Чым звычаі праваслаўнага манастыра нагадалі замежніку ІДІЛ?

Стыў Лэйсі з Лондана прыгадвае, як супрацоўнічаў са Свята-Елісавецінскім манастыром.

img_20230524_170707_402_1_1_716x445.jpg

У маладосці Стыў Лэйсі з Лондана захапіўся рускім праваслаўем. У 2008 годзе ён падтрымаў расійскае ўварванне ў Грузію. У 2014 годзе думаў, што ўладу ў Кіеве захапілі правыя радыкалы.

Яшчэ праз некалькі гадоў Стыў Лэйсі прыехаў у Мінск і стаў дапамагаць манастыру ў Навінках. А затым усё памянялася. Чаму? Пра гэта Стыў распавёў «Хрысціянскай візіі», сайту пра Царкву і палітычны крызіс у Беларусі. Прапануем вам урывак з расповеда Стыва.

— У якой меры вы дапамагалі, якім праектам? Як перадавалі сабраныя грошы — наяўнымі або па безнаяўным разліку? А як атрымлівалі грошы? Што ў манастыры казалі пра мэты збораў? Думаеце, яны былі сумленныя? Ці было нешта дзіўнае ў іх паводзінах па частцы грошай?

— Я ўжо казаў, што ахвяраваў ім даволі шмат грошай праз Just Giving. Ніякіх справаздач аб тым, на што траціліся гэтыя сродкі, я не атрымліваў. Мне сказалі, што грошы ідуць на адукацыю і на школу, і тады я лічыў, што гэта сумленна. Яшчэ я хадзіў на кірмашы, дапамагаў там і назіраў, як сёстры гадзінамі працуюць за капейкі. Тады я меркаваў, што грошы трацяцца на заяўленыя мэты — гэта ж манастыр, урэшце.

— Вы ведалі пра іх палітычную пазіцыю і дзейнасць?

— Іх палітычная пазіцыя і дзейнасць — тэма цікавая. Тады я адыходзіў ад больш артадаксальных фундаменталісцкіх пазіцый і, напэўна, быў хутчэй нейтральны, таму шмат у чым думаў, што яны знаходзяцца ў цэнтры або на «царскім шляху», як выказаўся б Серафім Роуз. Таму я не звязваў іх з фундаменталісцкай пазіцыяй — як жа я памыляўся! Яшчэ я чытаў, што іх канцэрты падвяргаліся нападкам з боку вялікіх традыцыяналістаў, і мне здавалася, што іх таксама атакавалі лібералы і людзі, якія хацелі больш ліберальнай царквы. У манастыры мне сказалі, што прычына нападкаў была ў тым, што манастыр вельмі багаты і паспяховы, яму зайздросцяць.

Пакуль я там быў, запомніў адну з рэплік: ойча Андрэй Лемяшонак сказаў, што лічыць Пуціна вялікім правадыром. Тады я думаў, што гэта проста рускі менталітэт, і не надаваў гэтаму вялікага значэння. Яшчэ мне сказалі, што яны фінансава падтрымліваюць Патрыка Ланкастэра (гэта адзін з буйных прапагандыстаў на Данбасе), але сцвярджалася, што гэта з гуманітарных меркаванняў.

Уся гэта гісторыя стала для мяне мяняцца паступова, асабліва ў сувязі з кавідам.

— Калі і як вы ўпершыню заўважылі, што яны падтрымліваюць дыктатуру, гвалт, вайну? Вы размаўлялі з імі ў той час? Як яны тлумачылі свае заявы або заявы свайго кіраўніцтва?

— Так, спачатку, калі здарыўся кавід, я быў збянтэжаны і думаў, што ўся дыскусія аб прычашчэнні адной лыжкай і аб тым, каб не закрываць храмы, была няправільнай… Затым пачалі з'яўляцца гісторыі пра кавід і пра тое, як у манастыры кавіду дазвалялі распаўсюджвацца. Я напружыўся і стаў трохі турбавацца аб тым, што адбываецца, але ўсё яшчэ лічыў, што манастыр цкуюць з зайздрасці да яго поспеху (як мне сказалі раней).

