Фрыдман: Лукашэнку важна, каб яго не запісвалі ў агрэсары

Палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман аналізуе на «Филине» чарговае «паказальнае выступленне» Лукашэнкі, у якім той пакрыўдзіўся на Меркель і амерыканскі долар.

Аляксандр Фрыдман. Фота: dw.com

Аляксандр Фрыдман. Фота: dw.com

Заявы Лукашэнкі на саміце ўжо ахрысцілі «днём баек у Бішкеку», аднак, на думку аналітыка Аляксандра Фрыдмана, жанр тут значна глыбейшы: акрамя гульні на публіку і фарсу, ёсць і дэманстрацыя вернасці Маскве, і цалкам сур'ёзнае пасланне Захаду.

— З аднаго боку, Аляксандр Лукашэнка імкнуўся паказаць Пуціну, наколькі ён «свой у дошку» — нават больш свой, чым самі расійцы. Таму ўся яго прамова прасякнутая кампліментамі на адрас Пуціна і нападкамі на Ангелу Меркель — абразы з налётам сэксізму. Мы, маўляў, з Пуціным лічылі яе сур'ёзным палітыкам, а яна аказалася такой жа, як усе на Захадзе, — аналізуе рыторыку беларускага кіраўніка Фрыдман.

Яшчэ адзін цікавы момант, адзначае эксперт, — дэманстрацыя Лукашэнка пагарды на адрас Францыі.

— Думаю, гэта таксама звязана з Пуціным. Лукашэнка ж сам Еўропу не ведае, ён і не быў фактычна нідзе (а калі і быў, то вельмі даўно), ні з кім не сустракаўся, а еўрапейскіх палітыкаў ведае не па асабістых кантактах, а па сюжэтах расійскага тэлебачання і расказах Пуціна. Толькі Макрон тэлефанаваў яму на пачатку вайны, а так заходнія палітыкі з ім не размаўляюць.

Таму Лукашэнка, як і Пуцін, выказвае больш паважлівае стаўленне да Германіі, чым да іншых еўрапейскіх краін, а Францыю, наадварот, лічыць «дробяззю пузатай» — так, называў Макрона «пацаном», а цяпер, наўмысна ці выпадкова, прозвішча былога прэзідэнта краіны Франсуа Аланда некалькі разоў перакруціў, паставіўшы націск на першы склад. Да таго ж, непаважліва адазваўся пра прэзідэнта ядзернай дзяржавы, якога «Меркель ўсюды пад руку вадзіла».

Я вельмі добра памятаю, што на групавым фотаздымку ў лютым 2015-га, дзе Лукашэнка адзіны ззяў усмешкай, сапраўды былі кадры, на якіх Ангела Меркель узяла Аланда пад руку і кудысьці павяла — магчыма, Лукашэнка гэта запомніў. Але цяперашнія завуаляваныя абразы на адрас хай і былога прэзідэнта краіны, нібыта той нават не разумеў, дзе знаходзіцца, — гэта тое, што ў Францыі будзе ўспрынята востра; там лічаць свайго прэзідэнта лідарам Еўропы (бо Францыя — адзіная ядзерная дзяржава ў ЕС).

— Ці могуць рэплікі пра тое, што «падманулі і свет, і Расію», «гэта брыдка» быць выкліканыя асабістай крыўдай? Бо Лукашэнка вельмі ганарыцца Мінскімі пагадненнямі і сваёй роляй міратворца, а тут даводзіцца канстатаваць, што яго выкарыстоўвалі.

— У нейкай ступені, верагодна, гэта яго асабіста закранула, што з яго здымаюць арэол міратворца. Але перш за ўсё, звярніце ўвагу, каго ён кідаецца абараняць — Пуціна. Бо калі іх падманулі, атрымліваецца, абодва, выкарыстоўваючы гэтак любімую імі «пацанскую тэрміналогію»,— лохі?

Таму Лукашэнка ў сваёй тырадзе імкнуўся паказаць, які Пуцін выдатны, Украіну збіраўся аднаўляць... А сам сябе ён у гэтай сітуацыі прадае не як нейтральнага чалавека, а як падручнага Крамля.

Таксама, з майго пункту гледжання, вельмі важны момант: адначасова ён падкрэсліў, што заўсёды з Пуціным гаварыў пра спыненне вайны, ніколі не абмяркоўваючы нічога пра «вызваленне» ўкраінскіх тэрыторый.

Еўрапейскія палітыкі — яны ж не першы дзень у палітыцы, ведаюць Лукашэнку, як аблупленага, і ўсё яго блюзнерства і асабістыя абразы выносяць за дужкі, спрабуючы атрымаць са словавывяржэнняў рацыянальнае зерне.

Тое, што ён думае пра Меркель — нікога не цікавіць і нікога не закране, што хаміць ўсім запар, — даўно вядома, ён не адзін такі, хто грае на публіку. Прычым у дадзеным выпадку перш за ўсё на расійскую: ён загадзя ведае, якія асноўныя пасланні і танальнасць вытрымае, хоць, зразумела, і імправізуе. Яму было важна паказаць карцінку, якая ім спадабаецца, разыдзецца на цытаты і, магчыма, нават Пуціну будзе асабіста прыемна, як ён кінуўся на амбразуру.

— А ці было ў прамовах Лукашэнкі, акрамя разліку на расійскую аўдыторыю, пасланне ў бок Захаду — з разраду «я скакаў за вамі тры дні, каб сказаць, як вы мне абыякавыя»?

