Расійскія «дыскусійныя клубы» — праваднікі «русского мира». Частка 2

У межах расследавання я імкнуся паказаць, якім чынам Расія выкарыстоўвае прадстаўнікоў журналісцкага асяроддзя, сеціва так званых дыскусійных клубаў «Импрессум», «Формат-А3», «Сковорода» для вядзення прапаганды, здзяйснення інфармацыйна-псіхалагічных аперацый і аперацый уплыву ў суседніх з ёю краінах.

001_5__1__1.jpg


Створаная і выкшталцаваная сістэма расійскіх медыяструктураў, падпарадкаваных адзінай задуме, мэтам і задачам, сведчыць пра вядзенне Расійскай Федэрацыяй паўнавартаснай інфармацыйнай вайны супраць Украіны, краінаў Балтыі, Малдовы і Беларусі — на сёння ключавога аб’екту ўздзеяння РФ.

У другой частцы расследавання раскрываецца ўдзел сеціва расійскіх медыяструктур, асноўным партнёрам якіх ёсць чарнасоценны «Изборский клуб», у аперацыях уплыву Расіі ва Украіне, што сталі своеасаблівым пралогам да пачатку акупацыі і анексіі Крыма, а затым баявых дзеянняў на Данбасе. Таксама ў гэтым матэрыяле — звесткі пра падрыўную дзейнасць гэтых арганізацый у Латвіі і Літве.

Гэтая частка расследавання цалкам прысвечаная суседнім з Беларуссю краінам, бо яна — неабходная базавая інфармацыя перад пачаткам аналізу дзейнасці інструментаў рэалізацыі расійскай стратэгіі «soft power» у Беларусі.

Аперацыі ўплыву ў Крыме да акупацыі

За некалькі дзён да правядзення другога туру прэзідэнцкіх выбараў ва Украіне, 2 лютага 2010 года, медыяклуб «Формат-А3» на чале з Галінай Сапожнікавай афіцыйна адкрыў крымскі напрамак сваёй дзейнасці. На першае мерапрыемства ў Сімферопалі быў запрошаны кінарэжысёр і дэпутат Дзярждумы Станіслаў Гаварухін, зацяты прадстаўнік еўразійства і неаімперскай палітыкі Расіі. Праз два гады, у 2012 годзе, ён ачоліў выбарчы штаб Уладзіміра Пуціна, які ў штатным рэжыме вяртаў сабе прэзідэнцкі фатэль.

Імпрэза адбывалася ў канферэнц-залі гатэлю з красамоўнай назвай «Москва», які знаходзіўся ў дзяржаўнай уласнасці Сімферопальскай гарадской рады. Лейтматывам першай дыскусіі была ўкраінская, у тым ліку крымская тэма. Падчас мерапрыемства Гаварухін шчыра абураўся, што Крым знаходзіўся ў складзе Украіны, а імкненне ўкраінскай дзяржавы ўвайсці ў NATO назваў «хваробай карлікавых краінаў». Пры гэтым краінам Балтыі ён правакатыўна надаў азначэнне «васалаў».

Станіслаў Гаварухін у якасці спікера першай дыскусійнай сустрэчы ва ўкраінскім Сімферопалі, люты 2010 года. Фота format-a3.ru

Станіслаў Гаварухін у якасці спікера першай дыскусійнай сустрэчы ва ўкраінскім Сімферопалі, люты 2010 года. Фота format-a3.ru

Пасля гэтага мерапрыемства традыцыяй клуба стала правядзенне штомесячных сустрэчаў у Малдове і Крыме, агулам за 2010 год «Формат-А3» правёў 23 імпрэзы. Сацыёкультурнае і грамадска-палітычнае ўздзеянне расійскай імперыякратыі на Крым значна павялічылася. Пры гэтым дзейнасць украінскага сектару бяспекі на гэтым этапе заставалася збольшага пасіўнай і абмяжоўвалася маніторынгавымі захадамі.

