Дональд Трамп прапануе перанесці прэзідэнцкія выбары ў ЗША

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп прапанаваў перанесці выбары, якія запланаваныя на лістапад гэтага года, на больш позні час. Між тым, дата прэзідэнцкіх выбараў у ЗША жорстка вызначаная і не змянялася з 1845 года — галасаванне заўсёды адбываецца ў «аўторак, які надыдзе пасля першага панядзелка лістапада».

tramp_tvit_vybary.jpg


Амерыканскі лідар напісаў пра сваё жаданне адкласці прэзідэнцкія выбары ў сваім «Твітары». Трам патлумачыў неабходнасць пераносу выбараў пандэміяй каронавіруса і небяспекай махлярства пры галасаванні па пошце, паведамляе ВВС.

Згодна з Канстытуцыяй ЗША, перанесці дату галасавання на выбарах прэзідэнта можа толькі Кангрэс. Яшчэ тры федэральныя законы ў Злучаных Штатах усталёўваюць дакладную і нязменную дату гэтага галасавання — «аўторак, які надыдзе пасля першага панядзелка лістапада». Гэтая норма не змянялася з 1845 года.

У цяперашняй сітуацыі, калі Калегія выбаршчыкаў, якая замацоўвае вынікі прэзідэнцкіх выбараў, не прагаласуе ў прызначаную дату, тэрмін прэзідэнцтва Трампа юрыдычна будзе заканчвацца 20 студзеня 2021 года.

Сенатар-дэмакрат ад штата Нью-Мексіка Том Адэл, каментуючы ініцыятыву Трампа, назваў яе нападам на амерыканскую дэмакратыю.

«Сам факт, што ён такое прапануе, — гэта сур'ёзны і страшны выпад супраць дэмакратычнага працэсу. Усе чальцы Кангрэсу — і супрацоўнікі адміністрацыі —павінны выказаць сваё меркаванне», — сказаў ён.

Супраць адмены выбараў выказалася і кіраўніца Федэральнай выбарчай камісіі ЗША Элен Вайнтрауб. Прэзідэнт не мае права пераносіць галасаванне «і пераносіць яго не трэба», — сказала яна. Вайнтрауб заклікала павялічыць фінансаванне выбараў, каб зрабіць іх больш бяспечнымі.

Дэмакраты ў Кангрэсе таксама крытыкуюць ідэю Трампа. Чалец ніжняй палаты ад Нью-Джэрсі Мікі Шэрыл у інтэрв'ю каналу MSNBC сказала, што Кангрэс ужо прызначыў дату галасавання. «Пераносіць яго мы не будзем», — падкрэсліла яна. Падобную заяву зрабіў кангрэсмен ад штата Ілінойс Раджа Крышнамурці. Выбары адбудуцца ў прызначаны тэрмін, «якія б тэорыі змовы ён [Трамп] не прасоўваў», сказаў ён.

Паводле www.bbc.com