Стала вядома, каго ў Беларусі будуць прызнаваць грамадзянскай супольнасцю і хто зможа прэтэндаваць на месца ў УНС

Чыноўнікі на патрабаванне Лукашэнкі ўзяліся за грамадзянскую супольнасць. Яны падрыхтавалі дакумент, у якім пішуць пра законнасць і роўнасць.

Фота Паўла Хадзінскага

Фота Паўла Хадзінскага

У Беларусі рыхтуецца заканадаўства аб грамадзянскай супольнасці. Як вынікае з законапраекта, лічыцца прадстаўнікамі такога таварыства змогуць, верагодна, толькі праўладныя недзяржаўныя структуры і аб'яднанні.
Нагадаем, у красавіку Лукашэнка запатрабаваў заканадаўча замацаваць паняцце «грамадзянская супольнасць». Ён таксама заяўляў аб «маючай адбыцца вялікай працы ў партыйным будаўніцтве і навядзенні парадку ў грамадскіх аб'яднаннях»
У законапраекце аб асновах грамадзянскай супольнасці, які падрыхтавалі ў Беларусі, пазначана прапанаванае вызначэнне грамадзянскай супольнасці — людзей, якія пастаянна пражываюць у Беларусі і выказваюць сваю грамадзянскую пазіцыю праз удзел у грамадскіх адносінах і інстытутах, не забароненых законам. А яго суб'ектамі (прадстаўнікамі) лічацца структуры, дзейнасць якіх "скіравана на вырашэнне асноўных задач узаемадзеяння дзяржаўных органаў і грамадзянскай супольнасці", прапісаных у законе (пра іх мы пагаворым у наступным раздзеле). Але калі для ДА дзейнічаюць абмежаванні ў выглядзе знаходжання на тэрыторыі Беларусі, яго прадстаўнікі не абмяжоўваюцца тэрытарыяльнымі ці іншымі рамкамі.
З вызначэння гэтых двух паняццяў вынікае, што тыя арганізацыі, якія не ўзаемадзейнічаюць з дзяржорганамі, аўтаматычна не разглядаюцца як такія і не падпадаюць пад дзеянне закону. Напрыклад, калі вы маленькая арганізацыя, якая ратуе бяздомных жывёл, але вы не кантактуеце з дзяржорганамі, тады вас аўтаматычна выкрэсліваюць са спіса арганізацый прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці.
Тое самае тычыцца аб'яднанняў і людзей, якія знаходзяцца за мяжой. Як вядома, у 2021 годзе ў Беларусі прайшла масавая зачыстка грамадзянскай супольнасці (амаль 700 арганізацый знаходзяцца ў працэсе прымусовай ліквідацыі). Частка арганізацый перавяла сваю дзейнасць за мяжу, там жа працуюць многія незалежныя медыі. Усіх іх аўтары законапраекта вывелі за рамкі грамадзянскай супольнасці, якая прызнаецца на заканадаўчым узроўні.

Фота Паўла Хадзінскага

Фота Паўла Хадзінскага

Па сутнасці гэта азначае, што лічыцца прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці змогуць, па-сутнасці, толькі праўладныя недзяржаўныя структуры і аб'яднанні. Характэрна, што кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі Ігар Сяргеенка казаў, спасылаючыся на Лукашэнку, што рыхтуючы заканадаўчую аснову пад грамадзянскую супольнасць, хацелі «не адсякаць людзей» і «не ўключаць выключна кагосьці».

Чым можа займацца грамадзянская супольнасць

Як пазначана вышэй, у законапраекце прапісана, што прадстаўнікамі ГА лічацца тыя структуры, якія павінны займацца вырашэннем задач узаемадзеяння з дзяржорганамі па цэлым спісе кірункаў:
канструктыўнае ўзаемадзеянне з дзяржорганамі на ўмацаванне даверу да інстытутаў дзяржулады;
забеспячэнне незалежнасці, тэрытарыяльнай цэласнасці Беларусі;
работа над улікам грамадскай думкі і законных інтарэсаў грамадзян пры ажыццяўленні дзяржпалітыкі для дасягнення грамадскага кансенсусу па ключавых пытаннях развіцця Беларусі;
забеспячэнне грамадзянскага (народнага) адзінства;
павышэнне ўцягнутасці грамадзянскай супольнасці ва ўпраўленне справамі дзяржавы, рэалізацыю дзяржпалітыкі з улікам прыярытэту нацыянальных інтарэсаў;
умацаванне адзінай супольнасці «беларускі народ», выхаванне павагі да ўсіх нацыянальнасцей, рэлігій і культур;
садзейнічанне далейшаму развіццю дэмакратычнай сацыяльнай прававой дзяржавы і іншыя.


Калі абагульніць, тады задачы грамадзянскай супольнасці ў асноўным зводзяцца да прасоўвання дзяржпалітыкі, умацавання даверу да дзяржінстытута, духоўна-маральнага і патрыятычнага выхавання людзей. Гэта значна вузейшае поле дзейнасці ў параўнанні з агульнасусветнай практыкай. "Іх асноўная задача — дзейнічаць для грамадскага дабра, сістэмных і пазітыўных змяненняў грамадства", —адзначае Арганізацыя еўрапейскага эканамічнага супрацоўніцтва (OEEC).
У праекце закона пазначана, што дзейнасць суб'ектаў грамадзянскай супольнасці не можа быць скіравана на ажыццяўленне экстрэмісцкай дзейнасці або прапаганды вайны. Калі з першай частка ўсё зразумела — так заканадаўцы выключаюць усе непажаданыя ўладам грамадскія арганізацыі і медыя, тады ў другім выпадку тэарэтычна могуць узнікнуць пытанні да шэрагу нават праўладных грамадскіх арганізацый. Напрыклад, дэпутат і кіраўнік Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі Алег Гайдукевіч ездзіў на Данбас, фактычна тым самым падтрымаўшы ваенную агрэсію Расіі.

Іншыя змены для грамадзянскай супольнасці

У дакуменце прапісаны абавязак дзяржавы ў садзейнічанні развіццю грамадзянскай супольнасці. Здавалася б, гэта супярэчыць таму, што ўлады рабілі апошнія два гады. Але калі ўлічыць, што новы законапраект бачыць суб'ектамі грамадзянскай супольнасці толькі праўладныя арганізацыі, дык якраз гэта і адбываецца ў нашай краіне. Напрыклад, з бюджэту кожны год выдзяляюцца вялікія сумы на такія грамадскія арганізацыі. Так, выдаткі на БРСМ з бюджэту ў наступным годзе складуць больш за 11,7 млн. рублёў.
Адно з новаўвядзенняў - гэта абранне ў УНС членаў грамадскіх арганізацый і палітычных партый. Верагодна, менавіта ў сувязі з працай гэтага новага органа ўлады і звязана ўкараненне заканадаўства аб грамадзянскай супольнасці. Таму што, не маючы дакладных рамак, складана будзе растлумачыць грамадскасці, хто і па якім прынцыпе будзе мець права прэтэндаваць на ўключэнне ў 1200 "абраных" дэлегатаў.
У дакуменце дакладна пазначана, што стаць дэлегатамі змогуць толькі прадстаўнікі зарэгістраваных грамадскіх арганізацый, у якіх ёсць абласныя і мінская гарадская структуры. Гэта значыць толькі са структурамі рэспубліканскага значэння.
Другое абмежаванне — гэта колькасць сябраў такой арганізацыі ці аб'яднання, а менавіта не менш за 100 тысяч чалавек альбо аб'ядноўваюць не менш за палову зарэгістраваных у краіне прафсаюзаў. Гэта абмяжоўвае магчымасці ўдзелу ў дзейнасці УНС для ўсіх непраўладных арганізацый, таму што яны нашмат меншыя па памеры.
Затое адкрывае дарогу "Федэрацыі прафсаюзаў" з 4 млн членамі, "Белай Русі", куды ўваходзіць 200 тысяч чалавек, БРСМ з 400 тысячамі ўдзельнікаў, "Беларускаму грамадскаму аб'яднанню ветэранаў", дзе налічваецца каля 2,5 млн удзельнікаў, "Беларускаму саюзу жанчын" са 150 тысячамі ўдзельніцамі.
Вызначаць, якія суб'екты грамадзянскай супольнасці будуць мець права на ўзаемадзеянне з дзяржорганамі ў асаблівых формах (гэта значыць узаемадзейнічаць з УНС або выбірацца яе членамі), будзе Міністэрства юстыцыі.