«Гавары праўду!» ірвецца ў бой
Кампанія «Гавары Праўду!» ужо гатовая да прэзідэнцкіх выбараў — хоць зараз. У іх ужо ёсць усё: праграма кандытата, ягоная каманда, і нават перадвыбарчыя штабы. Засталося толькі адно: назваць імя кандыдата ў прэзідэнты.
Усё гэта высветлілася на, здавалася б, сумнай па выгляде прэс-канферэнцыі, афіцыйна прысвечанай вынікам рэгіянальных кампаній актывістаў «ГП!». Актывісты грамадзянскай кампаніі не спалі ў шапку, і займаліся не толькі зборам подпісаў за «Народны рэферэндум». Паралельна ў створаных у межах «Грамадзянскай дамовы» грамадскіх прыёмных ішла праца па дапамозе грамадзянам. Шляхам збору подпісаў, зваротаў у мясцовыя ограны ўлады і да адказных чыноўнікаў актывістам «Гавары Праўду!» удалося вырашыць даволі багата людскі праблемаў. Самых розных: пачынаючы ад інфармавання «сабачнікаў» пра «правільныя» месцы выгула жывёлінак у Полацаку, да стварэння практычна «з нуля» ходнікаў на цэнтральных вуліцах Бялынічаў.
Чым толькі не займаліся актывісты грамадскіх прыёмных! Стварэннем паркавых зонаў, прыборкай ужо існуючых паркаў, дамагаліся ўсталявання светлафораў і пешаходных пераходаў у небяспечных для людзей месцах, «прабівалі» асфвальтаванне двароў і вуліцаў, добраўпарадкоўвалі помнікі салдатам войнаў — як Першай, так і Другой сусветных, адстойвалі існаванне міні-рынкаў, абаранялі вясковую інфраструктуру ад «скарачэнняў» і нават ўзнаўлялі на працы тых, хто быў незаконна яе пазбаўлены. Карацей, паціху — пакрыху ішла праца па паляпшэнні штодзённага жыцця людзей.
Гэтыя «лакальныя» кампаніі паступова перарастаюць у глабальны «задзел на будучыню». Па-першае, дзе-нідзе ўлады пачалі супрацоўнічаць з актывістамі «ГП!». Прыкладам, ЖЭСы і іншыя структуры выдзялялі тэхніку для добраўпарадкавання паркаў у Воршы, а ў Полацку, у выніку «барацьбы за светлафор» прадстаўніка кампаніі ўвогуле ўключылі ў мясцовую «камісію па гарадской мабільнасці» — каб вырашаць, дзе патрэбныя новыя транспартныя развязкі і маршруты тралейбусаў. То бок, кампанія навучылася плцённа працаваць з чынавенствам нізавога ўзроўню.
«Уладам трэба проста нагадваць пра праблемы, і тады яны вырашаюцца», — адзначыла каардынатарка «ГП!» па Магілёўшчыне Аксана Самуйлава.
Аксана Самуйлава: "Уладу трэба проста паварушыць"
Па-другое, зразумела ж, актывісты кампаніі набылі вядомасць у сваіх рэгіёнах, — да іх сталі звяртацца самі людзі. «Калі людзі ў Бялынічах бачылі, што на адной вуліцы мы дамагліся стварэння ходнікаў, да нас адразу ж звярнуліся з той жа праблемай людзі з другой і трэцяй вуліцы. У выніку тры вуліцы мы забяспечылі гэтымі ходнікамі», — сказала тая ж Самуйлава.
Па-трэцяе, як адзначыла слуцкая актывістка «ГП!» Зінаіда Цімошак, неяк паступова адбываецца «пераход ад жыццёвай пазіцыі «мая хата з краю» да пазіцыі «хто, калі не я». «Нашае насельніцтва не верыць, што нешта можа атрымацца ў выніку іх дзеянняў, а таму і не спрабуе нічога зрабіць. Нашая справа — паказаць, што мы нешта можам зрабіць тут і зараз, а далей, можа быць, аб’яднаўшыся, мы можам нешта зрабіць і ў масштабах краіны», — сказала Цімошак.
