Юрась Губарэвіч: У нас сур’ёзны падыход і ёсць пэўныя засцярогі
У нас сур’ёзны падыход і таго ж мы чакаем ад іншых прэтэндэнтаў, кажа пра беларускі ўнутраны праймерыз — старшыня Руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч.
Працэдура вылучэння кандыдатаў ужо пачалася і Губарэвіч — сярод першых, хто падаў заяўку. Чакаецца, яшчэ прыкладна, 5-7 кандыдатаў, якія будуць змагацца за званне «адзінага кандыдата ад апазіцыі» на выбарах 2020 год. Юрась Губарэвіч цалкам аспрэчвае крытыку, маўляў, працэдура праймерыз сканструяваная так, каб у ёй перамаглі толькі палітычныя лідары.
— Гэта не слушная крытыка. Рэальна кожны грамадзянін Беларусі можа падаць такую заяўку. У нас ёсць і пэўныя засцярогі, каб гэтай працэдурай не маглі скарыстацца асобы, якія вылучаюцца дзеля прыколу, ці проста дзеля таго, каб здабыць пэўную вядомасць. У нас сур’ёзны падыход, і мы такога ж сур’ёзнага падыходу чакаем ад кожнага прэтэндэнта. Таму яшчэ ёсць набор крытэраў да адзінага кандыдата, які мусіць падпісаць кожны, хто падае заяўку, напрыклад, прыхільнікі «рускага свету» альбо захавання існуючага стану рэчаў, яны не будуць зарэгістраваныя, гэта можна сказаць адназначна.
Прэтэндэнты таксама павінны ўнесці па 500 еўра на «тэхнічныя выдаткі», прозвішча адзінага кандыдата даведаемся ў траўні. Упершыню за апошнія 15 гадоў значнай частцы апазіцыі ўдалося дамовіцца пра тое, што яны не будуць вылучаць альтэрнатыўных кандыдатаў на прэзідэнцкіх выбарах.
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя