Пётр Рудкоўскі: Стаўка на тое, што рэжыму ўдасца доўга ўтрымліваць уладу, вельмі слабая

Акадэмічны дырэктар Беларускага інстытуту стратэгічных даследаванняў (BISS) Пётр Рудкоўскі адказвае на пытанні, навошта ўладам патрэбны Усебеларускі народны сход, і разважае, ці будзе ўлада павялічваць рэпрэсіі, ці іх пік ужо прайшоў.

fb241338.png


Пра гэта з ім паразмаўляла Радыё Свабода.

— Які сэнс і значэнне надаюць улады Усебеларускаму народнаму сходу (УНС)? Апошнія тыдні гучалі меркаванні, што ён можа стаць ледзь не дзяржаўным пераваротам, што менавіта гэтай структуры будуць перададзеныя значныя ўладныя паўнамоцтвы. Але выглядае, што радыкальны сцэнар наўрад ці адбудзецца. Чаго тады чакае ўлада ад гэтага «мерапрыемства»?

— Агулам варта сказаць, што Лукашэнка і яго атачэнне не маюць яснай стратэгіі, як дзейнічаць у будучыні. Яны дзейнічаюць вельмі сітуатыўна, як тактыкі, у залежнасці ад сітуацыі.

Тое самае тычыцца УНС. Бачныя ваганні наконт таго, што рабіць, які сэнс надаць гэтаму сходу. У выніку атрымліваецца, што гэта будзе мець проста цырыманіяльнае значэнне. Але я падазраю, што разглядаецца спроба надаць УНС нейкую форму легітымацыі. Улады моцна апякліся на «выбарах», на спробе пацвердзіць Лукашэнкава права на кіраванне шляхам імітацыі выбараў. І гэта вельмі кепска атрымалася падчас апошніх выбараў.

Таму разглядаецца магчымасць надаць гэтым Сходам нейкую форму легітымацыі ўлады. Прэцэдэнты ў гісторыі ёсць. Кіраўнік Лівіі Муамар Кадафі амаль 40 гадоў кіраваў краінай такім шляхам, без парламенцкіх структураў.

— Лукашэнка ўвесь час свайго праўлення ўсё ж прытрымліваўся фармальных прыкметаў сучаснай формы кіравання — ёсць «парламент», ёсць «выбары». Няўжо шок ад падзеяў жніўня 2020 году, калі ён прайграў выбары, атрымаўшы відавочную меншасць — настолькі моцны, што ён разглядае магчымасць увогуле пазбавіцца ад такіх працэдураў? Што замінае Лукашэнку ўсё гэта скасаваць?

— Вядома, можна ўсё гэта скасаваць, але паўстае пытанне, што ўзамен. Якая-небудзь форма легітымацыі абавязкова мусіць быць. Калі скасоўваем выбары, то якім чынам адказаць на пытанне (не толькі перад народам, але і перад чыноўнікамі, сілавікамі) — «на якой падставе менавіта гэты кіраўнік ажыццяўляе ўладу?»

Пэўнай формай легітымацыі магло б быць тое, што ўлада гарантуе эканамічны рост. Нейкі аналаг Кітаю, дзе кіраўніцтва камуністычнай партыі не атрымлівае ўладу шляхам усенародных выбараў, але яны сваёй палітыкай дазваляюць эканоміцы краіны расці і развівацца. У Беларусі найбліжэйшыя гады будуць вельмі цяжкія ў эканамічным плане, таму праблему легітымнасці ўлады эканоміка толькі абвастрае.

— Адчуваючы сваю нелегітымнасць, улада пашырае рэпрэсіі, кожны дзень мы бачым новыя жорсткія прысуды. Адны заяўляюць, што рэпрэсіі будуць толькі пашырацца, бо ўлада будзе помсціць усім, хто выступіў супраць яе. Іншыя сцвярджаюць, што пік рэпрэсій ужо прайшоў, і аб’ектыўна яны будуць зніжацца.

— Псіхалагічны момант, безумоўна, прысутнічае. І сам Лукашэнка, і некаторыя людзі з яго атачэння вельмі моцна раззлаваныя тым, што адбылося ў жніўні, калі яны былі сапраўды спалоханыя. Яны разлічваюць рэпрэсіямі пацыфікаваць (супакоіць, скарыць, заглушыць. — РС) грамадства. Гэта адзін з частых, добра правераных метадаў, стаўка на інстынкт самазахавання. Але чым больш чалавека запалохваеш, маніпулюеш ягоным інстынктам самазахавання — тым мацнейшая матывацыя вырвацца з-пад такога прэсінгу.

