькасць выбаршчыкаў прыняла ўдзел у выбарах. Наш кандыдат у гэтым выпадку атрымае больш галасоў, — сказаў у каментары для Naviny.by намеснік старшыні ЛДП Алег Гайдукевіч. — Восень — гэта збор ўраджаю, закрыццё дачнага сезону. Пакуль добрае надвор'е, усе будуць ездзіць на дачы. А самая максімальная колькасць выбаршчыкаў будзе вясной. Па-першае, настрой будзе ва ўсіх добры. Людзям будзе цікава менавіта выбарамі займацца ў гэты вясенне-зімовы перыяд, глядзець агітацыю, выступленні кандыдатаў». 
«З выбарамі 2015 усё ясна: усе кандыдаты вядомыя, эканамічная, палітычная абстаноўка вядомая, — агітуе далей за прапанову сваёй партыі Гайдукевіч-малодшы (яго бацька Сяргей Гайдукевіч з'яўляецца старшынёй ЛДП). — Кандыдатамі будуць Сяргей Гайдукевіч, Лукашэнка і, як толькі выбары абвесцяць, апазіцыя паскорыцца, правядуць на гэтым жа тыдні свой ​​кангрэс (мы іх нават паскорым гэтым) і будзе кандыдат ад апазіцыі. Можа, яны паміж сабой не дамовяцца, тады пойдзе два кандыдаты ад апазіцыі. Мы не верым, што будзе хтосці яшчэ. Цягнуць мы не бачым сэнсу». 
А што думаюць на гэты конт апазіцыйныя палітычныя сілы? Naviny.by звярнуліся па каментары да лідэраў найбуйнейшых партый.
Старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі (АГП) Анатоль Лябедзька назваў гэтую ініцыятыву «пустой як піянерскі барабан». «Такое наіўна-дзіцячае жаданне падыграць уладзе. Гэта бессэнсоўна ў беларускіх умовах — як быццам час правядзення альбо колькасць выбаршчыкаў нейкім чынам уплывае на вынікі выбараў. Калі б гэта ні праводзілася, усё прадвызначана», — лічыць лідэр АГП. 
На думку апазіцыянэра, калі і ініцыяваць штосці на тэму выбараў, то гэта павінна быць звязана са змяненнем заканадаўства і правапрымяняльнай практыкі падчас выбарчых кампаній. «Гэта хоць бы на паўкроку наблізіла б Беларусь да стандартаў АБСЕ ў правядзенні сумленных і свабодных выбараў. Усё астатняе — альбо слоўнае шалупінне, альбо танны подыгрыш уладзе»,  —  перакананы А. Лябедзька. 
Лідэр грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Уладзімір Някляеў не верыць, што гэтая ідэя ўзнікла «у нетрах Ліберальна-дэмакратычнай партыі ці персанальна ў галовах Гайдукевіча-старэйшага або Гайдукевіча-малодшага». «Пра магчымасць такога рашэння ўлады і я, і іншыя прадстаўнікі апазіцыі казалі ўжо не раз. Таму я перакананы, што менавіта рашэнне ўлады агучана прадстаўнікамі ЛДП», — падкрэсліў Някляеў. 
Паводле яго слоў, Беларусь у гэтым пытанні ідзе следам за усходняй суседкай. «Як у Расіі Жырыноўскі і яго партыя з'яўляюцца рупарам, праз які абвяшчаюцца папярэднія рашэнні пуцінскай адміністрацыі, так і ў Беларусі вырашана зрабіць ЛДП і яе лідэраў такім жа рупарам, — лічыць старшыня «Гавары праўду». — Сама ідэя дрэнная не толькі для апазіцыі, але і для ўлады, таму што яна паказвае няўпэўненасць Лукашэнкі, яго страх перад выбарамі, нягледзячы на ўсе дасягненні ў «росквіце і стабільнасці» Беларусі». 
Палітык таксама мяркуе, што ўладзе могуць быць выгадныя датэрміновыя прэзідэнцкія выбары, пакуль эканамічная сітуацыя ў краіне адносна стабільная. 
«Дастаткова танным спосабам піяру» назваў прапанову ЛДП лідэр партыі БНФ Аляксей Янукевіч: «Відавочна, што такая заява прыцягвае ўвагу грамадскасці. Ужо і ў гэтым можа быць яе сэнс». 
«На сённяшні момант ёсць пэўная верагоднасць, на мой погляд, невялікая, што выбары пройдуць датэрмінова. Мне здаецца, што гэта спроба адгадаць. Калі гэта апынецца верным прагнозам, то можна будзе на ім рабіць піяр, калі не — заўсёды можна растлумачыць, чаму так не здарылася. Я не думаю, што гэта нешта большае, чым просты інфармацыйны ўкід», — адзначыў Янукевіч. 
Палітолаг Валерый Карбалевіч таксама даволі скептычны: «Гэта заява ліберал-дэмакратаў не варта выедзенага яйка, каб яе абмяркоўваць. Што тычыцца самой ідэі, то я не вельмі разумею, навошта гэта трэба ўладзе. Хіба ёсць нейкая пагроза? Ці апазіцыя пачала вельмі магутна працаваць? Уладзе ж няма сэнсу мітусіцца і дэманстраваць усім, што яна мітусіцца».
naviny.by