Дыялог з прыкметамі лагарэі

Еўрачыноўнікі сталі аддаваць перавагу кулуарным, з прысмакам цынізму, адносінам з апалагетам беларускага рэжыму і яго фэйкавымі НДА. Створаны такі ландшафт узаемаадносін, які не абяцае Беларусі ніякага прагрэсу ў бок Еўропы.

Фота belsat.eu

Фота belsat.eu

Адносіны паміж Мінскам і ЕС у лістападзе прайшлі ў актыўным рэжыме дыялогу. Пілігрымка разнастайных гасцей з Еўропы таму сведчанне. Танальнасць зносін выглядала аптымістычна.

Праўда, крытыка афіцыйнага Мінска ў прынятай рэзалюцыі Еўрапарламента была закліканая нейкім чынам ацвярэзіць аптымістаў цяперашняй нармалізацыі адносін паміж ЕС і Беларуссю, рэжым якой застаецца са сваёй нязменнай, «ненахіляльнай» палітыкай. У МЗС Беларусі заявілі, што гэты дакумент наносіць шкоду далікатнай нармалізацыі адносін Мінска і Бруселя.

А тым часам, прадстаўнікі беларускага рэжыму працягваюць нагадваць сваім слухачам, што гэта не Беларусь, а Захад змяніўся ў дачыненні да яе незалежнай палітыкі. І сапраўды, да своеасаблівага разумення Мінскам еўрапейскіх базавых каштоўнасцяў (правы чалавека, дэмакратычныя выбары, незалежныя медыя і г.д.) у Брусэлі, ды і іншых еўрасталіцах у апошні час ставяцца настолькі гнутка, што сталі блытаць прагматызм з цынізмам, часам адкрыта дэманструючы сваё раздражненне ад актыўнасці беларускіх праваабаронцаў і прынцыповых апазіцыянераў.

Еўрачыноўнікі сталі аддаваць перавагу кулуарным, з прысмакам цынізму, адносінам з апалагетам беларускага рэжыму і яго фэйкавымі НДА. Створаны такі ландшафт узаемаадносін, які не абяцае Беларусі ніякага прагрэсу ў бок Еўропы. А ў дыялогу, то Мінскім, то Брусэльскім, усё часцей сталі выяўляцца прыкметы лагарэі. Да такіх характарыстык пачалі прыходзіць некаторыя назіральнікі, якія часам апынаюцца блізкімі да гэтага працэсу без бачных вынікаў сістэмных зменаў.

Усе рэпрэсіўныя механізмы кіруючага рэжыму ў Беларусі, якія яшчэ нядаўна так крытыкавала аб'яднаная Еўропа, застаюцца ў сіле. І часам нават ствараецца ўражанне, што гэтыя механізмы могуць мадэрнізавацца за кошт матэрыяльнай дапамогі ЕС, ствараючы тым самым ілюзіі адаптацыі да еўрапейскіх стандартаў. Па некаторых дадзеных, такога роду аптымізм прысутнічае сярод немалой колькасці еўрачыноўнікаў, адказных за адносіны з Беларуссю.

Сёння, бадай, самым бачным каменем перапоны ў двухбаковых адносінах з ЕС стала пытанне прымянення смяротнага пакарання. Варта нагадаць, што Беларусь застаецца адзінай краінай у Еўропе, дзе яно дзейнічае. Здавалася б, у якасці кампрамісу мог бы стаць, як у Расіі і многіх іншых краінах СНД, мараторый на смяротнае пакаранне. Аднак Лукашэнка, ад пазіцыі якога залежыць у краіне ўсё, на гэта не ідзе. Такія паводзіны ўспрымаюцца як звычайны гандаль з ЕС за яшчэ большыя выгады вядомыя толькі яму самому.

Што тычыцца змяненняў выбарчага заканадаўства, пра якія ўжо не адзін год кажа ЕС, то яны і зусім уяўляюцца нерэальнымі ва ўмовах існуючага рэжыму ўлады. Не варта сумнявацца, што Лукашэнка выразна засвоіў наступствы гарбачоўскай галоснасці. А ўжо ўкраінскія майданы, якія стымуляваліся праеўрапейскімі настроямі мас, і зусім здольныя ўзбуджаць хваравітую бяссоніцу беларускага, ды і іншых постсавецкіх кіраўнікоў. І яны гатовыя падоўжыць сваё палітычнае даўгалецце за кошт сваіх тых ці іншых знешнепалітычных ініцыятыў тыпу «інтэграцыя інтэграцый», а то і зменай Хельсінкскага працэсу на Мінскі.

Трэба так разумець, што, калі Хельсінкскі саміт замацаваў пасляваенныя еўрапейскія рэаліі (межы), то прапанаваны Лукашэнкам (кажуць, з падачы Пуціна) Мінскі працэс закліканы ператварыць у юрыдычную рэальнасць цяперашнія дзяржаўныя межы. У тым ліку і тыя, што ўзніклі ў самаабвешчаных, непрызнаных, анексіраваных утварэнняў на постсавецкай прасторы. Па словах некаторых еўрачыноўнікаў, якія ўдзельнічалі ў рэанімацыі германа-беларускага Мінскага форума, гэтыя, ды і іншыя прапановы афіцыйнага Мінску сталі ўважліва вывучаць у Брусэлі і іншых еўрасталіцах.

Як уяўляецца, іх сур'ёзны разгляд, абмеркаванне, у пэўнай ступені будзе залежаць ад вынікаў выбараў у Германіі і Францыі ў наступным годзе. А таксама, магчыма, пасля інаўгурацыі прэзідэнта ЗША Дональда Трампа. Пасля гэтага павінна стаць яснай еўрапейская палітыка ЗША. Бо ад яе чакаюць, канкрэтыкі без дэкларацый з прыкметамі лагарэі.