Прадстаўніком «Формат-А3» у Крыме з’яўляецца Наталля Назарук — журналістка крымскага аддзялення аднаго з найбуйнейшых расійскіх дзяржаўных прапагандысцкіх холдынгаў «Россия сегодня».

Наталля Назарук з «саюзным інтэгратарам» і шэф-рэдактарам прапагандысцкага праекту «Сонар-2050» Сямёнам Уралавым — спікерам аднаго з мерапрыемстваў «Формат-А3» ва акупаваным Сімферопалі. Фота format-a3.ru

Наталля Назарук з «саюзным інтэгратарам» і шэф-рэдактарам прапагандысцкага праекту «Сонар-2050» Сямёнам Уралавым — спікерам аднаго з мерапрыемстваў «Формат-А3» ва акупаваным Сімферопалі. Фота format-a3.ru

Назарук таксама ўваходзіць у склад рэдакцыі севастопальскага выдання ForPost, якое належыць адной з ключавых постацяў так званай «Русской Весны» — «народнаму мэру» Аляксею Чаламу. Паводле Цэнтра «Міратворац», Назарук з’яўляецца памагатай расійскіх акупантаў, непасрэдна ўдзельнічала ў прапагандысцкіх мерапрыемствах РФ супраць Украіны, а таксама ў спробах легалізацыі акупацыі Крыма. За сваю дзейнасць яна была нават узнагароджаная Федэральнай службай судовых прыставаў РФ.

Ужо ў час расійскай акупацыі медыяклуб «Формат-А3» і ТРК «Крым» рэалізоўвалі супольны праект «Крымский формат», у межах якога праводзіліся круглыя сталы з запрошанымі клубам выступоўцамі. Адной з ключавых задач гэтага праекту было правядзенне інфармацыйных аперацый па спробах легалізацыі анексіі Крыма.

Агулам з 2010 года і да пачатку адкрытай фазы расійскай спецаперацыі па захопе Крыма ў лютым 2014 года «Формат-А3» правёў на ўкраінскай паўвыспе амаль 50(!) мерапрыемстваў. У Сімферопаль у якасці спікераў былі запрошаныя: прапагандыст Дзмітрый Кісялёў, вайсковы журналіст Аляксандр Сладкоў, які неўзабаве пачаў ствараць матэрыялы ваеннай прапаганды на акупаванай тэрыторыі Данбаса. На запрашэнне клуба 31 ліпеня 2013 года Крым наведаў галоўны рэдактар «Комсомольской правды» Уладзімір Сунгоркін. Праз дзевяць месяцаў, 22 красавіка 2014 года, указам Пуціна №269 ён быў узнагароджаны ордэнам «За заслуги перед Отечеством» чацвёртай ступені за забеспячэнне інфармацыйнай падтрымкі спецаперацыі захопу Крыма. Нагадаем, што менавіта «КП» з’яўляецца адным з заснавальнікаў медыяклуба «Формат-А3».

Галоўны рэдактар «КП» Сунгоркін і кіраўнік РФ Пуцін

Галоўны рэдактар «КП» Сунгоркін і кіраўнік РФ Пуцін

Свае ўзнагароды за крымскую кампанію атрымалі і іншыя спікеры клуба «Формат-А3»: Андрэй Кандрашоў, аўтар фільма «Крым. Путь на Родину», і тэлежурналіст Аркадзь Мамантаў (абодва — тэлеканал «Россия-1»). Агулам больш за сто супрацоўнікаў кампаніі ­ВГТРК, журналісты якой таксама з’яўляюцца сузаснавальнікамі клуба «Формат-А3», атрымалі ўзнагароды за акупацыю Крыма.

Варта зазначыць, што ў аперацыях расійскага ўплыву ў Крыме, у тым ліку ў кантэксце «дыскусійных мерапрыемстваў» медыяклуба «Формат-А3», што папярэднічалі правядзенню там заключнай фазы вайсковай аперацыі, асобнай фракцыяй удзельнічалі сталыя чальцы «Изборского клуба»: Аляксандр Праханаў, Міхаіл Хазін, Джульета Кьеза, Юры Палякоў, Максім Шаўчэнка, Міхаіл Лявонцьеў, Мікалай Старыкаў і іншыя.