Ціск і зацісканне спружыны дае кароткатэрміновы эфект. Але ў доўгатэрміновай перспектыве гэта не працуе, бо трэба ўсё больш інвеставаць у сістэму рэпрэсій, а не ў эканоміку і развіццё.

a179983e_9979_4383_b417_95b95c7e7645_w1023_r1_s.jpg

— Разам з тым Лукашэнка праводзіць сустрэчы з рознымі пластамі грамадства — медыкамі, студэнтамі, рабочымі. Здавалася б, навошта — калі ён «прэзідэнт АМАпу»? Няўжо ён спадзяецца неяк вярнуць электаральную прывабнасць, спадзяецца зноў спадабацца беларусам?

— Любая ўлада, нават аўтарытарная, мусіць рабіць спробу дамаўляцца з рознымі слаямі грамадства. Розніца можа быць толькі ў тым, на што робіцца большая стаўка: на рэпрэсіі ці на «кааптацыю» — дамоўленасць, пераконванне. Лукашэнка спрабуе, як можа, выкарыстоўваць і другі спосаб. Цяжка сказаць, ці можа ён такім спосабам заваяваць нейкія слаі грамадства. Для гэтага трэба было б як мінімум расследаваць частку злачынстваў сілавікоў — але гэта таксама нясе для яго даволі вялікія рызыкі.

У выніку можна сказаць, што Лукашэнка робіць нейкія спробы пераканаць частку грамадства, але беларуская рэпрэсіўная машына настолькі моцная, што яна не кампенсуе яго іміджавыя страты.

— Лукашэнка сустракаецца з рознымі пластамі грамадства, а ў гэтыя ж дні сілавікі хапаюць людзей, якія проста гуляюць на праспекце Незалежнасці, і даюць суткі ў турме пенсіянерам. Як грамадства можа ўспрымаць такія рознанакіраваныя месыджы?

— У выпадку Беларусі да гэтага часу няма прыкметаў глыбокага ўнутранага грамадскага канфлікту. Большасць беларускага грамадства супраць рэжыму Лукашэнкі, каля паловы грамадства падтрымлівае бел-чырвона-белы сцяг. У гэтай сітуацыі стаўка на тое, што рэжыму ўдасца даволі доўга ўтрымліваць уладу, вельмі слабая. Грамадства вельмі хутка можа паразумецца, праявіць салідарнасць, як гэта было ўлетку і ўвосень 2020 году. Стаўка на тое, што грамадства пачне грызьці адзін аднаго, сварыцца паміж сабой — не апраўдаецца, у Беларусі такіх перадумоваў няма.

— Дзмітрый Мядзьведзеў зноў загаварыў пра інтэграцыю, пра пажаданасць адзінай валюты, што выклікала занепакоеныя каментары ў Беларусі. Ці лічыце вы гэта чарговымі рытарычнымі словамі, якія не нясуць істотнай практычнай нагрузкі? Ці Масква сапраўды нагадвае Лукашэнку, што ён не выконвае дадзеныя ёй абяцанні?

— Калі з’яўляецца патрэба гаварыць пра Беларусь, то ёсць пэўны набор дзяжурных фраз, якія Крэмль рэгулярна паўтарае. «Канфлікт у Беларусі — гэта іх ўнутраная справа», «інтэграцыя — тое, чаго жадаюць народы Беларусі і Расіі», і гэтак далей.

Незалежна ад таго, як часта гучаць такія фразы — што мы ведаем пра інтэнцыі Крамля адносна Беларусі? Нядаўні даклад Атлантычнай Рады моцна паказаў, што намеры Крамля і калякрамлёўскіх бізнесоўцаў займець, скупіць асноўныя беларускія вытворчасці — нафтаперапрацоўчыя, «Гродна-Азот», «Беларускалій» — вельмі сур’ёзныя. Фон «глыбокай інтэграцыі» — спрыяльны для такіх дзеянняў. Шанцы на тое, што гэта адбудзецца, не вельмі вялікія. Але рызыка ёсць.