Дзе ты, мой адзіны?
У Беларусі выбараў няма, але калі б былі, то… Альтэрнатыўным кандыдатам хацелася б бачыць асобу моцную, годную, апантаную, якая гарыць ідэяй, як малады Зянон Пазьняк, шляхетнага, адукаванага еўрапейца, як Аляксандр Мілінкевіч у гарачы час 2006-га. Гэта можа быць той ці тая — але лідар з вялікай літары «Л».
Не проста шараговы актывіст, не функцыянер, не фанатык, а жывы, яркі, адэкватны, сучасны і папросту адказны. З аўтарытэтам у сваіх перакананнях і дзеяннях. Якому хочацца давяраць.
Кандыдат на імпарт ці экспарт?
Давайце ўглядзімся ў твары «блоку пяці». Менавіта пяць палітычных структураў (АГП, БСДП, БХД, Рух «За Свабоду» і Партыя БНФ) салідарызаваліся і прапанавалі працэдуру праймерыз, у межах якіх будзе абраны адзіны кандыдат аб’яднанай апазіцыі. Пакуль эксперты найбольш схіляліся, прымяраючы вобраз адзінага, да кандыдатуры Паўла Севярынца. Але Павел перадусім знаны сваёй вялікай рэлігійнасцю. А кожны божы чалавек ведае, што палітыка — справа не пра веру. А існая вера — не пра амбіцыі.
Севярынец апошнім часам напраўду ўзляцеў і праявіўся як лідар пратэсту, лідар за незалежнасць. І ён акурат ёсць антыподам дзейснаму гаспадару. Але Севярынец жа і чужы бальшыні беларусаў. Задужа правільны ў адным (вера ды маральнасць перадусім) і нецярпімы ў іншым (да прыкладу, непрыманне ЛГБТ-супольнасці, што ў пэўнай ступені супярэчыць еўрапейскім каштоўнасцям). Малітвай можна выратаваць толькі тую частку Беларусі, якая ведае Паўла, шануе яго шчырасць, яго ахвярнасць, яго непахіснасць. Падаецца, Павел — ідэальны кандыдат ідэальнай хрысціянскай Беларусі, якой няма.
Усе кажуць: Севярынец. Але, верагодна, ніхто дарэшты не ведае, хто тым адзіным кандыдатам ад апазіцыі ўрэшце стане. І для каго гэты кандыдат? Для людзей? Каб замацаваць партыйныя пазіцыі? Каб давесці заходнім спонсарам, што «мы яшчэ ого-го!», каб яны паверылі чарговы апошні раз? Дакладней, іначай: калі фінансавання звонку не будзе — усе з радасцю аддадуць пальму адзінага Паўлу. Бо Севярынец — ён не пра рацыянальнасць, не пра грошы, а пра місію. І толькі напраўду святарны чалавек возьмецца праводзіць прэзідэнцкую кампанію без адпаведных сродкаў. Калі ж чаканая падтрымка намалюецца звонку (ці здарыцца цуд — і яна з’явіцца нават знутры краіны), то тут вялікі шанец, што за крэсла адзінага кандыдата будзе змаганне (і не слабае). І тут ужо пераможа той, хто найгаспадарлівейшы і мае найбольш трывалае месца ў міжпартыйных расстаноўках, найкемлівы і найярчэй прагучыць медыйна. Засталося нядоўга чакаць.
Лідар пратэсту, байкоту ці зменаў?
З іншага боку, калі адзінага кандыдата не зарэгіструюць, гэта стане нагодай для вулічных пратэстаў. І пры такім прагнозе Севярынец — найлепшы варыянт, бо ёсць практыка: за ім ужо пайшлі на вуліцы. Ён ідэальны «левы» ў расстаноўцы «анёл і дэман».
Некаторыя прыхільнікі байкоту пераконваюць, што больш за 80 працэнтаў беларусаў за байкот, але ж напраўду — людзям папросту ўсё роўна. Палітычная апатыя — не голас за байкот. Беларусь на сёння не мае адпаведнага патэнцыялу для эфектыўнага байкатавання. Пакуль Беларусь спіць, прынамсі, адным вокам. Хаця маем яшчэ некалькі месяцаў, каб усё змянілася.
Калі размова пра выбары на галоўную пасаду, ніколі нельга адмятаць шанец, што нешта зменіцца (ці нехта гучны з’явіцца) у апошні момант.
