У Бялынічах і Шклове нагадалі пра Дзень Волі

Напярэдадні 25 сакавіка грамадскія актывісты з Бялыніцкага і Шклоўскага раёнаў распаўсюдзілі сярод мясцовых жыхароў нумары маланакладных газет “Паходня” і
“Шклоў-інфо” з адмысловымі матэрыяламі, прысвечанымі чарговай гадавіне абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі.



У Бялынічах газета “Паходня” была распаўсюджана праз крамы мясцовых прадпрымальнікаў – сяброў Партыі БНФ. Прысвечаны Дню Волі нумар газеты разыйшоўся ў гарадскім пасёлку літаральна за два дні 23 і 24 сакавіка. Частка накладу адмысловага нумара “Паходні” з матэрыяламі пра свята 25 сакавіка была таксама распаўсюджана ў Круглым і Хоцімску мясцовымі грамадскімі актывістамі.

У Шклоўскім раёне нумар газеты “Шклоў-інфо” з матэрыяламі пра Беларускую Народную Рэспубліку мясцовыя грамадскія актывісты распаўсюдзілі сярод шклаўчан шляхам перадачы “з рук у рукі”.

Па словах грамадскага актывіста з Шклоўскага раёна Пятра Мігурскага, “па-ранейшаму для беларускіх патрыётаў, якія ў сакавіцкі дзень выходзяць на вуліцы беларускіх гарадоў, БНР – сімвал волі, дэмакратыі, незалежнасці ды заможнага жыцця. Сімвал нашай прыналежнасці да Еўропы”.

Грамадскія актывісты з Шклоўскага і Бялыніцкага раёна лічаць, што сёння, калі крамлёўскім летуценнікам пад выглядам стварэння міфічнага “Русского мира”, зноў вельмі карціць падпарадкаваць і знішчыць суседнія дзяржавы, вельмі важна развіваць нацыянальную свядомасць шараговых грамадзян, нагадваць ім пра змаганне многіх пакаленняў беларусаў за адраджэнне сваёй дзяржавы, распавядаць пра абвяшчэнне БНР і яе ідэалы.


spring96.org

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,
Больш цікавага на «Новым Часе»: