«На стале ў еўрапейцаў 165 імёнаў». ЕС рыхтуецца прыняць чацвёрты пакет санкцый

У Еўрасаюзе рыхтуюцца прыняць чацвёрты пакет санкцый супраць беларускіх чыноўнікаў і тых, хто прымае ўдзел у затрыманні, катаваннях, збіцці мірных дэманстрантаў, парушэннях правоў чалавека ў Беларусі. Новы пакет можа быць прыняты ў канцы лютага або пачатку сакавіка.

748448_900.jpg


На сёння ў санкцыйныя спісы ўжо ўнесена 208 чалавек — гэта людзі, якія, як лічаць у ЕС, удзельнічалі ў фальсіфікацыях, «кашалькі» Лукашэнкі, сілавікі, асяроддзе, сам Лукашэнка. Прычым 208 — гэта прозвішчы з некалькіх санкцыйных спісаў: Еўрасаюза, Літвы, Латвіі, Эстоніі, Швейцарыі, Канады, Вялікабрытаніі, якія адрозніваюцца паміж сабой, распавёў TUT.BY дарадца Святланы Ціханоўскай па міжнародных пытаннях Франак Вячорка.

— Некаторыя краіны больш смелыя, як балтыйскія, некаторыя — як ЕС, у іх спіс менш. Наша задача цяпер — каб гэтыя спісы былі сінхроннымі, каб спісы паміж усімі краінамі супадалі і каб абмежаванні выконваліся аднолькава: каб гэта былі абмежаванні не толькі на ўезд, але і фінансавыя абмежаванні, блакаванне рахункаў, каб гэтыя людзі не маглі адкрываць свае прыватныя бізнэсы, або «адмываць» грошы, ці кантраляваць карупцыйныя схемы. Вельмі важна, каб тыя 208 чалавек, якія ўжо трапілі ў санкцыйныя спісы, не маглі працягваць сваю дзейнасць, каб яны панеслі пакаранне, таму што санкцыі — від пакарання ў сітуацыі, калі ў краіне пануе беззаконне, — тлумачыць Франак Вячорка.

Прадстаўнік Ціханоўскай падкрэслівае: важна, каб спіс Еўрасаюза, які параўнальна невялікі, уключаў больш фізічных асоб і юрыдычных асоб, звязаных канкрэтна з парушэннем правоў чалавека, гвалтам супраць дэманстрантаў, фальсіфікацыяй выбараў, а таксама тых людзей, якія фінансуюць рэжым Лукашэнкі.

У новы спіс, паводле інфармацыі офіса Ціханоўскай, можа ўвайсці яшчэ 165 чалавек.

— Цяпер на стале ў еўрапейскіх чыноўнікаў 165 імёнаў — гэта ў дадатак да тых 90 фізічных асобаў і юрыдычных асобаў, якія ўжо ўнесеныя ў абмежавальныя спісы. Колькі з іх будзе ўнесена ў чацвёрты пакет санкцый, якім чынам, мы дакладна не ведаем, таму што юрыдычныя групы, рабочыя групы ў краінах ЕС правяраюць доказную базу, усе дакументы, ці ёсць на кожнага чалавека са спісу доказы злачынстваў і правапарушэнняў. Толькі пасля юрыдычнай праверкі працоўнымі групамі гэты драфт падаецца на галасаванне на прыняцце санкцыйных абмежаванняў. Самае важнае, што ў гэтых спісах з’явіліся імёны людзей, якія вінаватыя ў канкрэтных злачынствах: там ёсць імя Мікалая Карпянкова, начальнікаў РУУС — усіх тых, хто парушаў правы чалавека і законы, — кажа дарадца Ціханоўскай.

На сёння беларускае пытанне не стаіць на павестцы ў ЕС, цяпер там абмяркоўваюць COVID-19, вакцыны, нават Расію, і на апошняй сустрэчы міністраў ЕС нават не было пастаўленае пытанне Беларусі. Сустрэча міністраў замежных спраў ЕС, на якую будзе вынесенае пытанне аб чацвёртым пакеце санкцый, можа прайсці ў канцы лютага або пачатку сакавіка.