— Якраз гісторыя пра тое, што ён «заўсёды за мір» і не мае ніякага дачынення да захопу ўкраінскіх тэрыторый. Мне здаецца, вельмі асцярожна ён укладвае ў свае словы мэсэдж «я добры, мяне прымусілі, а наогул я супраць вайны і за цэласнасць Украіны». Як ён сказаў, маўляў, была б уся Украіна па Мінскіх пагадненнях украінскай — потым абмовіўся і дадаў: акрамя Крыму.

Гэта значыць, ён па-ранейшаму спрабуе Захаду паслаць сігнал і свой наратыў, што ён нічога дрэннага не рабіў, а калі ў чым і ўдзельнічае, то вымушана, таму што ён палонны саюзных абавязацельстваў.

Яму важна было падкрэсліць, што ён не актыўны бок агрэсіі і не дапамагае Расіі ў агрэсіі. Каб яго ніхто ў агрэсары не запісваў і каб з ім, калі што, калі наступіць момант Х дамаўляцца з Захадам (прычым не на яго ўмовах — такога ўжо больш ніколі не будзе), наогул загаварылі.

Падобныя тырады, адзначае Аляксандр Фрыдман, Лукашэнка выдае не выпадкова, а да месца — сустракаючыся з Пуціным і іншымі ўдзельнікамі інтэграцыйных працэсаў на постсавецкай прасторы, якія ў вайне з Украінай займаюць дыстанцыяваную пазіцыю. І для кіраўніка Беларусі гэта кожны раз магчымасць падаць сябе як важнага і, фактычна, адзінага паўнавартаснага хаўрусніка. А адначасова з прарасійскай рыторыкай агучваюцца больш-менш адкрытыя пасланні Захаду: не забывайце, я — не Пуцін, не Расія.

— Абяцанне «апублікаваць факты» — з разраду «паказаць мапы, адкуль рыхтаваўся напад» ці за гэтым нешта можа стаяць? Напрыклад, намёк Расіі, як гэтыя два гады беларускі рэжым мужна закрывае заходнія расійскія рубяжы ад ляскаючага і бразгаючага зброяй NATO.

— Гэта гульня на публіку, галоўным чынам. У лепшым выпадку новы «Нік і Майк», а можа быць, і яшчэ нешта больш тапорнае. Калі трэба будзе, не сумняваюся, зляпаюць нейкую гісторыю на гэты конт. А пакуль Лукашэнка на словах сапраўды павышае сваю каштоўнасць для Расіі.

Хаця я не выключаў бы, што мае рацыю Дзмітрый Муратаў (ён гаварыў у дачыненні да Пуціна, але гэта адносіцца і да Лукашэнкі): гэта людзі, якія выдумалі нейкую карціну тлумачэння сітуацыі, якая ім зручная, і самі ў яе паверылі. Так Лукашэнку прыемней думаць, што пратэсты інспіраваныя Захадам, а не беларускі народ яго адхіліў і адхіляе. І Пуцін цалкам можа верыць, што калі б умоўная Ціханоўская прыйшла да ўлады, то рушыла б NATO ў бок Смаленска.

Вядома, гэта не мае нічога агульнага з рэальнасцю. Але праблема ў тым, што такія людзі — канспіролагі па сваім складзе мыслення, і яны схільныя верыць у падобнае.

Тырада Лукашэнкі на ЕАЭС, кажа экспэрт, у пэўным сэнсе нагадвае адзін з публічных зваротаў Кадафі — дыктатар, які стаіць пад парасонам, блытана спрабуе данесці сваё пасланне да нацыі... Так і ў выпадку з абвінавачаннямі Ангелы Меркель у «падмане» — маўляў, Мінскія пагадненні Захад першапачаткова не збіраўся выконваць, — у тоне і прамове Лукашэнкі праскоквае няўпэўненасць і ваганні: ці то падманулі, ці то ўсё-ткі не? І дзіўна, што ён, гаворачы пра падман у Мінскіх пагадненнях, ні словам не ўзгадаў пра тое, як Меркель абвяла яго вакол пальца, прымусіўшы згарнуць міграцыйны крызіс…

Уладзімір Пуцін, дарэчы, быў значна больш катэгарычны, заявіўшы, што словы Меркель яго «расчаравалі» і што Расіі варта было пачаць поўнамаштабную вайну раней, але «разлічвалі дамовіцца ў рамках "Мінска-2"». Тым самым фактычна ён лье ваду на млын экс-канцлеркі ФРГ: атрымліваецца, што Украіна і на самой справе дзякуючы Мінскім пагадненням змагла выйграць час, каб не ўступіць у вайну раней, зусім не падрыхтаванай, і не быць разгромленай.

Хаця ў прамове Меркель, я чытаў яе, не было адназначнага кантэксту, што пагадненні дазволілі выйграць час для таго, каб пачаць вайну, — удакладняе экспэрт. — Экс-канцлерка хутчэй гаворыць пра тое, што гэта выратавала Украіну ад поўнага ваеннага разгрому.

А другі момант, пытанне пра «Паўночны паток-2», Меркель дыпламатычна абышла, заявіўшы, што яго трэба было працягнуць, каб зусім не азлобіць Расію, не справакаваць да больш агрэсіўных дзеянняў. Хаця магла б сказаць пра эканамічныя інтарэсы, што гэта было выгадна для Германіі. Але не, яна паспрабавала і гэты момант выкласці нейкім чынам на карысць Украіны, нібыта гэта была частка вялікай гульні.

Зрэшты, пытанне, ці было так на самой справе, вядома, застаецца адкрытым. І нельга адмахнуцца ад версіі, што ўрады Францыі і Германіі не падыгрывалі Кіеву, а ўспрымалі Мінскія пагадненні сур'ёзна, неаднаразова, аж да пачатку вайны, адзначаючы сваю прыхільнасць гэтым дамоўленасцям.