Топ-10 фільмаў пра змаганьне з сусьветным злом

Што аб’ядноўвае супергерояў, паўстанцаў, самотных змагароў і цэлыя арміі? Усе яны кідаюць выклік сусьветнаму злу — маштабнаму, непераможнаму, а часам і нябачнаму. Мы склалі для вас аўтарскі сьпіс лепшых фільмаў, у якіх чалавецтва (ці яго лепшыя прадстаўнікі) сутыкаецца з найвялікшай пагрозай — і не здаецца. Прыемнага прагляду!

Кадр аднаго з фільмаў нашай падборкі

Кадр аднаго з фільмаў нашай падборкі

Іншыя аўтарскія падборкі фільмаў шукайце тут.

Нумар 10. Зорныя войны (Star Wars). 1977

star_wars_2.webp

Лепшыя фільмы пра сусьветнае зло не маглі абыйсьціся без гэтай легендарнай франшызы. Мы ўключылі ў сьпіс самы першы эпізод, які пабачыў сьвет. Але калі вы яшчэ не пачыналі глядзець, нагадаем – ён мае чацьверты парадкавы нумар у храналёгіі Зорных войнаў. Тое, што адбывалася да падзеяў гэтай стужкі было зьнятае Джорджам Лукасам на мяжы тысячагодзьдзяў, а тое, што пасьля трох першых фільмаў – у 2015 годзе.

Можна заблытацца, да таго ж фаны Зорных войнаў у прыблізна роўнай прапорцыі падзяляюцца на тых, хто заахвочвае глядзець стужкі па чарзе як іх стварэньня, так і па нумарацыі эпізодаў.

Люк Скайуотэр, Дарт Вэйдэр, Обі Ўан Кенобі, Хан Сола, робаты – героі гэтых фільмаў вядомыя нават тым, хто яшчэ не знаёмы з сюжэтам. Абыйдземся без спойлераў – выдатная касьмічная сага здолее распавесьці пра сябе сама.

Нумар 9. Галодныя гульні: Успыхвае агонь (The Hunger Games: Catching Fire). 2013

the_hunger_games_1.avif

Лепшая частка папулярнай франшызы з Джэніфэр Лоўрэнс у галоўная ролі. Рэжысэр Фрэнсіс Лоўрэнс зьняў майстэрскі працяг антыўтапічнай сагі. Складаны сьвет Панэм становіцца больш зразумелым. Палітычныя нюансы набываюць сэнс, а героі – зразумелую матывацыю. Дональд Сазэрлэнд на экране паказваецца ня часта, але ягоная роля прэзідэнта Капітолія Сноў застаецца вельмі істотнай для агульнай канвы твора.

Гераіня Джэніфэр Лоўрэнс расьце на экране ад дзяўчынкі, якая выжыла ў гульні, да той, якая становіцца лідарам паўстаньня супраць дыктатуры. Запрашаем на галодныя гульні!

Нумар 8. Омэн (The Omen). 1976

the_omen_2.jpg

Стужка пра дзіця, але дзецям яе лепш не паказваць. У сям’ях бываюць выпадкі, калі дзеці тэрарызуюць бацькоў і іншых людзей, калі яны ўмеюць маніпуляваць, даводзіць да патрэбнага ім выніку любыя сітуацыі. Але ніводныя з вядомых вам выпадкаў не параўнаюцца з тым, што паказаў у сваёй стужцы Рычард Донэр.

У сям’і дыплямата нараджаецца нежывое немаўля. Галоўны герой у выкананьні Грэгары Пэка ўсынаўляе іншага дзіцяці, у якога ёсьць адметнасьць – радзімая пляма ў выглядзе трох шасьцёрак. Нарадзілася яно 6 чэрвеня а 6 гадзіне. Мы становімся сьведкамі, як той, каму наканавана стаць антыхрыстам, распачынае сваё жыцьцё на зямлі. Некаторыя пачынаюць заўважаць, што з хлопчыкам нешта ня тое — і гэта можа скончыцца для іх трагічна.

Вельмі ўражлівы фільм, майце на ўвазе.

Нумар 7. Добры пастыр (The Good Shepherd). 2006

the_good_shepherd_1.jpg

Рэдкая зьява ў сусьветным кіно – калі ў ролі рэжысэра выступіў вялікі Робэрт Дэ Ніра. Ён жа выканаў адну з галоўных роляў, але асноўнымі акторскім зоркамі тут выступілі Анджэліна Джалі і Мэт Дэйман. Стужка расьцягнулася амаль на тры гадзіны і ў плаўным тэмпе распавядае захаплльную гісторыю аб стваральніку ЦРУ.

Дэ Ніра прапануе гледачам змрочны погляд на асабістыя ахвяры і маральныя неадназначнасьці, уласьцівыя сьвету выведкі. Калі ты ідзеш у агенты – ты ўцякаеш ад усяго астатняга, як бы не стараўся пераканаць самога сябе ў адваротным.

Тэмп стужкі адмыслова не хуткі, што дазваляе адчуць дэталі, паўцені і непрамоўленыя сэнсы.

Нумар 6. Мэта нумар адзін (Zero Dark Thirty). 2012

zero_dark_thirty_2.jpg

Таленавітая Кэтрын Бігелаў зьняла моцны і рашучы фільм пра дзесяцігадовае паляваньне на Ўсаму бэн Ладэна. Гэтая стужка - не звычайны пераказ падзеяў, але гісторыя, якая зацягвае гледачоў у цёмныя і неадназначныя калідоры выведкі і вайны.