Зінаида Цімошак: "Патрэбны пераход ад жыццёвай пазіцыі «мая хата з краю» да пазіцыі «хто, калі не я»
«За чатыры гады, якія прайшлі з мінулых прэзідэнцкіх выбараў, мы правялі даволі вялікую працу. Мы пачалі з малога — умоўна кажучы, з «лавачак», з «малых спраў». І калі мы правялі гэтую даволі вялікую працу, мы зразумелі, што любая палітычная сіла, калі яна разлічвае на сапраўдныя дасягненні, сапраўдны ўплыў на грамадства, павінна стаяць на двух нагах. Адна нага — гэта рэальная, што дзённая праца з людзьмі, дапамога людзям. Каб людзі ведалі свае правы і дамагаліся выканання тых абавязкаў, якія мае перад імі ўлада. Для гэтага мы два гады таму пачалі і працягваем па сёння кампанію «Грамадзянская дамова», — сказаў намеснік старшыні «ГП!» Андрэй Дзмітрыеў.
«Другая нага», — па ягоных словах, гэта «наша прапанова грамадству мірных пераменаў у Беларусі, альтэрнатыўнае бачанне будучыні нашай краіны». А канкрэтна, — праект «Народны рэферэндум». «Зараз мы на этапе ціску на парламент. Мы спрабуем правесці сустрэчы з дэпутатамі, неўзабаве мы пададзім 50.000 подпісаў за ягонае правядзенне ў Палату прадстаўнікоў. І калі парламент не адрэагуе на патрабаванні грамадства, мы зробім «Народны рэферэндум» часткай прэзідэнцкай кампаніі», — заявіў Дзмітрыеў.
«Такім чынам, на прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі будуць два асноўныя кандыдаты. Адзін кандыдат будзе казаць: «Давайце захаваем усё, як ёсць, — абы не было вайны», і спадзявацца, што нас неяк кудысці вынесе. І другі кандыдат, які будзе казаць пра мірныя прамены, і які будзе прадстаўляць «Народны рэферэндум», — паведаміў Дзмітрыеў.
З гэтага пункту гледжання, па словах Дзмітрыева, кампанія «Гавары праўду!» «стаіць на абодвух нагах». «Мы выкарысталі чатыры гады, каб рэальна падрыхтавацца да прэзідэнцкіх выбараў. Мы запэўнівалі людзей, што «Гавары праўду!» прышло не раз на пяць гадоў за іх падтрымкай, а штодня працуе па іх праблемах», —адзначыў ён.
Такім чынам, прэзідэнцкая кампанія для «Гавары праўду!» ішла чатыры гады. «Грамадзянская дамова» і «Народны рэферэндум» насамрэч былі дзвумя часткамі адной стратэгіі: набыць падтрымку грамадзянаў і акрэсліць (ды й «распіярыць» — чаго ўжо саромецца!) «перадвыбарчую праграму» наступнага кандыдата ў прэзідэнты ад дэмакратычных сілаў.
Дэ-факта, перадвыбарчыя штабы на базе «Грамадзянскай дамовы» створаныя, людзі, якія павінны збіраць подпісы за дэмакратычнага кандыдата, падрыхтаваныя (бо займаліся гэтым чатыры гады), і насельніцтва да гэтых актывістаў ставіцца прыязна і з сімпатыяй. Адначасова «раскручаная» і праграма будучага кандыдата ў прэзідэнты на базе пяці простых пытанняў «Народнага рэферэндума».
Засталося самае малое — знайсці гэтага кандыдата.
Ад адказу на пытанне, хто персанальна стане кандыдатам у прэзідэнты, Дзмітрыеў ухіліўся
Ад адказу на пытанне, хто персанальна стане такім кандыдатам, Дзмітрыеў ухіліўся: «Мы пакуль не гатовыя агучваць прозвішча». «Але для нас прынцыпова: мы можам падтрымаць толькі таго кандыдата, які падтрымлівае «Народны рэферэндум» і базуецца на ім. Бо гэта — падтрымка мірных пераўтварэнняў і мірных пераменаў у Беларусі, а не так, як у нашай суседцы (Украіне — рэд.). Мы бачым гэтую стратэгію адзінай. Ужо год, як мы з нашымі калегамі абвесцілі «Народны рэферэндум», і альтэрнатывы гэтай стратэгіі ніхто не прад’явіў. І таму тут важная не асоба кандыдата, а тое, з чым і з якім бачаннем ён пойдзе на выбары», — заявіў Дзмітрыеў.