У 2018 годзе дзейнасць медыяклуба «Формат-А3» пашырылася на акупаваны Севастопаль. Прадстаўніком арганізацыі ў гэтым горадзе стаў публіцыст і пісьменнік Платон Бяседзін (творчы псеўданім, сапраўднае імя — Максім Бяседзін).

Платон Бяседзін у якасці мадэратара мерапрыемстваў медыяклуба «Формат-А3» у Севастопалі. Фота format-a3.ru

Платон Бяседзін у якасці мадэратара мерапрыемстваў медыяклуба «Формат-А3» у Севастопалі. Фота format-a3.ru


Яго можна лічыць своеасаблівай візітоўкай усяго медыяклуба. Бяседзін актыўна падтрымаў акупацыю Крыма Расіяй. Паводле інфармацыі Цэнтра «Міратворац», ён прымаў удзел у дзеяннях, скіраваных на гвалтоўнае змяненне або скіданне канстытуцыйнага ладу або на захоп дзяржаўнай улады, удзельнічаў у замаху на тэрытарыяльную цэласнасць і недатыкальнасць Украіны.

Узровень прапагандысцкага майстэрства Бяседзіна цалкам адлюстраваны ў яго кнізе «Дневник русского украинца. Евромайдан, крымская весна, донбасская бойня», якую Дзяржаўны камітэт тэлебачання і радыёвяшчання Украіны ўключыў у адмысловы пералік кніжных выданняў, змест якіх скіраваны на ліквідацыю ўкраінскай незалежнасці, прапаганду гвалту, распальванне міжэтнічнай, расавай, рэлігійнай варожасці і нават здзяйсненне тэрарыстычных актаў. Натуральна, гэты прапагандысцкі твор забаронены для ўвозу і распаўсюду на тэрыторыі Украіны.

Цікава, што праз пэўны час пасля публікацыі гэтага прадукту прапаганды Бяседзін шчыра расчараваўся ў дзеяннях расійскай акупацыйнай адміністрацыі. У сваёй калонцы ў выданні «Сноб» ён адкрыта заявіў, што яго родны Севастопаль за час знаходжання пад юрысдыкцыяй Расіі ператварыўся ў цвінтар і балота.

У лютым 2019 года «Формат-А3» правёў у Крыме сваё апошняе мерапрыемства. Цалкам мажліва, прычынай гэтага ёсць інтэграванне і адаптаванне Крыма расійскай імперыякратыяй у палітычную, эканамічную, сацыякультурніцкую і гуманітарную прастору Расіі. Мэты і задачы аперацый уплыву на гэтай частцы ўкраінскай тэрыторыі ўжо выкананыя. Варта зазначыць, што на ўласна расійскай тэрыторыі «Формат-А3» публічныя сустрэчы не праводзіць, дзейнасць клуба засяроджана цалкам на дзяржавах «бліжняга замежжа», паводле расійскай тэрміналогіі.

«Сковорода» Дзмітрыя Кісялёва

Пасля таго, як на прэзідэнцкіх выбарах у 2010 годзе перамог Віктар Януковіч, правядзенне расійскіх аперацый уплыву ва Украіне стала цалкам неабмежаваным.

У верасні 2010 года тагачасны намеснік гендырэктара ВГТРК Дзмітрый Кісялёў, які ўжо тады быў заангажаваны ў палітычныя гульні Крамля, стварыў у Кіеве наступны клуб — «Сковорода», — названы так у гонар украінскага філосафа Рыгора Скаварады. Гэтая «дыскусійная» пляцоўка стала яшчэ адным з інструментаў рэалізацыі расійскай стратэгіі «soft power» ва Украіне — толькі больш значнага калібру. Паводле задумы расійскай імперыякратыі, клуб быў створаны для здзяйснення непасрэднага ўплыву ўжо на ўкраінскую эліту.

