БНФ — хоць разарвіся

Агранізатары «Кангрэсу за незалежнасць Беларусі» падставілі Партыю БНФ. Не ўдзельнічаць у ім БНФ не можа па-вызначэнні, а ўдзельнічаць у ініцыятыве з непрадказальнымі вынікамі не надта хочацца.



bnfemblem_logo.jpg

Сойм Партыі БНФ, які прайшоў 30 жніўня ў Мінску, — апошні перад маючым адбыцца з'ездам партыі. На ім не толькі падбіваліся вынікі працы, але і планаваліся дзеянні ПБНФ на наступны, напружаны 2015 год — год прэзідэнцкіх выбараў. У гэтым сэнсе наконт партыі можна не хвалявацца: якім бы ні быў вынік з'езду, якое б кіраўніцтва на ім не абралася, партыя будзе працаваць у рэчышчы вызначанай стратэгіі.

Напачатку Сойму, як выразіўся лідэр ПБНФ Адляксей Янукевіч, «невядомыя зладзілі невялічкі флэш-моб». Некаторыя крэслы ў залі пасяджэння былі «забраніяваныя» таблічкамі з надпісам: «Месца для жанчыны». Спачатку жартавалі пра тое, што партыя нарэшце звяртае ўвагу на пытанні гендэрнай роўнасці. Некаторыя пабачылі ў гэтым лозунг «Жанчыну — ў прэзідэнты!», ці хаця б у кіраўнікі партыі. Хутчэй жа за ўсё, гэта быў намёк: на Сойме павінна было быць абмеркаванае пытанне пра наступны склад гэтага Сойму. А жанчын у гэтым кіраўнічым органе — на пальцах адной рукі можна пералічыць. Гэткае ненавязлівае нагадванне пра хібы ў кіраўніцтве.

stul_logo.jpg

Нягледзячы на гэта, спрэчкі ў асноўным адбываліся па пытаннях наступных прэзідэнцкіх выбараў.

Аляксей Янукевіч найперш даклаў, што перамовы пра Кангрэс дэмакратычных сілаў і выбранне на ім адзінага кандыдата ад апазіцыі ідуць, але, на ягоную думку, хутка скончацца. На апошнім пасяджэнні «сямёркі" палітычных суб'ектаў абмяркоўвалася прапанова Мікалая Статкевіча па вылучэнні кандыдатам у прэзідэнты палітвязня, — хоць бы і самога Статкевіча, і аб далейшым байкоце выбараў. «Пры ўсёй павазе да Мікалая Віктаравіча, гэтая прапанова была адхіленая, — паведаміў Янукевіч. — Вылучаць кандыдатам у прэзідэнты чалавека, які не мае магчымасці нават зарэгістраваць ініцыятыўную групу па зборы подпісаў — гэта значыць самаўхіліцца ад прэзідэнцкай кампаніі. Размова ідзе сапраўды пра самаўхіленне, нават не пра байкот».

Сапраўды, кандыдат у прэзідэнты павінен асабіста перадаць у ЦВК спіс сябраў ініцыятыўнай групы, пра што Мікола Віктаравіч не падумаў. Палітвязня ж з турмы на пасяджэнне ЦВК наўрад ці хто выпусціць.

Па словах Янукевіча, 9 верасня павінен адбыцца новы раўнд перамоваў у межах «сямёркі". Палітыкі «амаль дамовіліся» пра працэдуру вылучэння дэлегатаў на Кангрэс дэмакратычных сіл (КДС), і, магчыма, да з'езду партыі гэтая працэдура ўжо будзе вызначаная. А значыць, трэба будзе думаць над «персаналіяй» магчымага адзінага кандыдата ў прэзідэнты ад дэмакратычных сілаў.

Зразумела, БНФ падтрымае толькі адну кандыдатуру — кандыдатуру, якая будзе стаяць на пазіцыях захавання незалежнасці Беларусі і на нацыянальна-дэмакратычных каштоўнасцях. Партыя БНФ будзе вылучаць такога прэтэндэнта на «адзінага». Калі ён не з'явіцца сам, то на з'ездзе партыі ягоным удзельнікам будуць прапанаваныя некалькі кандыдатураў з тых, хто заявіў аб сваіх прэзідэнцкіх амбіцыях, і адпавядае крытэру «дэмакрата-незалежніка». А там ужо дэлегаты з'езду абяруць прэтэндэнта рэйтынгавым галасаваннем.

У тым, што на КДС абяруць менавіта такую кандыдатуру, амаль ніхто не сумняваўся, да тае пары, пакуль не ўзнікла пытанне: «А што будзем рабіць, калі КДС абярэ іншага?». Але і на гэтае пытанне знайшоўся адказ. Тады ПБНФ паспрабуе перацягнуць на свой бок нацыянальна-дэмакратычныя сілы, і будзе яшчэ адзін «адзіны кандыдат», але ўжо ад нацыянальна-дэмакратычных сілаў.

Усё гэта выглядала добра і спланавана да тых часоў, пакуль Янукевіч на паведаміў. Што атрымаў запрашэнне паўдзельнічаць у аргкамітэце па скліканні «Кангрэсу за незалежнасць Беларусі" (КНБ). Пры гэтым ён зазначыў, што такія ж запрашэнні атрымалі і шэраг іншых нацыянальна-дэмакратычных арганізацый. І некаторыя з іх — напрыклад, «Беларуская хрысціянская дэмакратыя», ад такога ўдзелу ўжо адмовіліся.

