Топ-10 фільмаў для Велікоднага настрою

У 2025 годзе сьвята Ўваскрашэньня Хрыста адзначаецца ўсімі канфэсіямі ў адзін дзень, што здараецца досыць рэдка. Мы не маглі абмінуць такую падзею, і падрыхтавалі аўтарскі сьпіс лепшых фільмаў, якія дапамогуць настроіцца на Вялікдзень. Прыемнага прагляду!

Кадр з аднаго з фільмаў нашай падборкі

Кадр з аднаго з фільмаў нашай падборкі

Акрамя гэтай аўтарскай падборкі, іншыя сьпісы фільмаў глядзіце тут.

Нумар 10. Дзесяць запаветаў (The Ten Commandments). 1956

the_ten_commandments_3.avif

За 33 гады да гэтай экранізацыі гісторыі пра Майсея, той жа рэжысэр Сэсіл Б. ДэМіль зьняў сваю першую вэрсію. Кожная зь іх валодае фантастычнымі якасьцямі сапраўднага мастацтва.

Другая, больш сучасная вэрсія яго грандыёзнай пастановы і візуальнага відовішча робяць фільм ідэальным кампаньёнам для вечара, прысьвечанага фундамэнтальным духоўным гісторыям. Стужка цягнецца каля 4 гадзінаў, але гэта нашмат меньш, чым 40 гадоў, напрацягу якіх габрэі хадзілі па пустыні, перш чым трапіць у Сьвятую Зямлю.

Выдатны прадстаўнік фільмаў жанру пеплум.

Нумар 9. Брат Сонца, сястра Месяц (Fratello sole, sorella luna). 1972

fratello_sole__sorella_luna_1.jpg

Франка Дзэфірэлі зьняў фільм пра вялікага сьвятога Францішка з Асызі. У час выхаду водгукі былі мякка кажучы разнаплянавыя. Нехта быў у захапленьні ад стужкі, іншыя ж знаходзілі яе занадта вольным пераказам гістарычных падзеяў, якія адбываліся амаль тысячагодзьдзе таму.

Дзэфірэлі зрабіў цэлае дасьледаваньне глыбокай сувязі сьвятога з прыродай, яго радыкальнага прыняцьця беднасьці і адданасьці Богу. Грэм Фолкнэр, які выконвае галоўную ролю, адлюстроўвае нутранае хваляваньне Францішка, яго харызму і сапраўдную радасьць, якую ён знаходзіў у прастаце.

Ці здольныя былі б вы, маючы дастатак значна вышэй за сярэдні, у адзін дзень адмовіцца ад апошняй манэты і скіравацца ў пустыню, каб маліцца?

Нумар 8. Жыцьцё за жыцьцё. (Życie za życie. Maksymilian Kolbe). 1991

zycie_za_zycie._maksymilian_kolbe.jpg

Праца Кшыштафа Занусі зьяўляецца вытанчаным шэдэўрам, які апавядае пра жыцьцё і самаадданую ахвяру сьвятога Максымільяна Кольбэ, манаха-францішканца, які стаў сымбалем веры і гераізму падчас Другой Сусьветнай вайны. Будучы сьвяты пэўны час служыў і ў Беларусі, перадусім у Гародні.

Гледачы ўбачаць гісторыю чалавека, які пражыў сваё жыцьцё ў служэньні іншым і ўрэшце аддаў сваё ўласнае жыцьцё, каб выратаваць незнаёмца ў Асвенцыме.

Занусі малюе яркую карціну жудасных жахаў канцэнтрацыйнага лягеру, і паказвае рашучасьць Кольбэ даць суцяшэньне і надзею тым няшчасным, хто як і ён быў у нацысцкім зьняволеньні.

Нумар 7. Марыя Магдалена (Mary Magdalene). 2018

mary_magdalene_1.jpg

У духоўна насычанай драме Хаакін Фэнікс бярэ на сябе знакавую ролю Езуса Хрыста. Гэты фільм рэжысэра Гарта Дэвіса спрабуе разгледзіць веру, адданасьць і глыбокае ўзьдзеяньне асобы Езуса на чалавека.

Вобраз Фэнікса адлюстроўвае сутнасьць духоўнага лідэра, ён падкрэсьлівае чалавечнасьць Езуса, калі ён спраўляецца са складанасьцямі сваёй Боскай місіі. Гэты Езус зьяўляецца сьціплым і блізкім настаўнікам, які натхняе і захапляе сваімі словамі і дзеяньнямі.

