Дзень волі – 2015

Сёння — Дзень Волі, 97-я ўгодкі заснавання Беларускай Народнай Рэспублікі. Як зазвычай, апазіцыя адзначыць яго шэсцем у Мінску. Але гэтае шэсце пройдзе па сцэнары ўлады.



1331899371_pashtoka_2.jpg

Гэтым разам, дазваляючы Дзень Волі, Мінгарвыканкам пераўзышоў сам сябе. Першапачаткова арганізатары мерапрыемства планавалі, што акцыя пройдзе «ў звыклым рэжыме», са зборам яе ўдзельнікаў да 18 гадзінаў ля кінатэатра «Кастрычнік», шэсцем на плошчу Бангалор да 19.15, і там — мітынг і канцэрт. Аднак гарадскія ўлады Мінска палічылі, што спрыяльны час для правядзення гэтай акцыі — разгар рабочага дня. І дазволілі пачаць збор удзельнікаў у 15 гадзінаў, з 16 да 17 гадзінаў дайсці да Бангалора, дзе да 18-ці правесці мітынг.

Такім чынам, Дзень Волі наўпрост ператвараецца ў шэсце пенсіянераў, студэнтаў (і тое не ўсіх, а ў якіх да 15-й заняткі заканчваліся) лайдакоў і далучаных да іх журналістаў з міліцыянтамі. Відавочна, што пры такім раскладзе акцыі нават на «звычайную» масавасць разлічваць не выпадае.

Прадстаўнікі апазіцыі назвалі такое рашэнне Мінгарвыканкама «правакацыяй», «спробай сарваць мерапрыемства» і гэтак далей. Але, тым не менш, на гэтую правакацыю яны павяліся, пагадзіўшыся праводзіць акцыю па сцэнару ўладаў.

У арганізатараў былі шляхі, прынамсі, захаваць твар. Па-першае, можна было б ўвогуле адмовіцца ад правядзення акцыі. Бо цалкам зразумела, для чаго Мінгарвыканкам прыняў такое рашэнне: каб паказаць перад выбарамі, што апазіцыя — проста купка беспрацоўных маргіналаў, якая не здольная нават годна адзначыць уласнае галоўнае свята. Па-другое, можна было б перанесці святкаванне Дня Волі на больш зручны выходны дзень. Ну і што, што тады б дата была не 25 сакавіка. На тыя ж Дзяды Кансерватыўна-хрысціянская партыя — БНФ неабавязкова ладзіць акцыі менавіта 2 лістапада. Можна было б прапанаваць іншы сцэнар мерапрыемства. Карацей, варыянты ў арганізатараў былі. Чаму ж яны пагадзіліся з тым, што самі ж назвалі правакацыяй?

«Калі стаў выбар паміж тым, правесці дазволенае мерапрыемства 25 сакавіка, ці не мець такой магчымасці, выбар быў досыць відавочны. Нас, натуральна, не задаволіў той час, на які Мінгарвыканкам прызначыў мерапрыемства, але выбар быў правесці акцыю, альбо ўвогуле нічога не рабіць. Мы выбралі варыянт акцыю ладзіць», — тлумачыць адзін з заяўнікаў, лідар Партыі БНФ Аляксей Янукевіч.

Па ягоных словах, пасля таго, як Мінгарвыканкам паведаміў пра сваё рашэнне, не было магчымасцяў змяніць фармат акцыі альбо падаць новую заяўку. «У дадзеным выпадку ніякага поля для манеўру не заставалася», — лічыць Янукевіч. Канешне, яшчэ адну заяўку на масавае мерапрыемства можна падаць хоць зараз, разглядаць яе будуць цягам двух тыдняў. «Аднак акцыя ўсё ж прывязаная да даты 25 сакавіка, і рабіць яе ў красавіку, на нашу думку, недарэчна», — кажа лідар Партыі БНФ.

Натуральна, «на будучыню» Янукевіч абяцае ўлічыць досвед такога адказу Мінгарвыканкама і падаваць заяўкі на шэсці і мітынгі ў выходныя дні. Дарэчы, наступнае шэсце — «Чарнобыльскі шлях» — якраз прыпадае на нядзелю, 26 красавіка. Зараз ствараецца аргкамітэт па адзначэнні гэтай даты, і таму Янукевіч запрашае ўсіх «крытыкаў», якія лічаць, што «можна было зрабіць лепш», прыняць удзел у гэтым аргкамітэце. Як кажуць, «хочаце зрабіць лепш — зрабіце гэта самі».

І ўсё ж пазіцыя арганізатараў акцыі выклікала калі не прыняцце, дык хаця б паразуменне. На думку палітолага Валера Карбалевіча, арганізатары вымушаныя былі выбраць найменей горшае з усіх горшых рашэнняў. «Калі б арганізатары не пагадзіліся з прапановай Мінгарвыканкама, акцыя не была б дазволена, гэта была б канфрантацыя з міліцыяй. Зараз людзі баяцца канфрантацый. Адмовіцца ад яе правядзення ці пераносіць акцыю — гэта ўсё роўна, што «назло кандуктару вазьму квіток, а сам пайду пешкі». Не святкаваць Дзень Волі ўвогуле ў сённяшніх умовах азначае не ладзіць ні гэтую, ні іншыя акцыі, зусім не ўдзельнічаць у палітыцы, сядзець дома, піць гарбату з сочывам. Я не думаю, каб гэта было лепш», — кажа Карбалевіч.

На ягоную думку, у беларускай апазіцыі і так мала магчымасцяў, каб хаця б прадэманстраваць, што яна існуе, і ў гэтым плане арганізатары і заяўнікі Дня Волі прынялі цалкам «рацыянальнае рашэнне».

Канешне, рашэнне пайсці на ўмовы ўладаў хоць «рацыянальнае», але не лепшае. Выпадак з Днём Волі паказвае, як улада навучылася скарыстоўваць тыповасць і неразнастайнасць запытаў апазіцыі супраць яе самой, фактычна зводзячы ўсе намаганні і высілкі па адраджэнні вулічнай актыўнасці да нуля адным рашэннем. А значыць, патрэбны крэатыў, нестандартныя хады для стандартных мерапрыемстваў. Пра гэта кажуць даўно, але крэатыву пакуль што якраз і не хапае.