«Нязручная» Ларыса Геніюш

Няскораная — менавіта такі эпітэт найбольш пасуе Ларысе Геніюш. Сёння споўнілася 40-гадоў са дня яе пахавання

larysa_1_1.jpg


Усё яе жыццё было прыкладам служэння Айчыне і змагання, у якім яе так і не змаглі перамагчы. Нават праз 40 гадоў пасля спачыну паэткі некаторым адэптам руска-савецкага імперыялізму не дае спакою яе імя. Настолькі, што яны запатрабавалі знішчыць помнік Ларысе Геніюш, усталяваны на падворку праваслаўнай царквы ў Зэльве, дзе яна жыла.
Нават пры сённяшнім бязлітасным размаху рэпрэсій у Беларусі нам далёка да таго, што перажыла сям’я Ларысы Геніюш (што, тым не менш, ніякім чынам іх не апраўдвае). На долю паэткі выпаў увесь іх магчымы «набор»: расстрэл бацькі, высылка маці з сёстрамі, ад’езд з радзімы, зняволенне і экстрадыцыя ў савецкую Беларусь, а там — тэрмін у ГУЛАГу, які сёння беларускі суд выстаўляе абвінавачаным у «тэрарызме».
Па цяперашніх часах Ларысу Геніюш меліся б абвінаваціць у «рэабілітацыі нацызму». Некаторыя сучасныя актывісты настойваюць: яна друкавала свае вершы ў фашысцкай прэсе і падпісала вітальны ліст да Гітлера. Гэта гучыць абсурдна, бо сама Геніюш падкрэслівала сваё негатыўнае ўспрыняцце Гітлера, ставячы яго ў адзін шэраг са Сталіным. Так, жывучы ў Празе, яна друкавалася ў беларускіх выданнях, якія выходзілі пад кантролем нямецкіх улад. Але гэтага малавата для таго, каб навешваць на паэтку цэтлік фашызму. Дый дзе яшчэ яна магла публікаваць свае патрыятычныя вершы? А што да ліста, Ларыса Геніюш сцвярджае, што подпісы пад ім былі падробленыя, і падрабязна апісвае гэту гісторыю ў сваёй аўтабіяграфічнай «Споведзі».


Як і многія з цяперашніх палітвязняў, па траплянні ў БССР Ларыса Геніюш была змешчана ў мінскую «амерыканку» — сёння СІЗА КДБ, прайшла праз прыніжэнні і допыты. Аднойчы яе дапытваў сам кіраўнік МДБ БССР Лаўрэнцій Цанава, патрабуючы выдаць архіў БНР, які яна ўпарадкавала, жывучы ў Празе. Але зламаць Геніюш не змог і ён. Тады паэтку адправілі ў ГУЛАГ на 25 гадоў. Такі ж тэрмін прысудзілі і яе мужу Янку Геніюшу.
Іх сын Юрка, які на той час уваходзіў у падлеткавы ўзрост, застаўся за мяжой і быў адарваны ад бацькоў на доўгія гады, што ў выніку прывяло да сямейнай драмы.  


Але гісторыя кажа нам, што няма нічога вечнага. І дыктатуры, якімі б непахіснымі яны не здаваліся, руйнуюцца. Часам пакідаючы па сабе зламаныя жыцці. З адмеранай чвэрці стагоддзя Ларыса Геніюш правяла ў няволі восем гадоў. Але і там, у лагерах, яна займела павагу сярод вязняў (яе нават называлі «маці», а яе вершы — «глюкозай») і не здрадзіла сабе і сваім перакананням.


А яшчэ, нават па вызваленні, яна так і не прыняла савецкага грамадзянства, хоць да скону дзён жыла ў Зэльве. Валодаючы найвышэйшымі маральнымі якасцямі, яна не магла належаць да дзяржавы, якая была пабудавана на крыві і скалечыла жыцці мільёнам людзей.
Нават ужо на волі «органы» не спускалі з яе сваіх пільных вачэй. Тым не менш дом Ларысы Антонаўны ў Зэльве стаў месцам паломніцтва для самых розных беларускіх творцаў. Яна стала тым мастком, праз які каштоўнасці шчырай, адданай, глыбокай любові да Бацькаўшчыны перайшлі да новага пакалення беларусаў і працягваюць перадавацца далей. І, варта прызнаць, не ўсім гэта падабаецца.


Ларыса Геніюш мела няпросты характар, яна не трывала і драбка няшчырасці і праз гэта рвала стасункі з людзьмі нават, здавалася б, «свайго» кола. Яна і дасюль застаецца «нязручнай». Улады — і савецкія, і пазнейшыя — так і не рэабілітавалі Геніюш. А нядаўна вайну абвясцілі ўжо яе помніку.

Помнік Ларысе Геніюш. Архіўнае фота

Помнік Ларысе Геніюш. Архіўнае фота


Бо гэты помнік — больш, чым помнік паэтцы. Гэта манумент нескаронасці рэпрэсіўнай таталітарнай сістэме. Менавіта таму яго, нават усталяванага на падворку местачковай царквы, куды не ўсялякі турыст даедзе, так баіцца «рускі мір». Баіцца настолькі, што патрабуе знішчыць. Але беларусы і тут перагулялі брутальныя напады «інфаспецназа» і прыхавалі помнік да лепшых часоў. Нават не сумняваючыся, што яны абавязкова надыдуць.Здаецца, што, гледзячы на гэтую мышыную валтузню з вышынь Нябеснай Беларусі, Ларыса Антонаўна толькі іранічна пасміхаецца.