Даведзеных да адчаю не запалохаць

Улада адкатваецца ў звыклае рэпрэсіўнае рэчышча, ці дапаможа ёй гэта? Запалохаць можна тых, каму яшчэ ёсць што губляць. Але калі людзі даведзеныя да адчаю, — апроч пратэсту, рабіць ім ужо няма чаго.

fota_ncz_2_pratesty_sch_homli_logo.jpg

Пратэсты супраць «дармаедскага дэкрэту» ў краіне, насуперак чаканням, не сцішваюцца. У мінулыя выходныя эстафету падхапілі Брэст і (зноў) Віцебск. На 11–12 сакавіка запланаваныя акцыі яшчэ ў некаторых рэгіёнах. У Мінску акцыі прызначаныя на Дзень Канстытуцыі 15 сакавіка і ў Дзень Волі 25-га. А ўлада, падаецца, не надта ведае, што рабіць.

Пасля першай хвалі «недармаедскіх» маршаў у сацыяльных сетках пачалося абмеркаванне: ці могуць гэтыя акцыі нашкодзіць Беларусі і прывесці ў краіну расійскіх «ветлівых людзей»? Дзіўна, адкуль яно ўзнікла, бо пытанне скасавання дэкрэту №3 — выключна ўнутранае пытанне. І не кранае «рускі свет». Тым не менш, звыклай пужалкай паспрабаваў скарыстацца Аляксандр Лукашэнка, калі намякнуў 28 лютага пры наведванні РНПЦ трансплантацыі органаў і тканак, што іх, «дармаедаў» скарыстоўваюць, каб «разгайдаць човен».

Актыўных удзельнікаў «Маршаў недармаедаў» пачалі прыцягваць да адміністрацыйнай адказнасці. У тым жа Брэсце чацвёра маладзёнаў упершыню за доўгі час атрымалі за ўдзел у акцыі не штрафы, як заведзена зараз, а адміністрацыйныя арышты.

І «вішанькай на торце» стаў тэрмінова злеплены беларускім тэлебачаннем прапагандысцкі фільм-пужалка «Званок сябру». У звыклай для сябе манеры БТ не грэбуе рознага кшталту «неправеранай інфармацыяй». У эфіры, напрыклад, з’явіліся «тэлефонныя размовы» Міколы Статкевіча — нягледзячы на тое, што праслухоўванне тэлефона ажыццяўляецца толькі з санкцыі пракурора ў межах заведзенай крымінальнай справы. А за разгалошванне тайны следства таксама прадугледжана адказнасць.

fota_ncz_logo.jpg

У фільме «Званок сябру» ўсё змяшана да кучы: Югаславія часоў Мілошавіча (той ужо больш дзесяць гадоў як у магіле), нейкі анархіст, які, нібыта, планаваў тэракт у Мінску ў 2014 годзе (пры чым тут 2014-ы да 2017-га?), «Правы сектар» (якога ўжо і ва Украіне амаль не існуе). Дзякуй Богу, не дадалі туды «візітовак Яраша» і «распятых хлопчыкаў», бо ўжо ўвогуле смешна было б.

Карацей, улада пачынае дзейнічаць звыклымі сродкамі: па-першае, рэпрэсіі ў дачыненні да актывістаў, па-другое, спроба дыскрэдытаваць акцыі пратэсту. Апошняе — з гебельсаўскай прымаўкай: «Чым нахабней хлусня, тым больш у яе вераць».

Але зараз на двары — не 2006 і не 2010 год. Зараз іншая сітуацыя, іншае грамадства, і галоўнае — іншы пратэст. Гэта падчас выбараў можна было сцвярджаць, што «купленыя правакатары» спрабуюць «разгайдаць човен» і дарвацца да ўлады.

Сцвярджаць, што беларускі «дармаедскі дэкрэт», які стаў чыннікам «дэстабілізацыі сітуацыі» ў краіне, інспіраваны нейкімі знешнімі сіламі — проста глупства. Усе ведаюць, чый подпіс стаіць пад гэтым дакументам і хто збірае гэты падатак. Калі верыць БТ, давядзецца прызнаць, што злачынны «Правы сектар», які імкнецца стварыць у Беларусі «Майдан», атабарыўся ў Адміністрацыі прэзідэнта і беларускім урадзе.

Сённяшні пратэст наўрад ці можна спыніць рэпрэсіўнымі альбо прапагандысцкімі метадамі. Проста таму, што гэта пратэст адчайных людзей. Людзей, якія абураныя несправядлівасцю і не вераць уладзе.

fota_ncz_pratesty_sch_homeli_logo.jpg

Перш, чым зноў раскручваць махавік рэпрэсій (што пры сённяшнім стане эканомікі, незавершаных перамовах па крэдыце з МВФ і спробах палепшыць адносіны з Еўропай небяспечна), уладзе трэба было б паслухаць саміх «дармаедаў». Хаця б на старонках прэсы. Адзін з іх, з Гомелю, кажа «Нямецкай хвалі»: «Усе баяцца, і я баюся. Але рабіць няма чаго — на акцыю прыйдзем».

Актывістка з Брэста ў інтэрв’ю «Нашай Ніве» зазначае: «Я не веру дэпутатам і чыноўнікам, бо некалькі чалавек, закрыўшыся ў сваіх кабінетах, не могуць вырашаць за ўвесь народ, што для яго лепей. Інтарэсы ўлады абмяжоўваюцца ўласным дабрабытам, які дасягаецца тым, што яны адбіраюць апошняе ў людзей, у тым ліку з дапамогай новага закона або дэкрэта… Баялася я гэтага (рэпрэсій)? Дакладна не. Калі жывеш у краіне, пастаянна падвяргаючыся рэпрэсіям, знявагам, несправядлівасці і ў перманентным стане безвыходнасці з пытаннямі: «Што рабіць далей? Як жыць годна?», то цябе ўжо не палохаюць перспектывы апынуцца за кратамі».

Запалохаць можна тых, каму яшчэ ёсць што губляць. Але калі людзі даведзеныя да адчаю, — апроч пратэсту, рабіць ім ужо няма чаго.

Паспрабаваць заціснуць пратэст рэпрэсіямі зараз — гэта значыць не толькі зноў пасварыцца з Еўропай. Гэта яшчэ і загнаць пратэст углыб. І невядома, калі, па якой падставе і наколькі інтэнсіўна беларусаў прарве наступным разам. У выніку можа атрымацца той самы «бунт, бессэнсоўны і бязлітасны».