Мне стала крыху трывожна, таму што рыторыка манастыра станавілася вельмі падобнай на тое, што кажуць адэпты тэорыі змовы і ўльтраправыя/нацыяналісты ў ЗША і Еўропе.

Некаторыя людзі з манастыра казалі, што кавід быў мікрачыпам, які прыдумала Сусветнае закуліссе, масоны і г.д. — усё гэта мне вельмі нагадвала тое, у што вераць акультысты.

Далей былі выбары ў Беларусі, і тады я зноў крыху разгубіўся. Я не эксперт у беларускай палітыцы, не бачыў выразна, што адбываецца, і ў мяне былі прамыты мазгі настолькі, каб верыць, быццам праблема правоў чалавека несумяшчальная з праваслаўем.



Потым усё станавілася больш і больш жорстка, хоць спачатку я падумаў: «Ай, усяго толькі невялікі пратэст».

Пазней я папрасіў у народа Беларусі прабачэння за мае першапачатковыя ваганні наконт таго, што там правільна, а што няправільна. Затым на вуліцы выходзіла ўсё больш і больш людзей — і стала бачна ўжо абсалютная тыранія «апошняга дыктатара Еўропы».

Самае вялікае змяненне для мяне адбылося, калі смелы лідар, Марыя Калеснікава, парвала свой пашпарт, была арыштавана і адпраўлена ў турму. Я стаў слухаць і разумець, наколькі гэта грубая і зласлівая дыктатура і наколькі яна жорсткая ў адносінах да свайго народа.

Яшчэ я чуў гісторыі пра тое, як арыштоўвалі супрацоўнікаў манастыра і як манастыр звальняў гэтых смелых людзей, якія змагаліся за лепшую Беларусь.

Я быў у шоку ад таго, што манастыр падтрымаў гэтага монстра. І гэта прымусіла мяне задацца пытаннем: як хрысціянскі манастыр, які пазіцыянуе сябе на Захадзе ў якасці заступніка ўразлівых, можа быць на баку тырана?

Менавіта гэта прымусіла мяне пачаць задаваць пытанні: дык усё гэта пра ўладу? Уся справа ва ўтрыманні ўлады? Я спрачаўся ў той час з людзьмі ў манастыры, пытаўся, чаму яны падтрымалі Лукашэнку, неправаслаўнага, выступалі супраць кандыдатаў-хрысціян, якія хацелі лепшай Беларусі? Як яны маглі падтрымаць Лукашэнку, расійскага янычара?

І пры гэтым да 2021 года я працягваў весці з імі перамовы аб фондзе, таму што любіў іх і не адышоў да канца ад радыкальных поглядаў.


Потым была ўспышка вайны ва Украіне. Калісьці я ездзіў на летнія вакацыі ў Марыупаль. Таму, калі на Марыупаль пачалі падаць бомбы, я даў Богу невялікі зарок, што зраблю ўсё для мяне магчымае, каб паспрабаваць дапамагчы ўкраінскаму народу ў барацьбе супраць гэтай несправядлівасці і тыраніі.

Што мяне здзівіла, дык гэта падвойныя стандарты Свята-Елісавецінскага манастыра: з аднаго боку, яны былі падобныя на РПЦ, калі казалі: «Мы не займаемся палітыкай — гэта вайна паміж брацкімі народамі». Але вы ведаеце, што за гэтым хаваецца магутная падтрымка пуцінскага рэжыму, і ў некаторых пастах манашак у сацсетках стала выяўляцца татальная прапаганда расійскіх імперыялістычных наратываў: вайна — гэта віна Захаду; украінцы — бандэраўцы; украінцы абстралялі сваіх у Марыупалі; у Марыупалі не так ужо і дрэнна цяпер; Бучы не было; гэта змова; жыхары Данбаса — ахвяры; Расія — ахвяра, якую Захад хоча знішчыць.

Потым ты глядзіш на заявы айца Андрэя Лемяшонка, бачыш, як ён падтрымлівае пуцінскі рэжым і ўзносіць малітвы за Пуціна.

