ФПБ наступае на тыя ж граблі
З «лістом у МАП» Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі моцна падстаўляецца.
Адкрыты ліст праўладнай Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі да Міжнароднай арганізацыі працы, удзельнікаў міжнароднага прафсаюзнага руху, рабочых і наймальнікаў іншых краін з нагоды еўрапейскіх санкцый, па словах лідара ФПБ Міхаіла Арды, падпісала больш за мільён чалавек. Як збіраліся гэтыя подпісы — іншая справа. А ў выніку яго з’яўлення ФПБ яшчэ раз паказала — яна не займалася і не займаецца абаронай правоў працоўных. Інакш бы такога ліста ўвогуле не было б.
«Будзем хадзіць п’яныя і дурныя»
Афіцыйныя прафсаюзы ў сваім лісце заявілі, што «Еўрапейскім саюзам неабгрунтавана, без якіх-небудзь пацвярджэнняў, уведзеныя санкцыі ў дачыненні да прадпрыемстваў нашай краіны. Закрануты інтарэсы дзясяткаў тысяч людзей, у першую чаргу працоўных. Увядзенне эканамічных санкцый у дачыненні да беларускіх прадпрыемстваў не з’яўляецца выказваннем патрабаванняў працоўных».
Афіцыйныя прафсаюзы таксама закранаюць у лісце пытанні аплаты працы. «Еўрапейскія палітыкі, мабыць, лічаць, што яны маюць права абмяжоўваць і ўшчамляць правы работнікаў іншых краін. Выходзіць, мы павінны застацца без працы, без заработнай платы. Як у такім выпадку нам утрымліваць свае сем’і, вучыць дзяцей? Акрамя таго, санкцыі накіраваныя на скарачэнне паступленняў у бюджэт. У выніку мы можам застацца без пенсій, дапамог, адукацыі і аховы здароўя, якія ў нашай краіне фінансуюцца з бюджэту».
Пры гэтым незразумела, чаго ж хочуць падпісанты гэтага ліста. Напрыканцы яго кажацца: «Заклікаем працоўных іншых дзяржаў праявіць салідарнасць і аказаць уплыў на ўрады сваіх краін, якія, ужыўшы эканамічныя санкцыі, фактычна заняліся эканамічным шантажам і парушылі асновы міжнароднага права».
Карацей, паводле праўладных прафсаюзаў, з-за санкцый ЕС у нас настане поўны калапс, і мы, як казаў калісьці той жа Лукашэнка, «будзем хадзіць п’яныя і дурныя».
Ці так яно на самай справе?
Хто застанецца без заробку?
Відавочна, што ліст ФПБ узнік не проста так. Канешне, на санкцыі ЕС трэба было адказаць «народным гневам». Аднак не выключана і тое, што за стварэнне такога ліста нехта атрымаў добранькі «адкат» ва ўласную кішэню.
Справа ў тым, што працоўных абавязваюць падпісвацца, фактычна, за чужыя інтарэсы. Фірмы, якія падпалі пад эканамічныя санкцыі ЕС, аніяк не звязаныя з даходамі беларусаў, выплатай заробкаў, падаткаў, пенсій і гэтак далей.
Канешне, у спісе фігуруюць некалькі буйных прадпрыемстваў. Гэта ААТ «140 рамонтны завод», ААТ «Агат — электрамеханічны завод», ААТ «МЗКЦ» і ЗАТ «Белтэхэкспарт» — гэтыя прадпрыемствы належаць да ваенна-прамысловага комплексу. І ў той час, калі Лукашэнка абвінавачвае Захад і падступнае NATO ва ўсіх грахах — ад «лялькаводніцтва» да «развязання вайны ў Беларусі», па вялікім рахунку, гэтыя прадпрыемствы самі павінны былі скасаваць кантракты з Захадам. Бо дзіўна атрымліваецца: з аднаго боку, нашы ўладары бэсцяць «агрэсіўны Захад», а з іншага — карыстаючыся выслоўем «грошы не пахнуць», прадаюць нашаму праціўніку калі не зброю, дык яе кампаненты. Ці, можа, нехта там, наверсе, «здрадзіў Радзіме»?
