Экзіт-полы на прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі дазволілі рабіць праўладнай моладзевай арганізацыі, але не БРСМ
Праводзіць апытанне выбарнікаў на выхадах з участкаў, так званы экзіт-пол (exit poll) на выбарах прэзідэнта Беларусі ў 2020 годзе дазволілі «Беларускаму камітэту моладзевых арганізацыяў», піша БелТА.
Гэтае аб’яднанне ня мае свайго ўэб-сайту і старонак у сацыяльных сетках, з'яўляецца ў навінах зусім нячаста. Паведамленні пра БКМА часцей за ўсё суседнічаюць з навінамі пра БРСМ і дзейнасць уладаў. Узначальвае арганізацыю Павал Алекса, былы першы сакратар Магілёўскага абласнога камітэту БРСМ.
Сёлета паведамлялася толькі, што БКМА правяла дабрачынны інклюзіўны праект «Радасць у падарунак», праводзіць сацыяльныя даследаванні «Рэгіянальныя асаблівасці электаральных чаканняў беларусаў» і «Моладзевы брэнд». Год таму БКМА разам з БРСМ падпісалі пагадненні аб супрацы з расейскімі моладзевымі арганізацыямі на форуме «Моладзь – за саюзную дзяржаву». Міністр адукацыі ўскладаў на БКМА «вялікія надзеі» у справе «аб’яднання моладзі краіны, яе актыўнага ўцягнення ў грамадска-палітычныя працэсы».
БКМА ўжо праводзіла экзіт-полы на мінулых і пазамінулых прэзідэнцкіх выбарах. У 2010 годзе арганізацыя заявіла, што за Аляксандра Лукашэнку прагаласавалі 81,42% апытаных (ЦВК тады налічыла 79,65% галасоў за Лукашэнку), у 2015-м – 82,9% (ЦВК налічыла 83,49%).
Ці будзе дазволена яшчэ некаму праводзіць экзіт-полы, пакуль не паведамляецца. Звычайна на выбарах у Беларусі не дазваляюць праводзіць экзіт-полы непраўладным установам і заходнім кампаніям.
Раней інтэрнэт-рэсурсы праводзілі свае апытанні аб рэйтынгу прэтэндэнтаў на найвышэйшую пасаду. У іх Аляксандр Лукашэнка набіраў 3–6%, але пазней такія апытанні СМІ рабіць забаранілі.
svaboda.org