У аснове фільма ляжаць адносіны паміж Марыяй Магдаленай, вытанчана і глыбока адлюстраванай Руні Марай, і Езусам. У рэальным жыцьці акторы зьяўляюцца мужам і жонкай, і ствараюць адну з лепшых кінапараў сучаснасьці.

Нумар 6. Бэн-Гур (Ben-Hur). 1959

ben_hur_4.jpg

Параўнаньне нямой эпапеі Фрэда Нібла 1925 года і вэрсіі Ўільяма Уайлера 1959 года ўяўляе цягне за сабою і непазьбежнае параўнаньне эвалюцыі кінематографа. Абодва фільмы, заснаваныя на рамане Лью Ўолеса 1880 года, апавядаюць пра Юду Бэн-Гура, габрэйскага прынца, несправядліва абвінавачанага ў здрадзе свайму сябру дзяцінства, які стаў рымскім трыбунам Месалай. 

Фільмы, хаця і маюць аднолькавую гісторыю, значна адрозьніваюцца з пункту гледжаньня тэхналёгіі, стылю і характараў.

Стужка Нібла — сьведчаньне велічы і амбіцый нямога кіно. Нягледзячы на адсутнасьць дыялёгаў, у фільме выкарыстоўваюцца драматычныя мэтады візуальнага апавяду. Выявы старажытнага Ерузалему і Рыму, рэалізаваныя праз складаныя дэкарацыі і тысячы дадатковых элементаў, ствараюць захапляльнае відовішча, праверце на ўласным досьведзе.

Праца Ўайлера карыстаецца тэхнічнымі дасягненьнямі эпохі гуку і колеру. Гэтая вэрсія прапануе больш псыхалягічна складанае адлюстраваньне сваіх герояў. Знакамітыя гонкі на калясьніцах застаюцца эталёнам якасьці і ў наш час.

Абодва фільмы маюць моцны хрысьціянскі голас. Аднак вэрсія 1959 года паказвае выразную выяву Хрыста і больш канкрэтнае пасланьне прабачэньня. Больш раньняя вэрсія 1925 года, хоць і дэманструе біблейскія сцэны, але больш суадносіць іх з агульнай эпапеяй, а не з маральнымі урокамі.

Бэн Гур 1959 года да гэтага дня зьяўляецца рэкардсмэнам па колькасьці ўзнагародаў Оскар. Стужка атрымала 11 статуэтак, у тым ліку і за лепшы фільм года. З тых часоў толькі 2 стужкі здолелі паўтарыць дасягненьне: Тытанік у 1997 годзе і Ўладар Пярсьцёнкаў у 2003.

Нумар 5. Два Папы (The Two Popes). 2019

the_two_popes_1.webp

Фільм рэжысэра Фэрнанда Мэйрэлеса бліскуча адлюстроўвае ключавы момант у найноўшай гісторыі Каталіцкага Касьцёла праз далікатнае дасьледваньне дзьвюх яго галоўных фігураў — Папы Бэнэдыкта XVI і кардынала Хорхе Бэрголіа, які пазьней быў абраны новым Папам Францішкам. Дзеяньне фільма разгортваецца на фоне прыгожа намаляванага Рыма і Ватыкана, і ён менш распавядае пра фізычны горад, а больш пра сымбалічную і гістарычную вагу, якую ён нясе як сэрца каталіцкага сьвету.

Энтані Хопкінс і Джонатан Прайс выконваюць вельмі глыбокія ролі Папы Бэнэдыкта XVI і кардынала Бэрголіа. У безьлічы шыкоўных дыялёгах гледачы знаёмяцца з узаемаадносінамі дваіх лідараў. Тое, што далейшыя погляды на будучыню Касьцёла былі дыямэтральна рознымі, паказвае кніга былога асабістага сакратара Бэнэдыкта XVI, якая пабачыла сьвет летась.

Папа Бэнэдыкт XVI паказаны як вобраз традыцыйнага, кансэрватыўнага сьвятара, а будучы Папа Францішак – як прыклад сьвежага ветру. Вядома, ёсьць вялікае пытаньне, ці не зьнясе сьвежы вецер усё тое, што будавалася напрацягу двух тысячаў гадоў. І ці дзьме ён насамрэч у правільны бок – пакажа гісторыя.

Нумар 4. Абрагам (Abraham). 1993

abraham_2.jpg

Музыка Эніа Марыконэ, старазапаветныя краявіды і шыкоўны акторскі склад у выглядзе Рычарда Харыса, Барбары Хэршы, Максыміліяна Шэла і Готфрыда Ёна – перад вамі стужка, якая можа служыць прыгожым і плённым знаёмствам з Бібліяй.