ЕС проста прывёў сітуацыю ў адпаведнасць са словамі пакуль што кіраўніка краіны. Калі Захад нам «вораг» — чаму мы прадаём зброю «ворагу»? У ФПБ варта было б задумацца пра гэта. А таксама пра тое, хто абвясціў Захад нашым ворагам.
Астатнія тры фірмы — гэта забудоўнік Dana Holdings, кампанія-распрацоўшчык праграмнага забеспячэння па распазнанні асоб ТАА «Сінезіс» і Упраўленне справамі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам Віктара Шэймана. Па вялікім рахунку, ніводная з іх (уключаючы прадпрыемствы ВПК) не з’яўляецца «дзяржавастваральнай». Гэта не «Беларускалій», не нафтаперапрацоўка, не «Гродна-Азот», не сельская гаспадарка, не вытворчасць гарэлкі, урэшце. Гэта вузкапрофільныя і спецыялізаваныя прадпрыемствы, грошы ад якіх сапраўды асядаюць не столькі ў бюджэце краіны, колькі ў розных «рэзервовых фондах прэзідэнта» і, мажліва, на афшорных рахунках. А Dana Holdings — і ўвогуле сербская фірма, што пад пратэкцыяй сённяшняга кіраўніцтва Беларусі проста зарабляе на нас грошы.
У любым выпадку, «застацца без заробку», як пра гэта піша ФПБ, ні ў каго не выпадае. Таму што заробак чалавек зарабляе сам. Яго не Лукашэнка выдае, і не ЕС адбірае.
Паблыталі берагі
Але ліст ФПБ проста павінен быў з’явіцца, каб мы ў чарговы раз пераканаліся, што такое ёсць у нашай краіне «афіцыйныя прафсаюзы». Па факце, Федэрацыя прафсаюзаў — арганізацыя, якая павінна абараняць правы ў першую чаргу працоўных, — сабрала мільён подпісаў у падтрымку не працоўных, а наймальнікаў.
Па вялікім рахунку, санкцыі ЕС тычацца менавіта наймальнікаў, а не працоўных. Узяць той жа МЗКЦ — ён трапіў у санкцыйны спіс таму, што з прадпрыемства па палітычных матывах звальнялі рабочых. ФПБ ніяк не абараніла правы працоўных. А цяпер выступіла з адкрытым лістом наконт абароны прадпрыемства. То-бок, фактычна Федэрацыя абараняе наймальніка ад санкцый, якія сталі наступствам парушэння правоў работнікаў.Гэта, напэўна, не тое, чым павінен займацца класічны прафсаюз, які найперш абараняе правы працоўных, ці не так? А значыць, альбо ФПБ займаецца не тым, чым трэба, альбо ёсць не тое, за што сябе выдае. То-бок, не прафсаюз.
Паблыталі адрасы
Што яшчэ дзіўна: ФПБ накіроўвае свой «ліст пратэсту» ў Міжнародную арганізацыю працы. Між тым, санкцыі ў дачыненні да «гаманцоў Лукашэнкі» ўвёў Еўрапейскі саюз. Наколькі МАП мае ўплыў на ЕС, і ці можа арганізацыя працоўных, хай і сусветная, прымусіць адміністрацыю Еўрасаюза адмовіцца ад санкцый?
Лідар Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук, які ўжо не адно дзесяцігоддзе супрацоўнічае з МАП, зазначае, што ФПБ сапраўды сур’ёзна паблытала адрасатаў свайго ліста. «Міжнародная арганізацыя працы абсалютна не датычная да тых рашэнняў, што прымае ЕС, гэта, напэўна вядома нават першакурсніку факультэта міжнародных адносінаў БДУ. Я ўжо прыводзіў аналогію, што скардзіцца ў МАП на ЕС — гэта, па выразе Уладзіміра Высоцкага, “пісаць у Спортлато”», — кажа Ярашук.
