Калі беларускія казачкі паедуць ваяваць ва Украіну?

Уваходжаньне беларускіх казачых структураў у склад расейскіх пачалося з 2018 года. Далей была выпрацаваная амбітная задача: набраць у Беларусі 50 000 «казачкоў», якія бралі б удзел у «міратворчых місіях» Расеі. Тэрмін для падрыхтоўкі баявікоў зь ліку беларускіх казачкоў заканчваецца ў гэтым годзе.

Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

У лістападзе 2018 года ў Расеі адбылося V Вялікае Кола «Саюза казакоў-ваяроў Расеі і замежжа» (СКВРіЗ), на якім зьмяніўся вярхоўны атаман гэтае расейскае казачае арганізацыі (ім стаў Мікалай Дьяканаў), а таксама была выбраная Вышэйшая рада СКВРіЗ, у якую ўвайшоў кіраўнік «Беларускага казацтва» Мікалай Улаховіч.

А падчас наступнага, VI Вялікага Кола СКВРіЗ, у сьнежані 2019 года, былі агучаныя вельмі прыкметныя пляны кіраўніцтва СКВРіЗ адносна беларускіх казачкоў. Атаман Дьяканаў заявіў аб задачы да 2025 года павялічыць колькасьць беларускіх казакоў да 50 000 чалавек, І пасьля дасягненьня гэтага выніку будзе магчымым, паводле ягоных словаў, «удзел беларускіх казакоў у міратворчых місіях». То бок, кіраўніцтва СКВРіЗ фактычна выказала намер набраць і падрыхтаваць у Беларусі кантынгент з 50 000 баявікоў і задзейнічаць іх ва ўзброеных канфліктах на баку Расеі.

Апроч таго, падчас гэтага мерапрыемства было сказана, што матэрыяльная база для стварэньня ў Беларусі казачых суполак будзе складвацца са сродкаў бюджэта так званае «Саюзнае дзяржавы Расеі і Беларусі» ў рамках інвестыцыйных праектаў. 

Аб тым, якія мерапрыемствы з удзелам беларускіх казачкоў фінансуюцца з расейскіх грошай, могуць сьведчыць словы таго ж Дьяканава на паседжаньні Камісіі па садзейнічаньні разьвіцьцю міжнароднае дзейнасьці расейскага казацтва пры прэзыдэнте РФ у жніўні 2020 года — ён у якасьці прыклада такога садзейнічаньня згадаў, што казакі «Беларускага казацтва» праводзілі хрэсныя ходы сумесна з прадстаўнікамі амбасады Расеі ў Беларусі.

Дарэчы, ў 2021 годзе «Саюз казакоў-ваяроў Расеі і замежжа» заключыў пагадненьне аб сумеснай працы з расейскай агенцыяй «Россотрудничество» — арганізацыяй, супрацоўнікі якой вельмі часта ўваходзяць у штат расейскіх амбасадаў. Каментуючы пагадненьне, кіраўнік «Россотрудничества» Прымакоў сказаў прамым тэкстам наступнае: «Казацтва — гэта самы арганічны праваднік расейскіх інтарэсаў, палітыкі, поглядаў і каштоўнасьцяў за мяжой».

27 сьнежаня 2021 года РГА «Беларускае казацтва» афіцыйна увайшло ў склад СКВРіЗ.

1_1109.jpg

Пасьля пачатку паўнамаштабнае агрэсіі Расеі супроць Украіны «Беларускае казацтва» было задзейнічанае ў правядзеньні напрыканцы траўня 2022 года хрэснае ходы з назвай «Белоруссия, Россия и Донбасс — едины духом!»

Казачая групоўка з назвай «Беларуская казачая суполка СКВРіЗ» была створаная ўвосені 2023 года. Яе ўзначалілі два казачкі, якія прысутнічалі ў 2019 годзе на Вялікім коле разам з Улаховічам — Сьцяпан Жарнасек і Аляксандр Бараноўскі. Да афіцыйнага зь яўленьня групоўкі менавіта гэтыя два чалавекі ўжо займаліся навучэньнем моладзі вайсковым дысціплінам пад эгідай казацтва. У траўні 2021 года і ў чэрвені 2022 года яны на страйкбольным палігоне «Белы гай» на Берасьцейшчыне праводзілі «зборы казачай моладзі». Аб травеньскай падзеі 2021 года распавядалася ў публікацыі міжнароднае выведвальнае супольнасьці «InformNapalm».