Перш за ўсё, гэта быў крытычны момант для мяне, калі я цалкам усвядоміў, што манастыр з'яўляецца фундаменталісцкай арганізацыяй: я праводзіў даследаванні экстрэмізму, вывучаў правых радыкалаў, а яшчэ вывучаў мусульманскі экстрэмізм. На жаль, я бачыў паралелі і ў іншых экстрэмісцкіх арганізацыях. Шмат у чым гэта нагадвае мне ХАМАС і ІДІЛ, якія таксама кормяць беднякоў і клапоцяцца пра старых і інвалідаў, а іх грошы трацяцца на падрыў Захаду, прапаганду экстрэмізму і стварэнне культу вайны.

— Вы былі расчараваны? Спрабавалі абмеркаваць гэта?

— Калі даведаўся, што яны падтрымліваюць расійскую армію, мне стала неверагодна брыдка. «Расчараваны» — занадта мякка сказана. На жаль, яны ўбудаваны ў прапаганду нацысцкай таталітарнай дзяржавы і развіваюць расійскія прапагандысцкія ваенныя наратывы.

— Як вы думаеце, чаму людзі на Захадзе працягваюць іх падтрымліваць?

— Вельмі цікавае пытанне, я лічу. Думаю, людзям здаецца, што яны нейтральныя. Напэўна, яны бачаць іх такімі ж, як і я, гэта значыць бачаць «хіпстэрскі» бок. Бачаць вельмі дасканалую ідылію, якая выклікае ў людзей пачуццё, быццам манастыр падобны на некаторыя вядомыя і любімыя тут, на Захадзе, праваслаўныя манастыры з іх выдатным мастацтвам і спевамі. Але, на жаль, калі вы «паскрабяце» паверхню Свята-Елісавецінскага манастыра, то зразумееце, што гэта проста маска, за якой хаваецца нешта зусім іншае.

— Што вы можаце сказаць тым, хто працягвае іх падтрымліваць?

— Не падтрымлівайце! Вы б аддалі свае грошы ХАМАС? Вы б аддалі свае грошы ІДІЛ? Не падтрымлівайце іх, таму што яны ўдзельнічаюць у піяр-кампаніі па зборы сродкаў для тэрарыстычнай дзяржавы.


— Вы ведаеце, што многія сыходзяць з манастыра? Чаму яны не ўздымаюць гэтага пытання?

— Ну, я заўважыў, што шмат людзей сышло. Думаю, яны хочуць цалкам парваць з манастыром, як бывае, напрыклад, калі чалавек пакідае секту. Па-другое, манастыр блізкі да калідораў улады — да ўрада і, верагодна, таксама блізкі да спецслужбаў. І людзі не хочуць, каб да іх пагрукаліся спецслужбы, тым больш што час павярнуўся назад, да таталітарнага мінулага.

А адна з галоўных прычын заключаецца ў тым, што елісавецінцы маюць рэпутацыю тых, хто псуе жыццё сваім крытыкам, і ў асноўным яны атакуюць у сацсетках, вышукваючы кампрамат: стары твіт, стары электронны ліст, вырваны з кантэксту — усё, што дазволіць ім адцягнуць увагу ад сябе. Карацей, іх тактыка ў тым, каб знішчыць цябе маральна. На жаль, я ў курсе, што яны паспрабуюць гэта зрабіць са мной; я ведаю, што яны паспрабуюць напасці на мяне асабіста, але што такое твіты і каменты ў сацсетках, калі людзі змагаюцца і паміраюць на перадавой супраць тыраніі? Гэта проста дробная поскудзь.

Нарэшце, яны паспрабуюць сказаць, што іх апанент духоўна хворы — гэта максімальна дзіўная заява, што людзі духоўна хворыя і паводзяць сябе не па-хрысціянску, калі яны становяцца на бок згвалтаваных жанчын, дзяцей, якія падвергліся сексуальнаму гвалту, выкрадзеных дзяцей, усіх забітых, хто зведаў катаванні, усіх зняволеных, дэпартаваных, абрабаваных, якія сталі ахвярамі многіх здзекаў са шматпакутнага народа Украіны. Маё пытанне да ўсіх вас: на чыім рэальна баку Хрыстос? А вы на баку святых або на баку навамоднай іконы — літары Z?