— Калі я не памыляюся, наступнае пасяджэнне міністраў замежных спраў ЕС — у 20-х чыслах лютага, парадку там яшчэ няма, многае залежыць ад падзеяў у Беларусі і ці будуць правераны і цалкам падрыхтаваны санкцыйныя спісы, якімі займаюцца ў ЕС. Санкцыі прымаюцца ў адказ на тое, што адбываецца ў краіне. Я, напрыклад, упэўнены, што як толькі пачнуцца суды над журналісткамі «Белсату» Кацярынай Андрэевай і Дар'яй Чульцовай і журналісткай TUT.BY Кацярынай Барысевіч, над палітычнымі лідарамі, будзе хутка прыняты і чацвёрты, і пяты пакет санкцый. Санкцыі адыгрываюць стрымальную ролю, Лукашэнка павінен разумець, што любое дзеянне супраць народа Беларусі будзе весці да наступстваў. У апошнія выхадныя ў краіне было затрымана больш за 170 чалавек. Думаю, гэта падстава, каб еўрапейскія чыноўнікі паставілі Беларусь у парадак дня і прынялі чацвёрты пакет санкцый як мага хутчэй, — лічыць Вячорка.

Задача офіса Святланы Ціханоўскай, тлумачыць яе дарадца, з аднаго боку-узмацніць ціск на рэжым, адсекчы крыніцы яго фінансавання, максімальна яго ізаляваць, а з другога боку — дапамагчы беларускай грамадзянскай супольнасці.

— Калі мы гаворым з еўрапейцамі пра фінансавыя абмежаванні для Лукашэнкі і ягоных «кашалькоў», мы таксама гаворым аб падтрымцы беларускаму бізнэсу ў тым жа аб’ёме, які беларуская эканоміка патэнцыйна можа страціць ад санкцый. Гэта называецца разумны эканамічны ціск: то бок тыя грошы, якія ідуць, напрыклад, на міністэрства Лукашэнка, павінны быць пераарыентаваны на прыватны бізнес, дробных прадпрымальнікаў, якія пацярпелі ад рэжыму. Мы цяпер таксама працуем больш з бізнес-кампаніямі, якія пастаўляюць нейкія дэталі ці закупляюць нейкую прадукцыю ў кампаній, звязаных з Кіраўніцтвам справамі прэзідэнта, каб максімальна адсекчы гэтыя кантакты. Праз бізнесы мы, магчыма, можам дамагчыся больш, чым праз індывідуальныя санкцыі. Але санкцыі таксама важныя, каб ніхто не застаўся без пакарання, — кажа Вячорка.

Нагадаем, з кастрычніка мінулага года ЕС увёў ўжо тры пакета санкцый супраць Беларусі.

У першым санкцыйным пакеце супраць Беларусі, які быў прыняты ЕС 2 кастрычніка, значылася 40 беларускіх афіцыйных асоб — сілавікоў (прадстаўнікоў МУС і КДБ) і сябраў ЦВК, у дачыненні да якіх былі ўведзеныя персанальныя абмежаванні.

Другі пакет санкцый быў прыняты 6 лістапада: Еўрасаюз увёў абмежаванні ў дачыненні да Аляксандра Лукашэнкі і 14 высокапастаўленых чыноўнікаў, у тым ліку памочніка прэзідэнта Віктара Лукашэнкі, кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Ігара Сяргеенкі, кіраўніка КДБ Івана Церцеля, начальніка Следчага камітэта Івана Наскевіча, кіраўніка ААЦ Андрэя Паўлючэнкі, прэс-сакратара Лукашэнкі Наталлі Эйсмант і іншых.

17 снежня Еўрасаюз прыняў трэці пакет санкцый у дачыненні да беларускіх уладаў і бізнесу. У спіс увайшлі 29 фізічных і сем юрыдычных асоб, у тым ліку ААТ «140-ы рамонтны завод», ААТ «Агат — электрамеханічны завод», ААТ МЗКЦ, ЗАТ «Белтэхэкспарт», Дзяржаўная ўстанова «Галоўнае гаспадарчае ўпраўленне» Кіраўніцтва справамі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Dana Holdings і ТАА «Сінэзіс».