Пікет у абарону суверэнітэту забаронены
Добрушскі райвыканкам забараніў актывісткам гомельскага Цэнтра стратэгічнай цяжбы (ГЦСТ) Наталлі Шчукінай і Але Раманчык правесці пікет для прыцягнення ўвагі грамадскасці на неабходнасць абароны незалежнасці і суверэнітэту.
Прычына адмовы — заяўнікі не падалі дамовы на ахову масавага мерапрыемства, яго медыцынскае абслугоўванне і вываз смецця. Акрамя таго, рашэннем чыноўнікаў месцам правядзення масавых мерапрыемстваў у райцэнтры вызначана адзінае месца на ўскраіне пасёлка, у той час як у заяўцы была пазначана цэнтральная плошча “на адлегласці, не бліжэй за 50 метраў да будынка райвыканкама”.
“У райцэнтры Добруш усталяваны такі ж парадак правядзення мірных сходаў, як і па ўсёй краіне, які проста немагчыма выканаць. Так, на пікеце з некалькіх чалавек павінна дзяжурыць брыгада хуткай дапамогі, нарад міліцыі і група дворнікаў. З усімі гэтымі службамі патрабуецца заключыць дамовы загадзя, што каштуе немалых грошай. І пасля таго, як дагаворы заключаны, усё роўна адмаўляюць у правядзенні мірнага сходу", — абураюцца жанчыны.
Варта адзначыць, што заяўкі на правядзенне серыі аналагічных пікетаў ГЦСТ запланаваў правесці напрыканцы кастрычніка ў 15 райцэнтрах гомельскага рэгіёна. Добрушскія чыноўнікі следам за Кармою ўжо другія, дзе забаронены пікеты, за імі, як мяркуюць праваабаронцы, “падцягнуцца” і іншыя рэгіёны.
“У мінулым годзе ў Хойніках нашаму актывісту таксама было адмоўлена ў правядзенні мірнага сходу, а калі мы пайшлі ў суд, суддзя нечакана стаў на наш бок, прызнаўшы забарону незаконнай. Гэтай акцыяй мы хочам “пратэставаць” чыноўнікаў гомельскага рэгіёну на прадмет разумення канстытуцыйнага права грамадзян на мірныя сходы і выказванне меркавання”, — дабавіў кіраўнік ГЦСТ Леанід Судаленка.
Адмову ў пікеце праваабаронцы абскардзілі ў судзе Добрушскага раёну.