Джэсіка Чэстэйн выконвае галоўную ролю, а яе вачыма гледачы трапляюць у лабірынт інтэлекту. Гэта прывядзе як да трыюмфу, так і яго разбуральных вынікаў. З вялікімі розумамі звычайна так і бывае. Кэтрын Бігелаў не цураецца адлюстраваньня катаваньняў ісламістаў і яго ролі ў паляваньні на галоўнага тэрарыста бэн Ладэна.

Стужка не дае простых адказаў, і ў гэтым яе моц.

Нумар 5. Жыцьцё іншых (Das Leben der Anderen). 2006

das_leben_der_anderen_1.jpg

Дзівосна падобная да беларускага сучаснага жыцьця праца нямецкага рэжысэра Флярыяна Хенкеля фон Донэрсмарка, якая распавядае пра страшэнныя рэчы, якімі займаліся штазі – агенты спецслужбаў акупаванай камуністамі ГДР. Стужка паглыбляецца як у штодзённую працу па сачэньні, выпытваньні і татальнаму кантролю над уласнымі трусікамі (закрэсьлена – грамадзянамі), так і ўва ўнутраны канфлікт, да якога прыходзяць шпіёны.

За вамі сочаць. Быць можа нават у гэтую сэкунду. З такім разуменьнем жылі людзі пад прыгнётам чырвонага раю. Так працягваюць жыць у Беларусі і сёньня. Але кожнай тыраніі прыходзіць канец.

Нумар 4. Голдфінгэр (Goldfinger). 1964

goldfinger_1.jpg

Бадай, лепшай стужка пра агента 007 у вакананьні Шона Конэры, і адна з лепшых сярод усіх фільмаў пра Джэймса Бонда. Прыгожая, дынамічная, як заўжды з выдатным гумарам гісторыя разгортваецца вакол спробы таямнічага злодзея Голдфінгэра падпарадкаваць сабе ўвесь сьвет. Ён спрабуе даць перавагу кітайцам у змаганьні з ЗША, заклаўшы «брудную» атамную бомбу ў Форт Нокс (а гэта вайсковая база, дзе захоўваецца амэрыканскі залаты запас у зьлітках).

У Голдфінгэра наступная мэта: бомба спрацоўвае, усё золата становіцца апрамененым і бескарысным. Выратаваць сытуацыю выпадае агенту брытанскай выведкі Джэймсу Бонду. Галоўная музычная тэма выконваецца Шырлі Бэсі. Гэтую песьню вы палюбіце з першага праслухоўваньня, калі яшчэ не пасьпелі раней.

Нумар 3. Цёмны рыцар (The Dark Knight). 2008

the_dark_knight_3.webp

Верагодна, праца Крыстафэра Нолана зьяўляецца найлепшым фільмам сярод усіх створаных супергеройскіх гісторыяў. Бэтмэн у выкананьні Крысьціяна Бэйла не выглядае карыкатурным, як большасьць герояў Марвэл. Усё ж кінасусьвет DC, куды акурат і адносіцца Бэтмэн, трэба прызнаць, больш вытанчаны.

Гэта сапраўдны твор мастацтва, значна шырэйшы за забаўляльную функцыю, якую звычайна перасьледуюць фільмы пра людзей са звышздольнасьцямі.

Бэйл у гатычным фільме Нолана шыкоўна выглядае з тонкай гульнёй, якая адлюстроўвае псыхалягічныя пакуты чалавека, што змагаецца з дваістасьцю свайго існаваньня. Бэтмэн Бэйла — гэта асоба трагічная, якая павінна змагацца са злом. Галоўны злодзей тут — Джокер, якога выканаў Хіт Лэджэр, таксама зьяўляецца эталёнам.

Хто запануе ў легендарным Готэм-Сіці?

Нумар 2. Тры дні Кондара (Three Days of the Condor). 1975

three_days_of_the_condor.jpg

Часам, калі здаецца, што ты працуеш на шпіёнскую агенцыю, але сам нібы стаіш па-за цёмнымі і сьлізкімі справамі, а толькі выконваеш дапаможную функцыю, можна прыйсьці да высновы, што агенты і шпіёны – недзе там, у справаздачах. Але ў любы дзень можа адбыцца пераварот сьвядомасьці, як гэта здарылася ў героя Робэрта Рэдфарда ў шпіёнскім трылеры Сідні Полака.

Выблытвацца ад сітуацыі, калі супраць цябе – невядомыя агенты незразумелай службы – будзе дапамагаць чароўная Фэй Данаўэй. Шпіёнскія гульні з крывавым сьледам.

Нумар 1. Ганебныя выблядкі (Inglourious Basterds). 2009

inglourious_basterds_4.jpg

Квенцін Таранціна напісаў сцэнар і паставіў гэты ваенны фільм, у якім распавядаецца альтэрнатыўная гісторыя папярэдняй вялікай вайны. Адбываюцца дзьве змовы з мэтай забойства кіраўніцтва нацысцкай Нямеччыны: адна была сплянаваная групай амэрыканскіх габрэйскіх жаўнераў, а другая — уладальнікам французскага габрэйскага тэатра.

Таранціна выдаткаваў больш за дзесяць гадоў на стварэньне сцэнара і разглядаў гэты праект як свой шэдэўр і лепшую працу. Ён ахарактарызаваў людзей са стужкі як «не тых звычайных герояў, што мы прызвычаіліся бачыць, якія ўцягнутыя ў вялікую справу Другой сусьветнай вайны».

Фантастычная роля Крыстофа Вальца выглядае як гатовы ўрок акторскага майстэрства найвышэйшага ўзроўню.

Прыемнага прагляду!