Цікава, што Кісялёў, адзін з асноўных сённяшніх расійскіх медыякілераў, за некалькі месяцаў да стварэння «Сковороды» быў запрошаны клубам «Формат-А3» на публічную сустрэчу ў Сімферопаль. На гэтым мерапрыемстве, яшчэ за чатыры гады да актыўнай фазы баявых дзеянняў у Данбасе, Кісялёў выказаў словы, якія раскрылі сапраўдныя мэты і задачы сеціва расійскіх медыяклубаў ва Украіне, і якія выразна артыкулююць неаімперскую палітыку РФ: «Украина и Россия — это пример разделенного народа, как, скажем, Восточная и Западная Германия, Южная и Северная Корея. Я считаю, что мы один народ и у нас общие национальные интересы».

З кастрычніка 2010-га і па кастрычнік 2013 года клуб «Сковорода» праводзіў амаль штомесячныя мерапрыемствы з запрошанымі спікерамі — расійскімі топ-палітыкамі, дарадцамі кіраўніка РФ, дэпутатамі Дзярждумы, журналістамі, пісьменнікамі, рэжысёрамі, прадстаўнікамі бізнес-колаў, рэлігійнымі дзеячамі.

Дзмітрый Кісялёў і запрошаны госць клуба «Сковорода» Уладзімір Жырыноўскі, 2013 год, Кіеў. Фота skovoroda.net

Дзмітрый Кісялёў і запрошаны госць клуба «Сковорода» Уладзімір Жырыноўскі, 2013 год, Кіеў. Фота skovoroda.net

Значная частка гэтых спікераў паралельна ўдзельнічала і ў мерапрыемствах сястрынскіх клубаў — «Импрессум» і «Формат-А3».

Цікава, што сярод сяброў клуба былі тагачасныя прадстаўнікі ўкраінскага ўраду, народныя дэпутаты Вярхоўнай Рады, уплывовыя фінансісты, алігарх Віктар Пінчук, прэзідэнт Нацыянальнай акадэміі навук Украіны Барыс Патон і нават Пётр Парашэнка.

Дзмітры Кісялёў частуе бульбай-фры колішняга міністра замежных спраў і будучага пятага прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнку. Фота зроблена ў 2011 годзе падчас аднаго з свецкіх раўтаў у Кіеве, арганізаванага клубам «Сковорода». Фота skovoroda.net

Дзмітры Кісялёў частуе бульбай-фры колішняга міністра замежных спраў і будучага пятага прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнку. Фота зроблена ў 2011 годзе падчас аднаго з свецкіх раўтаў у Кіеве, арганізаванага клубам «Сковорода». Фота skovoroda.net

З расійскага боку сябрамі клуба з’яўляліся пераважна ідэолагі еўразійства, якія асабіста ўдзельнічалі ў пасяджэннях клуба ў Кіеве ў якасці спікераў: Герман Грэф, Сяргей Глазьеў, Аляксандар Дугін, Уладзімір Жырыноўскі, Мікіта Міхалкоў, Уладзімір Мядзінскі, Сяргей Нарышкін, Аляксандр Праханаў, Карэн Шахназараў, Міхаіл Швыдкой і іншыя. Значная частка з іх пры гэтым з’яўляюцца і чальцамі «Изборского клуба».

На мерапрыемствах «Сковороды» асаблівая ўвага надавалася прасоўванню не толькі ідэалаў асноўнага геапалітычнага праекту РФ — еўразійства, — але і эканамічнай і палітычнай інтэграцыі Украіны з Расіяй, уваходжанню яе ў структуры расійскіх інтэграцыйных праектаў: «ЕврАзЭС» і «Таможенный союз».

З пачаткам Рэвалюцыі Годнасці ў лістападзе 2013 года дзейнасць «Сковороды» была згорнутая. Падтрымка канцэпту еўразійства і расійскага імперскага праекту былі рашуча адкінутыя ўкраінскай элітай.