У 2022 годзе да арганізатараў гэтых збораў далучыўся казак з Жодзіна Андрэй Ашуркевіч. Ашуркевіч быў раней заўважаны сярод удзельнікаў менскага казачага ўзводу «Цэрак». Пасьля публікацыі на старонцы «InformNapalm» матар'яла аб сувязях беларускіх казачкоў, у тым ліку ўзвода «Цэрак», з ДТСААФ ён абмежаваў доступ да свайго акаўнту «ўкантакце», але захаваўся вэб-архіў. А потым Андрэй Ашуркевіч завёў новы акаўнт, на галоўнай карцінцы якога — выява цацкі-чабурашкі ў расейскай вайсковай форме, якая стала адным з сымбаляў акупантаў.

Зьвестак пра правядзеньне збораў казачай моладзі ў 2023 і далейшых гадах няма, але прадстаўнікі «Беларускай казачай суполкі» пачалі супрацоўнічаць з ваенна-патрыятычнымі клубамі. У тым ліку, ў снежані 2023 года яны на сваёй старонцы «ўкантакце» напісалі аб занятках з навучэнцамі цэнтра патрыятычнага выхаваньня моладзі «Вектар» у Жодзіна. На тых занятках таксама быў заўважаны Андрэй Ашуркевіч.

А пачынаючы прынамсі з 2024 года «Беларуская казачая суполка» наладзіла сувязі з сумнавядомым Сьвята-Елісавецінскім манастыром у Менску. Яе чальцы пачалі праводзіць заняткі зь дзецьмі на тэрыторыі манастыра, а ў лістападзе 2024 года арганізавалі пры манастыры казачы клас. 

Якую ж ролю чальцам «Беларускае казачае суполкі СКВРіЗ» адвяло кіраўніцтва СКВРіЗ у садзейнічаньні ўзброенай агрэсіі Расеі?

Па-першае, беларускія казакі рэгулярна зьбіраюць рэчы для адпраўкі расейскай арміі. З часам прадстаўнікі «Беларускае казачае суполкі» аб'ядналіся ў гэтым пытаньні з манашкамі з Елісавецінскага манастыра і ўдзельнічаюць у зборы сродкаў на тэрыторыі манастыра.

Па-другое, ўжо маюцца зьвесткі аб непасрэдным удзеле казачкоў з Беларусі на баку Расеі. Штуршком для такога ўдзелу мог стацца заклік да казакоў прыйняць удзел ва ўзброенае агрэсіі Расеі, які зрабіў у ліпені 2022 года вярхоўны атаман СКВРіЗ Дьяканаў. Вельмі імаверна, што гэты заклік тычыўся таксама чальцоў СКВРіЗ з Беларусі. 

У лютым 2024 года прадстаўнік расейскага казацтва распавёў, што казакі з Беларусі ваююць у батальёне «Каспій» у складзе брыгады «Цэрак». Аб прысутнасьці беларусаў у гэтым падраздзяленьні крыху пазьней было згадана ў тэлеграм-канале самой брыгады «Цэрак». 

У жніўні 2020 года адзін з беларускіх казачкоў, Сяргей Крыўцоў, разьмясьціў у сваім акаўнце ў сацсетцы «Аднакласнікі» здымак, на якім разам зь ім заўважаны расейскі казачок з Забайкальскага краю Аляксандр Абрамцоў. Імаверна, мэтай Абрамцова была каардынацыя або кантроль падрыхтоўкі баявікоў.

Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Згаданы Сяргей Крыўцоў, як высьветлілася, рэгулярна наведвае акупаваны Крым. У 2016 годзе ён адзін са сваіх здымкаў з Крыма пракаментаваў «расейскі танк у расейскім Сімферопалі стаяў і стаяць будзе вечна». Прычым ездзіць ён ня толькі дзеля адпачынку — ў Сімферопалі Крыўцоў, які мае адукацыю псіхолага, перыядычна праводзіць семінары на тэму «як вылечыцца ад самых розных хваробаў, уключваючы хваробы вачэй, і як ачысьціць свой арганізм». 

