Трыумф чалюскінцаў ці трагедыя «Піжмы»? Яшчэ адна таямніца краіны лагераў

З доўгачаканым надыходам добрага надвор’я мінчукі спяшаюцца ў Парк Чалюскінцаў — месца, якое нагадвае нам, што 88 гадоў таму была скончана аперацыя па выратаванні з ледзянога палону 104-х удзельнікаў арктычнай экспедыцыі. Але па некаторых даных, за гісторыяй дзівоснага выратавання стаіць гібель каля 2000 савецкіх, у тым ліку палітычных, вязняў.

Параход «Чалюскін». Фота: РИА «Новости»

Параход «Чалюскін». Фота: РИА «Новости»

Што здарылася?

11 сакавіка 1933 года быў спушчаны на ваду параход «Лена», пабудаваны ў Даніі на верфях фірмы «Burmeister & Wain» па замове савецкага наркамвота (народны камісарыят воднага транспарту). Пазней параход з узмоцненым лядовым корпусам быў перайменаваны ў «Чалюскін».

2 жніўня 1933-га «Чалюскін» выйшаў з Мурманска ва Уладзівасток, каб адпрацаваць схему дастаўкі грузаў па трасе Паўночнага марскога шляху за адну летнюю навігацыю. Але ўжо ў верасні таго ж года параход трапіў у ледзяны палон у Чукоцкім моры. 5 месяцаў ён дрэйфаваў між ільдамі, а 13 лютага 1934 года «Чалюскін» быў канчаткова раздушаны і цягам дзвюх гадзін затануў. Кіраўнік экспедыцыі Ота Шміт тады перадаў знакамітую радыёграму, што пачынаецца словамі:

«13 лютага ў 15 гадзін 30 хвілін за 155 міль ад мыса Паўночны і за 144 мілі ад мыса Уэлен «Чалюскін» затануў, раздушаны сцісканнем ільдоў…»

На лёдзе аказаліся 104 чалавекі. У Арктыцы быў створаны «Лагер Шміта». Яшчэ загадзя экіпаж падрыхтаваў усё неабходнае для выгрузкі на навакольныя ільды — на лёд удалося перанесці цэглу і дошкі, з якіх будавалі баракі, каб чакаць у іх выратавання. На жаль, адзін чалавек — заўгас Б. Г. Магілевіч — падчас затаплення судна загінуў.

Спецыяльную камісію па эвакуацыі ўзначаліў Куйбышаў. Паколькі палярная авіацыя СССР на той час была недастаткова развітая, 16 лютага з мэтай закупкі самалётаў для эвакуацыі чалюскінцаў савецкая дэлегацыя была накіравана ў ЗША. 5 сакавіка 1934 года савецкі лётчык Анатоль Ляпідзеўскі эвакуяваў з лагера на ільдзе дзесяць жанчын і дваіх дзяцей. Наступнага эвакуацыйнага рэйса давялося чакаць больш за месяц — потым за тыдзень лётчыкі на савецкім самалёце P-5, амерыканскім «Кансалідэйтэд-Флітсцер» 17AF і нямецкім «Юнкерс» W33 вывезлі на мацярык астатніх чалюскінцаў. Апошні эвакуацыйны рэйс быў здзейснены 13 красавіка 1934 года — роўна 88 гадоў таму. 

Эвакуацыя чалюскінцаў. Фота: Уладзіслаў Мікоша

Эвакуацыя чалюскінцаў. Фота: Уладзіслаў Мікоша

На шчасце, 104 чалавекі былі выратаваны. Прапаганда ва ўсю гарланіла лозунг «Советская родина не оставит в беде своих сыновей и дочерей!», савецкія кіраўнікі шчодра ўзнагародзілі чалюскінцаў «Ордэнам Чырвонай Зоркі», лётчыкі-выратавальнікі першымі атрымалі званне Герояў Савецкага Саюза. А Бернард Шоу ва ўласцівай яму іранічнай манеры ўсклікнуў: «Што вы за краіна! Палярную трагедыю вы ператварылі ў нацыянальную ўрачыстасць!».

