Фрыкі ў трэндзе

Да таго, што ў выбарах рознага ўзроўню ўдзельнічаюць фрыкі ад палітыкі, мы звыклі. Але каб яны больш займаліся сваёй палітычнай кампаніяй, чым тытульная апазіцыя?



parad.png

Фэйкавае сэлфі Юрыя Шульгана

Па разліках старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай, галасаванне на прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі павінна адбыцца не пазней як 15 лістапада гэтага года. Але тытульная апазіцыя пакуль што не варушыцца.

З адзіным кандыдатам на выбарах беларускія дэмакратычныя сілы не вызначыліся. Але і «параду кандыдатаў» пакуль што не назіраецца. Звычайна за паўгода да выбараў ужо больш-менш вядома, хто на што прэтэндуе. У нас жа — поўная цішыня і спакой.

Пакуль мы ведаем толькі аднаго чалавека, які дакладна пойдзе змагацца за прэзідэнцтва. Гэта лідар Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька. Яго ўжо даўно высунуў з’езд АГП, і ён неаднаразова казаў, што гатовы да «палітычнай кампаніі». Што тычыцца астатніх — сумневы дагэтуль застаюцца.

Ад ініцыятывы «Народны рэферэндум» вызначаная кандыдаткай Тацяна Караткевіч. Але ў самой Таццяны становішча няўцямнае — з’езд кампаніі «Гавары праўду», якая яе высунула кандыдаткай ад НР, адбудзецца толькі ў канцы мая. То бок, сама «Гавары праўду» зараз знаходзіцца ў падвешаным стане, што ўжо казаць пра прэзідэнцкую кампанію...

Паплечнік Караткевіч Андрэй Дзмітрыеў на фэсце "Mediabarcamp", які днямі прайшоў у Літве, заявіў, што для Таццяны плануецца «анлайн-кампанія». Ва ўсіх узнікла пытанне: а што, выбары ў нас праходзяць у інтэрнэце? Да таго ж, прыклад «анлайн-кампаніі» ў нас ужо быў у 2006 годзе, калі ў прэзідэнты «ішоў» палітолаг і метадолаг Уладзімір Мацкевіч. Справа не дайшла нават да рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, спроба балатавацца была названая «арганізацыйна-дзейнаснай гульнёй».

Не так даўно мы даведаліся і пра прэзідэнцкія амбіцыі лідара партыі левых «Справядлівы Свет» Сяргея Калякіна. Але, як і ў «Гавары праўду», з’езд партыі, які павінен яго зацвердзіць кандыдатам, яшчэ не адбыўся. Пра сябру ТБМ Алену Анісім — яшчэ адну патэнцыйную кандыдатку — не чуваць нічога. Беларуская хрысціянская дэмакратыя паціху працягвае фармаваць ініцыятыўную групу Мікалая Статкевіча, якая, зразумела, не будзе зарэгістравана, бо Статкевіч не з’явіцца з турмы ў ЦВК, каб асабіста падаць склад гэтай ініцыятыўнай групы для рэгістрацыі.

Ёсць яшчэ сталы спарынг-партнёр Аляксандра Лукашэнкі на ўсіх выбарах — лідар ЛДПБ Сяргей Гайдукевіч. Пасля таго, як ён узамен на падтрымку паабяцаў дзеячам дэмакратычнай апазіцыі месцы ў будучым урадзе, пра яго збольшага нічога не чуваць.

Гэта, бадай, уся раскладка прэтэндэнтаў на пасаду кіраўніка Беларусі, выключаючы адсюль, канешне, Аляксандра Лукашэнку. І яшчэ аднаго кандыдата — Юрыя Шульгана.

Юрый Шульган — незалежны кандыдат, які быў падтрыманы Беларускай партыяй «Зялёныя». Ён пачаў агрэсіўную рэкламную кампанію. Пазіцыянуе сябе як «дармаед у дэкрэце», 15 год нідзе не працаваў, і ягоны адзіны шанец працаўладкавання — заняць пасаду прэзідэнта.

Фрык? Адназначна! Але ў гэтага фрыка ўжо запушчаны сайт выбарчай кампаніі, на якім кожны можа падпісаць петыцыю ў падтрымку ягонага працаўладкавання — то бок, ён збірае ініцыятыўную групу. Распрацаваны лагатып кампаніі. Ужо створаныя макеты перадвыбарчых плакатаў (дарэчы, вельмі прывабныя і нестандартныя, у выглядзе кінаафішаў), запісаны і змешчаны ў інтэрнэце першы відэазварот прэтэндэнта на прэзідэнты. Набірае колькасць «лайкаў» ягоная старонка ў сацсетцы Facebook, інтэрв’ю з Шульганом друкуе Naviny.by.

Узнікае заканамернае пытанне, а хто тут фрык? Тытульная апазіцыя, якая пакуль што пальцам не паварушыла дзеля прэзідэнцкай кампаніі, альбо «дармаед у дэкрэце», які за месяц зрабіў палову працы для паспяховага пачатку агітацыі?

Ужо неаднаразова падобныя фрыкі выштурхоўваюць з палітычнай прасторы сур’ёзных, але непаваротлівых апанентаў. Узгадайма, напрыклад, коміка і блогера Бэпе Грыла ў Італіі, над якім спачатку ўсе смяяліся, а ў выніку на парламенцкіх выбарах ён узяў трэцяе месца, апярэдзіўшы нават уладную на той момант кааліцыю цэнтрыстаў. Альбо, каб далёка не хадзіць, — прэзідэнцкія выбары ў Польшчы, першы тур якіх адбыўся літаральна днямі. Хто мог уявіць, што рок-музыка і журналіст з папулісцкімі і ўяўна «трэшавымі» лозунгамі (напрыклад, скасаваць існую выбарчую сістэму) Павел Кукіз возьме на іх больш за 20 працэнтаў і апынецца на трэцім месцы?

Калі тытульная апазіцыя будзе надалей спаць у капялюш, то я не здзіўлюся, што Шульган атрымае і рэгістрацыю кандыдатам у прэзідэнты, і 30 працэнтаў галасоў выбаршчыкаў. Проста акрамя яго больш «пратэстнаму электарату» будзе няма за каго галасаваць. Праўда, у выпадку, калі галасы падлічаць…