Тое ж і з ідэяй, што актывісты перадвыбарчай гонкі ўдзелам спрыяюць уладзе легітымізаваць працэс. Але каб яно так было, то ў гэтых парламенцкіх выбарах, што папярэднічалі прэзідэнцкім, не існавала б такой жорсткай цэнзуры. А яна сведчыць пра незацікаўленасць сістэмы ў іншых, адрозных, галасах. І чым грамчэй будзе гучаць альтэрнатыўны пункт гледжання, тым мацнейшыя заглушкі будуць настройваць. Значыць, выглядае на тое, што пэўны сэнс удзелу ўсё ж ёсць.
Зрэшты, размова ідзе пра рызыку страты Незалежнасці, таму і не выпадае грэбаваць ці не адзінай законнай магчымасцю «разбудзіць» людзей (без небяспекі быць аштрафаванымі ці закратаванымі) — праводзіць перадвыбарчую кампанію. Як заўжды — з вялікай верагоднасцю расчаравацца ў выніку.
Але ў такім разе трэба іншы кандыдат — спакойны, некрыклівы, паслядоўны, пераканаўчы, устойлівы, як сцяна, важкі з аднаго боку, але харызматычны — з іншага. Без фанатызму. З рацыяй і верай не толькі ў Беларусь і Бога, але і ў сябе. Кандыдат, які б асацыяваўся ў людзей не толькі з лозунгамі, адэкватнымі «абяцаннямі», але і канкрэтнымі дзеяннямі і справамі. Той, хто б не маўчаў да, у часе кампаніі, і не замаўчаў бы пасля яе заканчэння. Хто б выклікаў давер: так, ён здолее, ён зможа.
Праймерыз: 30% народу
Па сваёй прыродзе людзі не схільныя галасаваць за «вымушанага» адзінага, якога ім абралі. Прыклад Ганчарыка паказаў: калі абірае кандыдата не народ, а нехта іншы (грантадаўцы?), то няма ў тым праўды для людзей. Паводле правілаў праймерыз, пазапартыйныя галасы (прасцей кажучы, галасы простых беларусаў, грамадзянаў) будуць улічаныя ў лепшым выпадку ў 30 працэнтах, перавага мяркуецца на карысць партыйцаў (60 працэнтаў), што ўваходзяць у блок пяці аб’яднанняў-арганізатараў.
30% галасоў незалежных грамадзянаў — гэта пры любых раскладах мала, каб называцца «кандыдатам ад народа». І каб той самы народ не адчуваў сябе чарговы раз выкарыстаным ці надураным. Відавочна, гэты працэнт варта павялічыць. Дый яшчэ ёсць пытанні па самой працэдуры — дзе гарантыі празрыстасці, што не будзе накрутак за таго ці іншага? Прычым не абавязкова нават накрутак ад канкрэтных кандыдатаў, могуць пастарацца і сістэмныя хакеры. Калі ж удзел грамадскасці пашырыць, стварыць напраўду сумленную сістэму падліку, то новаўведзеная працэдура праймерыз не выглядае ўжо такой бездапаможнай і бессэнсоўнай.
З 3 да 16 лютага аргкамітэт прымае заяўкі на вылучэнне кандыдатураў паводле праграмы праймерыз. То-бок, кожны, хто мае 500 еўра (у супольны фонд абранага кандыдата), 200 фрэндаў, гатовых за яго распісацца, і жаданне рызыкнуць за еўрапейскія каштоўнасці і беларускую незалежнасць, можа патэнцыйна стаць кандыдатам у прэзідэнты ад, назавем яго, «блоку адзінага» альбо «блоку пяці».
Плюсы адзінага–2020
Яднанне ў любым разе лепей за крытыку, высвятленне і ўнутраныя міжусобіцы ды ўзаемакпіны. Адзінства і здольнасць дамаўляцца — гэта заўжды добра. Асабліва для беларускай апазіцыі, якая не меней чым з існуючым рэжымам змагаецца за мізэрныя працэнты цікавасці да кожнай асобна ўзятай партыі і яе кіраўніка паміж самімі ж сабой. Уменне дамаўляцца, аб’ядноўвацца, ісці на кампрамісы, знаходзіць кансэнсус — неабходныя якасці для любога дыпламата і палітыка. Як і ўменне гнуць сваю лінію ды трымацца ідэі.