Цікава, што адзін з ключавых прадстаўнікоў расійскай імперыякратыі рэжысёр Мікіта Міхалкоў яшчэ ў 2010 годзе падчас адной з першых сустрэч клуба ў Кіеве падзяліўся сваёй візіяй супольнай будучыні Украіны і Расіі: «Лет через 10 одна страна будет. Пусть не одно государство, но одна страна!» Аднак гэтыя планы не былі рэалізаваныя. Адзінае, што яднае цяпер Расію і Украіну — супольная лінія фронту і нерэгулярны абмен ваеннапалоннымі.

Прапагандысцкая экспансія РФ у Латвіі

Пасля пашырэння расійскіх аперацый уплыву на Украіну ў арбіту інтарэсаў прапагандысцкіх клубаў трапілі краіны Балтыі. 22 красавіка 2011 года «Формат-А3» правёў свае першае мерапрыемства ў Латвіі, на якое быў запрошаны адыёзны дзяяч «русского мира» і сталы чалец «Изборского клуба» Міхаіл Хазін. Непасрэдную супрацу з клубам здзяйсняюць фонд «Культурная линия» і «Русское общество Латвии».

Міхаіл Хазін на першым мерапрыемстве «Формат-А3» у Рызе. Фота format-a3.ru

Міхаіл Хазін на першым мерапрыемстве «Формат-А3» у Рызе. Фота format-a3.ru

Латвійскія спецслужбы адразу засяродзілі ўвагу на дзейнасці гэтага клуба, каб абмежаваць уздзеянне рычагоў расійскага ўплыву на сваю дзяржаву. Паводле інфармацыі Бюро па абароне Канстытуцыі Латвійскай Рэспублікі (Satversmes aizsardzības birojs, SAB), медыяклуб «Формат-А3» з’яўляецца расійскай платформай, місія якой палягае ў забеспячэнні набліжаных да Крамля расійскіх дзеячаў і экспертаў неабходнай міжнароднай медыяпрасторай для правядзення ў павестку дня міжнародных СМІ інфармацыйных наратываў, якія цалкам адпавядаюць рэалізацыі Расіяй свайго знешнепалітычнага курсу.

Прадстаўніком «Формат-А3» у Латвіі з’яўляецца Вольга Аўдзевіч (Барысава), журналістка рускамоўнага радыё Baltkom. Як і кіраўніца «Формат-А3» Галіна Сапожнікава, яна скончыла журналісцкі факультэт Ленінградскага ўніверсітэта. Працавала ў рыжскай газеце «Советская молодежь», была галоўным рэдактарам рускамоўнага выдання «Суббота». З’яўляецца кіраўніком фонда «Культурная линия» (Kultūras līnija), зарэестраванага ў снежні 2014 года. Разам з ёй чальцамі праўлення фонду з’яўляюцца Святлана Радзіня і Вераніка Раманава. Менавіта пад прыкрыццём гэтага фонду Аўдзевіч арганізуе ў Латвіі мерапрыемствы клуба «Формат-А3», якія асабіста і мадэруе.

Прадстаўніца клуба «Формат-А3» у Латвіі і кіраўніца фонда «Культурная линия» Вольга Аўдзевіч. Фота format-a3.ru

Прадстаўніца клуба «Формат-А3» у Латвіі і кіраўніца фонда «Культурная линия» Вольга Аўдзевіч. Фота format-a3.ru

Характэрна, што на імпрэзах клуба ў Латвіі запрошаныя расійскія выступоўцы выказваюць свае меркаванні зазвычай у нейтральнай і памяркоўнай афарбоўцы. Гэты прыём разлічаны на своеасаблівы фідбэк міжнародных СМІ, а таксама прыцягненне ўвагі прадстаўнікоў замежнага экспертнага асяроддзя. Паводле дадзеных SAB, падчас правядзення сустрэчаў клуба ў Рызе сярод слухачоў прысутнічаюць супрацоўнікі замежных спецслужб, якія працуюць у Латвіі пад дыпламатычным прыкрыццём. Відавочна, што імі могуць з’яўляцца прадстаўнікі расійскай знешняй выведкі, якія здзяйсняюць аператыўны збор інфармацыі ў дачыненні да асобаў, што цікавяцца Расіяй, а таксама вывучаюць рэакцыю ўдзельнікаў на разнастайныя тэмы дыскусій.