У 2022 годзе ў размове з журналістам «Менск-Навіны» Сяргей Крыўцоў распавёў, што ў Крыме ён уступіў у шэрагі Крымскага казацтва, а потым перавёўся ў Менскі гарадскі вокруг Беларускага казацтва. У якія гады гэта адбывалася, ён не сказаў. Справа ў тым, што ўдзельнікі групоўкі «Крымскае казацтва» ўвясну 2014 года ўліліся ў так званую «самаабарону Крыма» — парамілітарнае фармаваньне, якое садзейнічала расейскім вайскоўцам у захопе Крыма.

Што тычыцца згаданага вышэй казачка Аляксандра Абрамцова, то ён пасьля пачатку паўнамаштабнае ваеннае агрэсіі Расеі супроць Украіны ваяваў у батальёне «Скіф» у складзе той самай брыгады «Цэрак», у якой ваююць у тым ліку нейкія казакі з Беларусі. Ня выключана, што ён быў датычны да падбору дабраахвотнікаў у гэтую брыгаду.

Аналізуючы сьпіс падпісчыкаў старонкі «Беларускае казачае суполкі» у сацсетцы «ўкантакце», ўдалося выявіць яшчэ аднаго казачка зь вельмі цікавай біяграфіяй. Дзяніс Максімовіч жыве у Крыме, кіруе казачай суполкай «Ладага» ў Ніжнягорскім раёне Крыма. Увясну 2014 года ён удзельнічаў у «самаабароне Крыма» і «ахоўваў» будынак выбарчае камісіі ў пасёлку Ніжнягорскам падчас правядзеньня Расеяй свайго квазі-рэферэндума. Дзяніс Максімовіч быў узнагароджаны мэдалём Мінабароны РФ «За вяртаньне Крыма».

Пасьля пачатку паўнамаштабнага ўварваньня Максімовіч некаторы час браў удзел у баявых дзеяньнях на баку Расеі. Да 2025 года на ягонай форме не было заўважана ніякіх нашывак або іншых сымбаляў, зьвязаных з Беларусьсю. Але пачынаючы са студзеня 2025-га зь невядомых прычынаў на ягоным вайсковым адзеньні зьявілася нашыўка ў выглядзе лукашэнкаўскага сьцяга. А крыху пазьней ён нават пазіраваў з вялізным сьцягам у рукох. Судзячы па некаторых дэталях гэтых здымкаў, яны былі зробленыя, хутчэй за ўсё, на тэрыторыі Крыма. Доказам можа зьяўляцца накрыўка каналізацыйнага люка вытворчасьці турэцкае кампаніі «Niğde Tokat Kayseri», якая бачная на здымках. Да захопу Крыма турэцкія фірмы актыўна гандлявалі менавіта з крымскімі.

Сьведчаньняў таго, што Дзяніс Максімовіч калісьці наведваў Беларусь, няма. Але зьвяртае на сябе ўвагу назва ягонага акаўнта «ўкантакце» — «russia_alba», то бок «Белая Русь» на латыні, а таксама тое, што ягоны канал на ютубе мае назву «Позывной Белорус».

Апроч таго, 23 лютага 2014 года, практычна на самым пачатку захопа Расеяй Крыма, ён апублікаваў вельмі прыкметную карцінку. На ёй — эмблема падраздзяленьня МУС Украіны «Беркут» і словы «Беларусь с вами». Супрацоўнікі «Беркута» ўдзельнічалі ў спробах падаўленьня пратэстаў у Кіеве ўзімку 2013-2014 гадоў, потым некаторыя зь перабраліся ў Беларусь. Аб гэтым сэрыю матар'ялаў падрыхтаваў і апублікаваў журналіст «Новага Часу» і ўдзельнік міжнароднае выведвальнае супольнасьці «InformNapalm» Дзяніс Івашын.

4_737.jpg

Ці плянуе Максімовіч перабрацца ў Беларусь па прыкладзе беркутаўцаў — пытаньне застаецца адкрытым. Пры тым што ён мае досьвед супрацоўніцтва з расейскімі акупантамі. 

Нагадаю, што тэрмін для падрыхтоўкі 50 000 баявікоў зь ліку беларускіх казачкоў, вызначаны кіраўніцтвам «Саюза казакоў-ваяроў Расеі і замежжа», заканчваецца менавіта ў гэтым годзе.