Дзверы не замуроўваць

Афіцыйны Мінск актывізаваў сваю працу ў рамках праграмы «Усходняе партнёрства». Эксперты мяркуюць, што на хвалі намеру навесці масты з Захадам улады Беларусі пастараюцца скарыстаць усе магчымыя інструменты.



c5eee1896752e5ac19a3a0bb34fbab4b.jpg

Афіцыйны Мінск актывізаваў сваю працу ў рамках праграмы «Усходняе партнёрства». Эксперты мяркуюць, што на хвалі намеру навесці масты з Захадам улады Беларусі пастараюцца скарыстаць усе магчымыя інструменты.


Намеснік міністра замежных спраў Беларусі Алена Купчына прыняла ўдзел у нефармальнай сустрэчы «Усходняга партнёрства» (УП) у Кішынёве 5 чэрвеня. У рамках мерапрыемства былі абмеркаваныя пытанні, звязаныя са станам і перспектывамі супрацоўніцтва краін-партнёраў і Еўрапейскага саюза ў рамках праграмы «Усходняе партнёрства». У ходзе дыскусіі адбылося выступленне кіраўніка беларускай дэлегацыі, у якім былі закранутыя пытанні выбудоўвання дыялогу з Еўрасаюзам, а таксама развіцця «Усходняга партнёрства» на прынцыпах раўнапраўя і ўзаемапавагі.


Праграма беларускай дэлегацыі прадугледжвала таксама рабочыя сустрэчы Купчынай з кіраўніцтвам парламента і Міністэрства замежных спраў Малдовы, а таксама кіраўнікамі дэлегацый іншых краін-партнёраў, Еўракамісіі і Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў.


Еўракамісар па пытаннях пашырэння Штэфан Фюле распачаў у Кішынёве неафіцыйны дыялог па «Усходнім партнёрстве», які цяпер будзе праводзіцца двойчы на працягу года ў адной са сталіц краін-партнёраў. Фюле назваў гэты дыялог «важным інструментам для каардынацыі партнёрства, якое пашыраецца», і дадаў, што Малдова з’яўляецца прыкладам таго, як «правядзенне скаардынаваных рэформ і павелічэнне дапамогі ад Еўрасаюза можа наблізіць краіну да ЕС у інтарэсах яе грамадзян».


Цікава, што напрыканцы верасня мінулага года Аляксандр Лукашэнка ахарактарызаваў саміт «Усходняга партнёрства» як балбатню, падзякаваўшы пры гэтым уладам Арменіі, Азербайджана, Украіны, Грузіі і Малдовы за адмову падтрымаць рэзалюцыю па Беларусі. «Пакуль гэта — балбатня, няхай яны (у ЕС) на мяне не крыўдзяцца, — заявіў Лукашэнка. — Я пакуль сабе задаю пытанне: калі «Усходняе партнёрства» з нейкай школы навучання палітыцы і дыпламатыі адной краіны — гэта значыць нас — ператворыцца ў нармальнае партнёрства. Калі мы пачнём рэалізоўваць эканамічныя праекты?» — пытаўся Лукашэнка.


Палітолаг Юрый Чавусаў, які цесна займаецца праблемамі грамадзянскай супольнасці, гаворыць, што нічога дзіўнага ў афіцыйным дыялогу на тэму супрацоўніцтва ў межах «Усходняга партнёрства» няма. «Рэспубліка Беларусь на міжнародным дыпламатычным узроўні не ставіла пад сумнеў удзел ва «Усходнім партнёрстве». Былі негатыўныя заявы кіраўніка дзяржавы наконт мэтазгоднасці, але гэта хутчэй кампанент палітычнай гульні.

                        Алена Купчына

Пакуль праграма «Усходняе партнёрства» — адно з любімых дзецішчаў ЕС. І яны не гатовыя прыняць паразу гэтага праекта. Увогуле, адносіны з ЕС можна прывесці да аналогіі дзвярэй — абодва бакі разумеюць, што гэтыя дзверы варта было б трымаць спраўнымі, каб у выпадку чаго можна было б іх адкрыць», — гаворыць палітолаг. Ён нагадвае, што з пэўных прычынаў праграма «Усходняе партнёрства» цяпер знаходзіцца ў напаўзамарожаным стане, але гэта не значыць, што ЕС махнуў рукой на геапалітычны інтарэс на ўсходніх межах.

«Што тычыцца перспектывы інтэнсіфікацыі «Усходняга партнёрства» як паўнавартаснай праграмы, то цяпер яны сумнеўныя не толькі для Беларусі. Пасля 2008 года, вайны ў Грузіі падавалася, што «Усходняе партнёрства» будзе важным фактарам умацавання ўсходніх межаў Еўрасаюза. Але пакуль усё захаваецца ў такім стане, як зараз, з прычыны аўтарытарнага рэжыму ў Беларусі, пэўных праблемаў ва Украіне, Азербайджане, бо праграма проста не можа быць паўнавартасна рэалізаваная. І таму ЕС вымушаны шукаць дадатковыя інструменты ўплыву, напрыклад, праграма «Дыялог дзеля мадэрнізацыі». Беларусь пакуль у гэтым не ўдзельнічае, але, хутчэй за ўсё, справа зрушыцца пасля парламенцкіх выбараў. «Усходняе партнёрства» пачынае абрастаць дапаможнымі ініцыятывамі, і калі будзе нейкая геапалітычная нагода, праграма зноў можа стаць лакаматывам еўрапейскай інтэграцыі на Усходзе», — гаворыць Юрый Чавусаў. Эксперт мяркуе, што ў жаданні наладзіць стасункі з Захадам (у тым ліку і дзяржаўныя грамадскія аб’яднанні, напрыклад, прафсаюзы) будуць спрабаваць скарыстацца гэтым каналам. Восенню адбудзецца Форум грамадзянскай супольнасці «Усходняга партнёрства», дзе Беларусь грунтоўна прадстаўленая недзяржаўным сектарам.


Удзельнікамі праграмы «Усходняе партнёрства» з’яўляюцца Арменія, Азербайджан, Беларусь, Грузія, Малдова і Украіна. Праграма была заснаваная на саміце ў Празе 7 мая 2009 года з мэтаю ўмацаваць адносіны паміж ЕС і ўсходнімі суседзямі за кошт паглыблення палітычнага супрацоўніцтва і эканамічнай інтэграцыі.


Адзін з найбольшых фактараў канфлікту Беларусі і ЕС ёсць наяўнасць у краіне палітзняволеных. Цяпер, па інфармацыі праваабаронцаў, у турмах Беларусі знаходзяцца 13 вязняў сумлення. На гэтым тыдні прадстаўнікі беларускай апазіцыі мелі сустрэчу з прадстаўнікамі Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў Джонам К’яерам і Сцівенам Трэсінгам, падчас якой абмяркоўваліся ў тым ліку і пытанні, звязаныя з выкананнем правоў чалавека, бліжэйшай выбарчай кампаніяй у парламент. Еўрапейскія прадстаўнікі па выніках візіту ў Мінск падрыхтуюць даклад аб сітуацыі ў Беларусі, які будзе пакладзены ў аснову рашэнняў Савета міністраў краін ЕС у дачыненні да краіны.


Нагадаем, 8 чэрвеня да рашэння ЕС аб санкцыях супраць беларускіх уладаў далучыліся яшчэ сем краін — Харватыя, Македонія, Чарнагорыя, Ісландыя, Сербія, Албанія і Ліхтэнштэйн.