Аднак чалюскінцы маглі і не чакаць дапамогі больш за два месяцы сярод палярных ільдоў. Амаль адразу Рузвельт прапанаваў савецкаму кіраўніцтву дапамогу ў эвакуацыі няшчасных (ад Аляскі да месца гібелі «Чалюскіна» — 350 кіламетраў), але ў такім гонары прэзідэнту Злучаных Штатаў было адмоўлена. Чаму?

«Баржа-магіла са зняволенымі»

Упершыню версія адказу на гэта пытанне была агучана ў 1997 годзе на старонках расійскай газеты «Известия». Аўтар публікацыі — Анатоль Пракапенка, гісторык-архівіст, намеснік старшыні Камітэта па справах архіваў кіраўніцтва РФ, кансультант Камісіі па рэабілітацыі ахвяр палітычных рэпрэсій прэзідэнта РФ. Спадар Пракапенка піша наступнае:

«З фонду знакамітага палярнага лётчыка Молакава можна даведацца, чаму Сталін адмовіўся ад замежнай дапамогі пры выратаванні экіпажа ледакола «Чалюскін». А таму, што воляю лёсаў паблізу ўмерзла ў лёд баржа-магіла са зняволенымі».

Дарэчы, менавіта Анатоль Пракапенка ў 1990 годзе прадставіў ЦК КПСС дакументальныя сведчанні пра расстрэл польскіх афіцэраў у Катыні.

Пазней «баржа-магіла са зняволенымі» будзе ўсплываць у самых розных публікацыях. Але найбольш падрабязнае апісанне гэтай версіі дае Эдуард Белімаў, калі перадае аповед сына чалавека, які выжыў пасля гібелі «Піжмы» — назва парахода, які, як сцвяржаецца, ішоў услед за «Чалюскіным».

Адкуль увогуле ўзялася «Піжма»? Паглядзім, што піша на гэты конт спадар Белімаў:

«У 1992 годзе спецыяльная камісія, прызначаная прэзідэнтам Ельцыным, выявіла ў архіве Палітбюро ЦК КПСС за 1933 год два цікавыя дакументы — дзве ноты ўрада Даніі ўраду Савецкага Саюза. У першай ноце размова ідзе аб параходзе «Чалюскін», а ў другой — адразу аб двух параходах: «Чалюскін» і «Піжма». Такім чынам, чытаем: "Каралеўскі ўрад Даніі выказвае сур'ёзную заклапочанасць у сувязі з рашэннем савецкіх улад накіраваць караблі «Чалюскін» і «Піжма» ў самастойнае плаванне з Мурманска на Далёкі Усход праз моры Паўночнага Ледавітага акіяна. «Чалюскін» і «Піжма» не з'яўляюцца ледаколамі, як гэта сцвярджаецца ў савецкім друку. Абодва караблі адносяцца да класа самых звычайных грузапасажырскіх параходаў і таму зусім не прыстасаваны да плавання ў паўночных шыротах. У выпадку гібелі хаця б аднаго з названых караблёў незаслужана пацерпіць прэстыж караблебудаўнічай прамысловасці Даніі».

Дарэчы, пра непрыдатнасць парахода «Чалюскін» для плавання ў цяжкіх умовах Арктыкі рэзка выказваўся і капітан парахода Варонін. Першапачаткова Варонін пагадзіўся весці карабель толькі да Мурманска, але потым аказалася, што кіраўнік экспедыцыі Шміт папросту не знайшоў яму замены. Да таго ж, як вядома, сярод архіўных спраў экспедыцыі захоўваецца «Акт прыёмкі парахода», складзены 17 ліпеня 1933 года, калі «Чалюскін» ужо выйшаў з Ленінграда ў Мурманск. Ён змяшчае 66 заўваг па даводцы карабля (корпус і такелаж) і 70 заўваг — па машыне.

Але вернемся да «Піжмы».

