Хайка Маас выступае за агульнаеўрапейскія санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі

Санкцыі ў дачыненні да Беларусі застаюцца ў сіле, а ў выпадку неабходнасці будуць пашырацца на ўзроўні ЕС, заявіў у інтэрв'ю DW кіраўнік МЗС Германіі Хайка Маас.

Міністр замежных спраў Германіі Хайка Маас

Міністр замежных спраў Германіі Хайка Маас

Германія самастойна не ўводзіць санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, паколькі ў Еўрасаюзе дамовіліся прымаць рашэнні наконт штрафных мер, у тым ліку і ў дачыненні да афіцыйнага Мінска, разам, на еўрапейскім узроўні. Пра гэта заявіў міністр замежных спраў Германіі Хайка Маас (Heiko Maas) у інтэрв'ю DW у чацвер, 18 сакавіка.

Паводле яго, усе санкцыі ў дачыненні да Беларусі былі прынятыя ў ЕС аднагалосна. Вызначаючы жорсткасць штрафных мер, трэба імкнуцца да таго, каб яны дзейнічалі на вінаватых, а не на ўсю грамадзянскую супольнасць у цэлым, сказаў Маас.

Калі гаворка заходзіць пра санкцыі, то трэба ўлічваць іх эканамічныя наступствы, падкрэсліў міністр. Таму ў ЕС было вырашана ў выпадку Беларусі стварыць спіс адказных за тое, што адбываецца ў краіне. І гэта датычыцца не толькі асабіста Лукашэнкі, але і ўсяго яго апарата, адзначыў кіраўнік МЗС Германіі. Паводле слоў Мааса, кіраўнік Беларусі «чапляецца за ўладу, выкарыстоўваючы дыктатарскія метады, і топча нашы ліберальныя каштоўнасці». 

Пратэсты ў Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў

Масавыя пратэсты супраць фальсіфікацыі вынікаў галасавання ўспыхнулі ў Беларусі адразу пасля прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня, калі ЦВК зноў абвясціў пераможцам Аляксандра Лукашэнку. Пратэстоўцы патрабуюць правядзення новых, сумленных выбараў і вызвалення палітвязняў, а таксама спынення самавольства сілавікоў у дачыненні да пратэстоўцаў.

Падчас пратэстаў фізічна пацярпелі, былі арыштаваныя і затрыманыя тысячы чалавек, у тым ліку дзясяткі журналістаў. Восем чалавек загінулі. Апошнім часам пратэсныя акцыі носяць лакальны характар.

Прадстаўнікі апазіцыі сфарміравалі Каардынацыйную раду для перадачы ўлады, аднак у выніку ўсе сябры прэзідыума КР альбо былі арыштаваныя, альбо апынуліся за мяжой. Еўрасаюз увёў санкцыі ў дачыненні да Лукашэнкі і яго атачэння. Святлана Ціханоўская, якую многія ў Беларусі лічаць сапраўднай пераможцай выбараў, пад ціскам улад была вымушаная пакінуць краіну. Сёння яна вядзе актыўную працу па падтрымцы дэмакратычнага руху ў Беларусі на сусветнай палітычнай арэне.

Паводле www.dw.com