На супольнага адзінага ад апазіцыі сёння прасцей атрымаць фінансавую падтрымку, чым на «парад кандыдатаў».
Адзіны ўзору 2020 года больш прадказальны, менш нечаканы (бо за ім стаяць арганізацыі, за якія нясецца адказнасць, і кіраўнікі гэтых арганізацый), адзінаму кандыдату прасцей пісаць прамовы, бо траціна там апрыёры закладзеная самім працэсам выбараў ды працэдурай праймерыз, а таксама супольнымі каштоўнасцямі арганізацый, якія прадстаўляе кандыдат.
У адзінага кандыдата ад некалькіх палітычных структураў значна большы шанец сабраць рэальныя, неабходныя 100 тысяч подпісаў.
Мінусы адзінага–2020
Яго яшчэ няма. Як і часу, за які рабіць перадвыбарчую кампанію. Адзіны кандыдат цяпер — як шматаблічны індыйскі бог Брахма. У яго шмат твараў — і пакуль ніводнага канкрэтнага. І паводле ўсіх дэдлайнаў, з адзіным кандыдатам гэтым разам канкрэтна спазніліся.
Дый ён не адзіны. Не ад усёй апазіцыі, а ў лепшым выпадку ад «блока пяці» (магчыма, у перспектыве далучыцца яшчэ нехта) палітычных апазіцыйных структур. Але ўжо зразумела, што ён не будзе адзіным — ад усёй апазіцыі. Бо ёсць «Гавары праўду» і іншыя.
Такі адзіны кандыдат руйнуе ідэю байкоту і «супраць усіх». Цяпер, калі прыхільнікі байкоту будуць тапіць супраць адзінага ад апазіцыі, а не ад улады, а «Свежы вецер» не трапіць нават у шчыліны на прэс-канферэнцыі нашых нібыта дэмакратаў, то зразумела, што апазіцыйная супольнасць падзеліцца яшчэ раз і яшчэ мацней у межах самой сябе паводле бачання кірункаў — куды ісці, з кім і за што.
Ідэальны кандыдат
Прагназуецца, што гэта будуць самыя сумныя прэзідэнцкія выбары за ўсю гісторыю выбараў у Беларусі. Электарат цяпер палітычна апатычны, што падкрэсліла і парламенцкая кампанія. Але яго ўсё ж — хоць і фрагментарна — хвалююць канкрэтныя пытанні, такія, як страта суверэнітэту, будаўніцтва акумулятарнага завода ў Брэсце, пэўныя новыя законы (хваля супраць дэкрэту аб дармаедах ці наркатычнага артыкула 328). Таму задачай для альтэрнатыўнага кандыдата будзе калі не перамагчы, то, прынамсі, папрацаваць, каб змяніць кірунак мыслення той часткі электарату, які на сёння ёсць чужым — электаратам сістэмы ды абыякавымі стомленымі беларусамі. Распачаць крок за крокам рэвалюцыю мыслення. Бо рэжымы змяняюцца спачатку ў галовах, а толькі потым — на вуліцах і ў Палацах.
Пакуль стартуе праймерыз, давайце прыгледзімся да кандыдатаў. З чыім імем вы б апранулі кашульку на сваё дзіця і выйшлі пагуляць па праспекце напрыканцы вясны? Ці ёсць такое імя? Калі мы не бачым вялікіх палітычных грамадскіх справаў за Брахмай-адзіным, давайце паглядзім на твары асобаў, што пакуль хаваюцца за ім, як на нашых сяброў і суседзяў, нашых любімых, каго можам ці не можам палюбіць. Як часта яны бавяць час са сваімі сем’ямі, колькі часу выдаткоўваць на выхаванне дзяцей, на якой мове размаўляюць з роднымі? Якую маюць адукацыю? Хто іх бацькі? Ці чыталі яны Караткевіча і Абдзіраловіча? Ці можна на іх абаперціся, даверыцца? Ці свае яны напраўду? Так, як да найбліжэйшага атачэння, да сваіх дзяцей, яны з вялікай верагоднасцю будуць ставіцца і да свайго народу, да яго будучыні. Хто яны — гэтыя людзі? А за каго хацелася б прагаласаць вам? Мо гэта і ёсць той самы адзіны, які патрэбны і ўсёй Беларусі?