Паводле неафіцыйнай версіі, у 1933 годзе ў Мурманску на «Піжму», што потым пойдзе наўпрост за «Чалюскіным», пагрузілі дзве тысячы зняволеных. Зняволеных везлі на Чукотку для асваення руднікоў па здабычы волава і каляровых металаў.

«Партрэт» савецкіх палітычных вязняў 1933 года ўявіць сабе не складана, аднак звернемся да слоў Белімава аб міжвольных пасажырах «Піжмы»:

«Найперш гэта вясковыя мужыкі з ліку так званых «кулакоў», затым былыя нэпманы, інжынеры-«шкоднікі», навукоўцы-«двурушнікі» і, вядома, царкоўнаслужыцелі ўсіх масцяў, па большай частцы праваслаўныя святары. Асобна сярод палітычных зняволеных трымалася група спяцоў — інжынераў-радыётэхнікаў і, вядома, «замежных агентаў».

«Піжма» таксама, як і «Чалюскін», трапіла ў ледзяны палон і дрэйфавала. Пасля гібелі «Чалюскіна» Сталін, як сцвярджаецца, аддаў загад узарваць «Піжму» разам са зняволенымі, што цалкам упісваецца ў рыторыку паводзін правадыра ўзору 1934-га. Аднак спрацаваў толькі адзін з трох зарадаў, «Піжма» ішла пад ваду павольна, некаторым зняволеным удалося выбрацца на лёд. Некалькі з выжылых у выніку дайшлі да Чукоткі, некалькі — да Аляскі. Таксама існуе версія, што частка савецкіх вязняў здолелі звязацца па радыё з базамі амерыканскай палярнай авіацыі і былі вывезены з іх дапамогай.

Канваіры з «Піжмы» здолелі дабрацца да лагера чалюскінцаў і былі выратаваны разам з імі.

Ці была «Піжма»?

Праціўнікаў гэтай версіі найбольш хвалюе пытанне, як абяссіленыя вязні маглі дайсці па ільдах да Чукоткі ці Аляскі? У кнізе «Ворагі народа» за Палярным кругам» С. Ларкоў піша:

«Бліжэйшая ад месца гібелі «Чалюскіна» кропка мацерыка, мыс Ванкарам, адкуль лёталі потым самалёты, за 130-140 кіламетраў. Калі нават «Піжма» была на 30 кіламетраў бліжэй, усё роўна гэта 100-110 кіламетраў. Паход жа ўцекачоў з «Піжмы» на Аляску — і зусім з галіны хворай фантазіі: да яе берагоў 350 кіламетраў, ды яшчэ наўпрост насустрач дрэйфу льдоў!».

Некаторых засмучае і той факт, што ніхто з вязняў, якія здолелі выжыць і дабрацца да Злучаных Штатаў, не апублічыў факт трагедыі «Піжмы» і свайго дзівоснага выратавання. Эдуард Белімаў адказвае на гэта наступным чынам:

«У гэтым выпадку адказнасць перакладаецца на блізкіх сваякоў: за патуранне і бестурботнасць — 10 гадоў строгага лагернага рэжыму …А сваякі? Будуць, вядома, бажыцца, што нічога не ведалі. Ды толькі хто ім паверыць? Цяжка сказаць, ці быў хто-небудзь насамрэч прыцягнуты да адказнасці па гэтым указе. Затое ў Амерыцы хтосьці адразу ж прыкусіў язык. Уцекачы ўзгадалі пра сваіх бацькоў, жонак і дзяцей, змянілі прозвішчы і нікому больш не расказвалі сваёй біяграфіі».

Ці сапраўды існавала «баржа-магіла са зняволенымі» — «Піжма», ці гэта толькі фантазія, што выпадкова з’явілася ў галовах адразу некалькіх аўтараў? На жаль, мы не здолеем адказаць на гэта пытанне, пакуль не будуць рассакрэчаны ўсе тагачасныя архівы.

Лагер Чалюскінцаў. Фота: РИА «Новости»

Лагер Чалюскінцаў. Фота: РИА «Новости»