А ўся гэтая сітуацыя ўвогуле ўзнікла з-за таго, што, напэўна, ФПБ мерае ўсю прафсаюзную супольнасць па сваіх лякалах. «ФПБ у нас — адна са структураў улады, будзем называць рэчы сваімі імёнамі», — зазначае Ярашук. А паколькі ФПБ — структура ўлады, то там думаюць, што і Міжнародная арганізацыя працы — такая ж «структура ўлады», якая можа паддацца жалю і закінуць слова перад палітыкамі ў ЕС. Але гэта — зусім не так.Насамрэч, Ярашук называе ліст ФПБ «прымітыўным піярам» і спробай «черного кобеля отмыть добела» (выправіць крывое дрэва). «Гэта марная справа, таму што ў МАП выдатна ведаюць пра сітуацыю з правамі працоўных і прафсаюзаў у Беларусі. Ужо каля 20 гадоў МАП кожны год на штогадовай канферэнцыі працы разглядае сярод іншых “беларускае пытанне” — як краіну з адной з найгоршых у свеце сітуацыяй з правамі працоўных. І кожны год ФПБ выступае на баку ўлады», — зазначае Ярашук.
Чарговы «стрэл у нагу»?
У гэтым выпадку, на думку прафсаюзнага лідара, ФПБ і ўлады са сваім адкрытым лістом у чарговы раз стрэлілі сабе ў нагу. І ў прынцыпе, у іх інтарэсах было б, каб гэты ліст да МАП не трапіў увогуле. Бо былі прэцэдэнты.
«Аналагічная сітуацыя была ў 2007 годзе — успамінае Ярашук. — Тады стаяла пытанне пра тое, ці пазбаўляць Беларусь гандлёвых прэферэнцый з Еўрасаюзам. Напярэдадні штогадовай канферэнцыі працы Еўрасаюз прыняў рашэнне пазбавіць Беларусь гандлёвых прэферэнцый за сістэматычнае парушэнне правоў працоўных. Але гэтае рашэнне ЕС не набыло моц — яно павінна было пачаць дзеянне толькі пасля таго, як МАП яшчэ раз разгледзіць сітуацыю з правамі працоўных у нашай краіне. ФПБ ж у асобе яе тагачаснага кіраўніка Козіка пачала пісаць лісты супраць пазбаўлення Беларусі гандлёвых прэферэнцый. Аднак тады яны пайшлі яшчэ далей — Козік папросту сфальсіфікаваў подпісы пад гэтымі лістамі расійскіх і ўкраінскіх прафсаюзаў».
Тыя лісты, як і цяперашні, не мелі аніякага значэння, але, калі на той самай штогадовай канферэнцыі працы адкрылася фальсіфікацыя, быў аграмадны скандал. І Беларусь пазбавілася гандлёвых прэферэнцый ці не ў аўтаматычным рэжыме. «Толькі дзве краіны за ўвесь час існавання гэтых прэферэнцый, з 1971 года, былі іх пазбаўленыя — гэта М’янма і Беларусь», — зазначае Ярашук.
І той скандал з фальсіфікацыяй подпісаў толькі дадаў цікавасці міжнароднай працоўнай супольнасці да парушэння правоў працоўных у Беларусі.
«Сёння нічога новага ФПБ не адкрыла, яна ў чарговы раз наступае на адны і тыя ж граблі», — кажа прафсаюзны дзеяч. Ліст ФПБ можа толькі чарговым разам звярнуць увагу МАП на тое, наколькі дрэнная ў Беларусі сітуацыя з правамі прафсаюзаў і працоўных, і чарговым разам падае сігнал, што ФПБ — ніякі не прафсаюз, а праўладная арганізацыя.
Таму «калектыўны ліст», на думку Ярашука, не толькі ніяк не паўплывае на рашэнне ЕС адносна санкцый, але яшчэ больш пагоршыць сітуацыю як для ФПБ, так і ўлады ва ўсім, што тычыцца ацэнкі МАП сітуацыі з правамі працоўных у Беларусі.
Асабліва, калі ў МАП даведаюцца, якім чынам збіраліся подпісы пад адкрытым лістом. А тое, што яны даведаюцца, — гэта сумневаў не выклікае. Бо ў век інтэрнэту знайсці ролікі пра «прымусовую падпіску» таго ліста — гэта проста зайсці ў Google.