Выстава твораў Алеся Цыркунова — прысвячэнне Дню Волі

Вечарам 23 сакавіка ў Мінску, у сядзібе Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны адкрылася выстава твораў знанага беларускага жывапісца, сябры суполкі “Пагоня” Беларускага саюзу мастакоў Алеся Цыркунова.



Ён штогод робіць такія выставы-прысвячэнні Дню Волі ў сталічнай сядзібе ТБМ. На гэты раз мастак адабраў для экспанавання шэраг новых твораў, напісаных цягам апошніх трох гадоў. Сярод палотнаў, якія Алесь Цыркуноў упершыню прадставіў шырокай публіцы, — шасціпціх-прысвячэнне найвыбітнейшым беларускім жанчынам, якіх апякае нябесная заступніца Беларусі, святая Ефрасіння Полацкая.

cirkunov_5_logo.jpg

Заступніца Беларусі святая Еўфрасіння Полацкая з вярыгамі

У нізку ўвайшоў алегарычны трыпціх “Вера, Надзея, Мілосць”, у якім увасоблены вобразы выбітных дзяячак беларускага нацыянальнага адраджэння, паэтак Цёткі (Алаізы Пашкевіч), Ларысы Геніюш і Дануты Бічэль, а таксама алегарычны партрэт адышоўшай чатыры гады таму ў лепшы свет Ядвігі Грыгаровіч — былой рэктаркі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту культуры і мастацтваў, дзе яна шмат год вяла рэй на ніве беларушчыны. Такі адмысловы выбар герояў свайго шасціпціху Алесь Цыркуноў патлумачыў духоўнай повяззю гэтых цудоўных жанчын — годных патрыётак Бацькаўшчыны.      

cirkunov_1_logo.jpg

   Алег Трусаў і Алена Анісім адкрываюць выставу

Апроч таго, жывапісец прадставіў сваю працу “Святое пакліканне герояў на Монтэ-Касіна”, напісаную пасля мінулагодняй вандроўкі ў Італію невялікай групы беларускіх мастакоў дзеля пленэра на месцы баявых дзеянняў у гады Другой сусветнай вайны. Да мемарыялу яны ўсклалі беларускі сцяг, кветкі і бел-чырвона-белую стужку.

cirkunov_11_logo.jpg

Святое пакліканне герояў на Монтэ-Касіна

 

У выніку бітвы пад кляштарам Монтэ-Касіна, вядомай таксама як бітва за Рым, саюзнікі прарвалі нямецкія горныя ўмацаванні на непрыступнай “Лініі Густава” і вызвалілі сталіцу Італіі ад фашыстаў. Прычым поспех прыйшоў пасля чацвёртага штурму, што адбыўся з 11 па 19 мая 1944 года ў асноўным высілкамі Другога польскага корпусу пад камандаваннем генерала Уладзіслава Андэрса. Апроч гэтага корпусу ў атацы прымалі ўдзел брытанскія, амерыканскія, новазеландскія, паўднёваафрыканскія і французскія войскі. У выніку штурму, які праводзіўся праз замініраваную тэрыторыю, якая да таго ж цалкам прастрэльвалася з нямецкіх бункераў, польскі корпус згубіў 924 жаўнеры забітымі, 2 930 параненымі і 345 зніклымі без вестак. Паколькі асабісты склад корпусу на 30 адсоткаў складаўся з ураджэнцаў Беларусі, а галоўную ролю ў прарыве “Лініі Густва” адыгралі лепшыя беларускія фармаванні “Зубры” і “Рысі”, падчас штурму загінулі 264 нашы суайчыннікі розных нацыянальнасцяў і веравызнанняў, пахаваныя  ля падножжа гары Монтэ-Касіна. Загінулым нашым землякам і прысвечаны твор Алеся Цыркунова.

Дарэчы, падчас сваёй вандроўкі ў Італію ён напісаў чатыры палатны, прысвечаных бітве за Рым, з гісторыяй і героямі якой беларускае грамадства пазнаёмілася толькі ў апошнія 20 гадоў. Трэба зазначыць, што гэтай сваёй нізкай твораў Алесь Цыркуноў распачаў увасабленне тэмы бітвы пад Монтэ-Касіна ў нацыянальным выяўленчым мастацтве. 

cirkunov_6_logo.jpg

 Нязгаснае святло і пацір

У адкрыцці выставы ўдзельнічалі кіраўнікі ТБМ Алег Трусаў і Алена Анісім, калегі Алеся Цыркунова па суполцы “Пагоня”, ветэраны беларускага нацыянальнага адраджэння і іх нашчадкі.

Выстава будзе працаваць да 9 мая — Дня Перамогі.

Фота Марата Гаравога