Для ўсяго сеціва расійскіх медыяклубаў тыповае правядзенне публічных сустрэчаў з ратацыяй адных і тых жа спікераў. Сярод якіх вядомыя расійскія і замежныя медыяперсоны, у тым ліку пісьменнікі, паэты, людзі кіно, прадстаўнікі журналісцкага асяроддзя, палітолагі, эканамісты і нават касманаўты. У абсалютнай большасці іх погляды цалкам супадаюць з наратывамі і штампамі расійскай прапаганды. З дапамогай стварэння ілюзіі пэўнай бесстароннасці і легітымнасці гэтых мерапрыемстваў здзяйсняюцца доўгатэрміновыя і паслядоўныя інфармацыйныя і псіхалагічныя аперацыі РФ, мэты і задачы якіх абіраюцца для кожнай краіны асобна.

На тэрыторыі Латвіі была выяўлена яшчэ адна кампанія Ігара Цяцерына, сузаснавальніка клуба «Импрессум», якая мае аналагічнае найменне, як і ў яго выдавецкага дома ў Эстоніі — SKP Media. Менавіта ў гэтым выдавецтве пабачылі свет інфармацыйныя прадукты, якія можна ўпэўнена разглядаць у кантэксце вядзення інфармацыйнай вайны супраць Эстоніі і Грузіі.

Выпіс з базы дадзеных кампаніі Lursoft юрыдычных асобаў, зарэестраваных у Латвіі / lursoft.lv

Выпіс з базы дадзеных кампаніі Lursoft юрыдычных асобаў, зарэестраваных у Латвіі / lursoft.lv


Адзіным бенефіцыярам гэтай латвійскай кампаніі з’яўляецца Ігар Цяцерын. Цікава, што яго сталым месцам жыхарства пазначана менавіта Расійская Федэрацыя.

Нагадаем: паводле Службы ўнутранай бяспекі Эстоніі (Kaitsepolitseiamet), клуб «Импрессум», сузаснавальніцай якога з’яўляецца таксама Галіна Сапожнікава, непасрэдна звязаны са Службай знешняй выведкі РФ (больш пра Цяцерына і медыяклуб «Импрессум» чытайце ў першай частцы расследавання — НЧ №18 (677) ад 16.05.2020).

Літва ў прыцэле расійскай інфармацыйнай вайны

Яшчэ ў лютым 2012 года тагачасны міністр абароны Літоўскай рэспублікі Раса Юкнявічэне ў афіцыйнай публікацыі на інфармацыйным рэсурсе Delfi засведчыла, што кіраўніца «Формат-А3» і журналістка «КП» Галіна Сапожнікава непасрэдна звязаная са спецслужбамі РФ. Імя Сапожнікавай фігуравала ў кантэксце правядзення Расіяй у Літве аперацый інфармацыйнага ўздзеяння і ўплыву.

Аднак, нягледзячы на адкрытае абвінавачванне ў падрыўной дзейнасці, Сапожнікава пашырыла актыўнасць клуба «Формат-А3» і на гэтую краіну Балтыі. 19 верасня 2012 года ў Вільні прайшло першае мерапрыемства.

Прадстаўніком «Формат-А3» у Літве з’яўляецца Альгіс Каланта, які больш за 15 гадоў быў рэдактарам рускамоўнай версіі газеты «Республика», а таксама працаваў у штотыднёвіку «Литовский курьер».

Мерапрыемства «Формат-А3» у Вільні. Першы леваруч — Альгіс Паланта, у цэнтры — расійскі пісьменнік і сталы чалец «Изборского клуба» Юры Палякаў. Фота format-a3.ru

Мерапрыемства «Формат-А3» у Вільні. Першы леваруч — Альгіс Паланта, у цэнтры — расійскі пісьменнік і сталы чалец «Изборского клуба» Юры Палякаў. Фота format-a3.ru

У жніўні 2015 года Сапожнікаву затрымалі і дэпартавалі з Літвы з забаронай наведваць гэтую краіну цягам пяці гадоў. Аднак на дзейнасці «Формат-А3» гэта аніяк не адбілася, клуб амаль штомесяц праводзіць сустрэчы з расійскімі спікерамі. Тым часам Сапожнікава толькі актывізавала свае дзеянні супраць Літвы, якія маюць усе адзнакі інфармацыйна-псіхалагічных аперацый.

Яскравы прыклада — прапагандысцкая кніга яе аўтарства: «Кто кого предал. Как убивали СССР и что стало с теми, кто пытался его спасти», якая была перакладзена і выдадзеная ў Вільні.

Вокладка кнігі Сапожнікавай пра падзеі ў Літве на літоўскай мове (Išdavystės kaina — «Кошт здрады»). Расійская прапаганда сфакусаваная не толькі на рускамоўных.

Вокладка кнігі Сапожнікавай пра падзеі ў Літве на літоўскай мове (Išdavystės kaina — «Кошт здрады»). Расійская прапаганда сфакусаваная не толькі на рускамоўных.

У лютым 2019 года гэты прадукт расійскай інфармацыйнай вайны быў забаронены ў Літве. Паводле Генеральнай пракуратуры Літоўскай Рэспублікі, у сваёй кнізе Сапожнікава тэндэнцыйна скажае гістарычныя факты пра забойства бяззбройных людзей ля Віленскай тэлевежы ў студзені 1991 года, масавы расстрэл літоўскіх дзяржслужбоўцаў на Медзінінкайскім памежным пункце ў траўні 1991 года і іншыя падзеі ў Літве ў 1990–1991 гадах. Згодна з рашэннем Віленскага акруговага суда, увесь наклад, надрукаваны літоўскім выдавецтвам «Politika», быў арыштаваны, а кіраўнік выдавецтва Павілас Масілёніс прыцягнуты да крымінальнай адказнасці за спробы апраўдання злачынстваў савецкай улады.

Кіраўнік выдавецтва «Politika» Павілас Масілёніс падчас судовага працэсу. Фота 15min.lt

Кіраўнік выдавецтва «Politika» Павілас Масілёніс падчас судовага працэсу. Фота 15min.lt

Падчас ухвалення вердыкту суд улічыў сталы ўзрост Масілёніса і пакараў яго толькі штрафам у памеры 2600 еўра.

Прыклады выдання прапагандысцкіх кніг расійскага квазігісторыка Аляксандра Дзюкава ў Эстоніі, Галіны Сапожнікавай у Эстоніі і Літве яскрава сведчаць, што расійская дзяржаўная прапаганда дзейнічае не толькі з дапамогай уласнага магутнага разгалінаванага медыясеціва, але спрабуе застасоўваць нават медыйныя мажлівасці краін, якія з’яўляюцца для РФ першаснымі цэлямі ў яе паўнавартаснай інфармацыйнай вайне. Пры гэтым асноўная задача — максімальнае ўздзеянне на масавую і індывідуальную свядомасць, а таксама на сэнсы і перспектывы будучыні насельніцтва гэтых краінаў.

Агулам у 2013 годзе «Формат-А3» правёў у Латвіі, Літве, украінскім Крыме і Малдове амаль 50 мерапрыемстваў. Падобная дынаміка не змянялася і ў наступным, 2014 годзе. Апроч Кішынёва і Тыраспаля публічныя сустрэчы адбываліся таксама і ў традыцыйна прарасійскім рэгіёне Малдовы — Гагаузіі.

Характэрна, што, паводле колькасці праведзеных у Малдове медыяклубам «Формат-А3» публічных сустрэчаў, яна з’яўлялася прыярытэтным аб’ектам для рэалізацыі расійскіх аперацый уплыву. Аднак усё кардынальна змянілася, калі ў прыцэл яго актыўнасці патрапіла Беларусь.

У наступнай частцы расследавання мы пачнем аналіз дзейнасці аднаго з эфектыўных іструментаў інфармацыйнай вайны Расіі — «дыскусійнага» клуба «Формат-А3» — у Беларусі.