Сапраўды, што вядома пра КНБ? Вядома, што гэтая ініцыятыва ўзнікла ў «інтэлігенцкіх колах»: яго правядзенне падтрымалі Таварыства беларускай мовы і Рада інтэлігенцыі. Вядома, што запрашэнне Янукевічу ад імя ініцыятараў КНБ падпісала Алена Анісім, якая выказала намер балатавацца кандыдатам у прэзідэнты. Бадай, гэта ўсё. «Уцямна акрэсленай ідэі правядзення гэтага кангрэсу, дзеля чаго ён праводзіцца і па якіх пытаннях, павесткі дня, — я не ведаю» — зазначыў Янукевіч.

janukevich1_logo.jpg

Аляксей Янукевіч заклапочаны не пераабраннем на пасаду старшыні партыі, а «выклікам КНБ»

Не ўдзельнічаць у «Кангрэсе за незалежнасць Беларусі" партыя папросту не можа. Старэйшая партыя, якая заўсёды выступала за незалежнасць Беларусі, якая, лічы, гэту незалежнасць стварыла і яе дамаглася, якая заўсёды выступала ў абарону незалежнасці і гэтак далей, адмовілася ад удзелу ў Кангрэсе за незалежнасць — як гэта будзе выглядаць? Выглядаць гэта будзе, скажам шчыра, вельмі кепска.

А калі КНБ будзе «праціскаць» Анісім кандыдатам у прэзідэнты? Альбо ПБНФ «падпісваецца» за Анісім, што будзе дрэнна выглядаць у межах дамоўленасцяў з «сямёркай», і з «братэрскімі арганізацыямі" кшталту БХД. Альбо ПБНФ заяўляе на КНБ, што не падтрымлівае Анісім, і ў «Кангрэсе за незалежнасць», які мае прадэманстраваць аб'яднанне нацыянальна-дэмакратычных сілаў, адбываецца раскол. І «раскольнікамі" з'яўляецца, як ні круці, Партыя БНФ. Гэта яшчэ горай, чым «пракінуць» дамоўленасці ў межах падрыхтоўкі КДС: «сямёрка» хаця б зразумее і прабачыць…

На думку намесніка старшыні ПБНФ Ігара Лялькова, нават простае абмеркаванне «кандыдата ў прэзідэнты ад КНБ» на гэтым мерапрыемстве падзеліць незалежніцкія сілы як мінімум на два лагеры: на тых, хто такую кандыдатуру (безадносна, Анісім гэта будзе, ці не) падтрымлівае, і на тых, хто яе не падтрымае. І замест дэманстрацыі адзінства ў абароне незалежнасці мы атрымаем раскол у незалежніцкіх сілах.

Да таго ж, з адмовай БХД становіцца зразумела, што не ўсе нацыянальна-дэмакратычныя сілы будуць удзельнічаць у Кангрэсе. А без іх «незалежніцкі блок» не поўны, што таксама ставіць пад сумнеў мэты і задачы КНБ.

Паўстае магутнае пытанне і ў тым, хто будзе ладзіць КНБ? Зразумела, ініцыятарамі выступіла Рада інтэлігенцыі. Але наконт практычных здольнасцяў правесці такое мерапрыемства сіламі адной Рады ў партыйцаў узніклі абгрунтаваныя сумневы. Адна справа — ліст у газету напісаць і «самавылучыцца» у прэзідэнты, іншая справа — распрацаваць парадак вылучэння дэлегатаў на Кангрэс, правесці рэгіянальныя сходы па вылучэнні, дамовіцца з месцам правядзення, аплаціць арэнду залі (што немалаважна), прывезці на кангрэс дэлегатаў, і гэтак далей, і далей… Ды проста раздрукаваць 300 — 500 асобнікаў праграмы і рэзалюцыяў! На ўсё гэта патрэбны час і даволі немалыя сродкі.

Ці не атрымаецца так, што БНФ зробіць усю «чарнавую» працу (зразумела, за кошт іншай патрэбнай і важнай працы), а «вяршкі" з гэтага здыме нехта іншы? Ды яшчэ і абвінаваціць пасля БНФ у «расколе» ды «правале»? І ці не атрымаецца так, што БНФ, замест таго, каб працаваць на прэзідэнцкую кампанію, загразне ў чыста тэхнічнай працы па правядзенні адразу двух мерапрыемстваў: КДС і КНБ? І ўвогуле, ці не разарвецца адзін БНФ на ўсе гэтыя кангрэсы?

А калі нават не разарвецца, ці не надарвецца партыя з такімі высілкамі, што і сілаў на прэзідэнцкую кампанію не застанецца: усе яны ў Кангрэсах скончацца?

У выніку БНФ вырашыў адкласці за з'езду ўсе пытанні. І пытанні КДС, у надзеі, што нешта з ім вырашыцца 9 верасня, і пытанне ўдзелу у КНБ. Вырашана спачатку дэлегаваць у ягоны аргкамітэт прадстаўніка ад БНФ «без права вырашаючага голасу» — каб паглядзець, што там ды як. А пытанне аб тым, як удзельнічаць у КНБ, ужо будзе вырашаць з'езд партыі, які пройдзе праз два тыдні — 13 верасня.