Досвед «Хартыі–77» для Беларусі
Сёння ў Вашынгтоне пад эгідай Нацыянальнага фонду ў падтрымку дэмакратыі прайшоў «круглы стол», прысвечаны гадавіне стварэнне чэхаславацкага дысідэнцкага руху «Хартыя–77», а таксама памяці яго лідара, прэзідэнта Чэхіі Вацлава Гавала.
У сустрэчы ўзялі ўдзел прадстаўнікі розных даследчых цэнтраў ЗША, а таксама памочнік намесніка дзяржсакратара ЗША па пытаннях правоў чалавека, дэмакратыі і працы Томас Мэліа.
«Круглы стол» быў сфакусаваны на пытанні, чым досвед чэхаславацкіх дысідэнтаў мог бы дапамагчы барацьбе за дэмакратыю ў сучаснай Беларусі.
Амерыканскія эксперты мяркуюць, што шмат праблемаў, з якімі сутыкаецца беларуская апазіцыя сёння, стаялі і перад удзельнікамі руху
«Хартыя–77».
Працу «мазгавога штурму» адкрылі пасол Чэхіі ў ЗША Пётар Гандалавіч і старшыня Нацыянальнага фонду ў падтрымку дэмакратыі Карл
Гершман.
Напачатку свайго выступу пасол Гандалавіч адзначыў:
«Легендарная пастаць Вацлава Гавала натхняе тых, хто змагаецца ў сваіх краінах за свабоду і дэмакратыю, для каго гэта пакуль застаецца толькі марай».
У працы «круглага стала» таксама ўзялі ўдзел Роджэр Патоцкі, Надя Дзьюк і Джаана Рагазінскі
з Нацыянальнага фонду ў падтрымку дэмакратыі, Марцін Палоўш, былы пасол Чэхіі ў ЗША, а зараз — супрацоўнік Міжнароднага ўніверсітэту
Фларыды, Дэйвід Крэймэр, кіраўнік Freedom House, Стыв Нікс з Міжнароднага рэспубліканскага інстытуту і Лаўра Джэвет
з Нацыянальнага дэмакратычнага інстытуту.