Ці проста чалавеку згадзіцца з тым, што прапануе яму Бог? І ўвогуле, як зразумець, што не ўласнае ўяўленьне ці фантазія, а сам Творца Сусьвету прамаўляе ў тваім сэрцы? Гісторыя Абрама, які стаў Абрагамам і бацькам усіх ізраільцянаў па-ранейшаму зьяўляецца надзвычай натхняльнай.

Калі вы ўяўлялі, як мог бы выглядаць Абрагам, гэтая стужка, падаецца, перадае гэтае ўяўленьне на сто адсоткаў. Рычард Харыс, магчыма, пражыў усё жыцьцё, каб на экране пражыць жыцьцё Абрагама.

Нумар 3. Караль, чалавек які стаў Папам (Karol, un uomo diventato Papa). 2005

karol__un_uomo_diventato_papa_2.jpg

Стужка, якая глыбока адаб’ецца ў вашым сэрцы і пакіне пасьля сябе глебу для працяглых развагаў. Гэтую карціну палякі запрасілі зьняць італьянца Джакама Баціята. Нездарма: фільм пра Караля Вайтылу, які нарадзіўся ля Кракава, а памёр у Рыме.

Звон шалёна адбівае трывогу ў Кракаве — немцы перайшлі мяжу з Польшчай 1 верасьня 1939 года, і маладыя людзі наперабой кажуць аб неабходнасьці ісьці ў армію, бараніць радзіму і забіваць ворагаў. Але адзін зь іх — Караль — разумее, што пазбавіць чалавека жыцьця ён не зможа.

Мы становімся сьведкамі цэлай гістарычнай эпохі, у якой жыў Караль Вайтыла. Жахі нямецкай акупацыі зьмяняюцца тэрорам камуністычнай адміністрацыі. Малады чалавек у пэўны час адчувае пакліканьне — стаць сьвятаром. Каб урэшце праз дзесяцігодзьдзі стаць Папам — Янам Паўлам ІІ.

Гэтая стужка павінна быць у вашым абавязковым сьпісе да прагляду.

Нумар 2. Пакуты Жаны Д’Арк (La passion de Jeanne d'Arc). 1928

la_passion_de_jeanne_d_arc_2.jpg

Перад намі шэдэўр Карла Тэадора Дрэйера. Адразу трэба пазначыць: стужка чорна-белая ды яшчэ і нямая. На нашую думку, «Пакуты Жаны Д’Арк» — гэта адзін з найлепшых фільмаў за ўсю гісторыю кінематографу. А роля Жаны Д’Арк у выкананьні Марыі Фальканэцьці — эталён акторскага майстэрства. Здымкі не прайшлі без наступстваў для акторкі — яна аддала насамрэч усё сваё жыцьцё ў гэтую ролю. Больш Марыя Фальканэцьці не здымалася, і больш за тое, пазьней ёй прыйшлося праходзіць лекаваньне з прычыны душэўнага разладу.

У фільме не ўбачым гераічнай Жаны, якая ўзначаліла змаганьне супраць ангельскай акупацыі Францыі. Мы трапляем адразу ў 1431 год, калі Жана Д’Арк знаходзіцца на судовым працэсе ў якасьці абвінавачанай. Увесь фільм мы глядзім на твары, на твары, на твары. Дэкарацыі зьяўляюцца чымсьці цалкам другасным (хаця на іх стварэньне пайшоў амаль увесь бюджэт стужкі).

Нумар 1. Езус з Назарэту (Jesus of Nazareth). 1977

jesus_of_nazareth_2_1.jpg

«Хрыстус Уваскрос! Сапраўды Ўваскрос!» Падобнымі словамі ва ўсім сьвеце будзе адзначацца чарговы Вялікдзень. Напрацягу гісторыі кіно незьлічоную колькасьць разоў, яшчэ з ХІХ стагодзьдзя пачынаючы, рабіліся спробы экранізацыі жыцьця Збаўцы Езуса Хрыста.

Былі, безумоўна, вартыя адаптацыі, былі і прахадныя карціны. Але кінаэталёнам можа служыць гэтая праца, створаная Франка Дзэфірэлі з Робэртам Паўэлам у галоўнай ролі.

Больш за 6 гадзінаў у рэжысэрскай вэрсіі фільма прамільгнуць як адно імгненьне. Чыстае мастацтва паводле самай галоўнай гісторыі ў гісторыі чалавецтва.

Прыемнага прагляду!