«Галоўнае — народ аб’яднаўся і змагаецца за свае правы»: Ціханоўская і каманда падвялі вынікі года
Святлана Ціханоўская і яе каманда — прадстаўнікі кабінета Ціханоўскай — падвялі вынікі 2020 года. Падчас анлайн прэс-канферэнцыі яны распавялі, над якімі напрамкамі працуюць і калі пратэсты «здзьмуюцца».
Ціханоўская і вялікая частка яе каманды знаходзяцца ў Вільні. Сама Святлана Ціханоўская, як распавялі журналістам перад прэс-канферэнцыяй, цяпер знаходзіцца на самаізаляцыі як кантакт першага ўзроўню па каронавірусе, перадае TUT.BY.
Для Ціханоўскай галоўнай падзеяй года стала аб’яднанне беларускага народа.
— Самае галоўнае, што здарылася — беларускі народ аб’яднаўся, змагаецца за свае правы. Лукашэнка не прызнаны легітымным прэзідэнтам ва ўсім свеце, і выбары ў Беларусі прызнаныя сфальсіфікаванымі. Мы на дадзены момант усталёўваем дыпламатычныя кантакты з іншымі краінамі — цяпер гэта 25 краін свету, але мы не спыняемся і працягваем гэтую працу, якая, на жаль, не праводзілася ўжо многія-многія гады, — сказала Святлана Ціханоўская.
«Засталося дачакацца, калі амапаўцы пачнуць працаваць замест лекараў і настаўнікаў»
Прадстаўнік Ціханоўскай па эканамічных рэформах Алесь Аляхновіч адзначыў, што эканоміка Беларусі цяпер знаходзіцца ў стагнацыі, а даходы беларусаў у валюце — на ўзроўні 10-гадовай даўніны з улікам інфляцыі долара за гэты час.
— І ўлада нічога не плануе мяняць, а без зменаў патэнцыял росту эканомікі блізкі да нуля. Пасля рэпрэсій нават IT-сектар развівацца перастаў. У краіне дзеецца беззаконне, і крэатыўным людзям, у тым ліку бізнесменам, немагчыма рэалізавацца. Ідзе адток інвестыцый, капіталаў і людзей з краіны. У 2020 годзе многія пасады ва ўладзе ад спецыялістаў-тэхнакратаў перайшлі да людзей у пагонах: яны працуюць на пасадзе прэм’ера, у Адміністрацыі прэзідэнта, а таксама на дыпламатычнай службе ў іншых краінах. Засталося дачакацца, калі амапаўцы пачнуць працаваць замест лекараў і настаўнікаў.
Калі казаць пра тое, якія перспектывы чакаюць пры такім кіраўніцтве, то нас чакае поўны застой. Калі б не дапамога з боку Расіі, у тым ліку фінансавая, сітуацыя была б яшчэ горшай, — адзначыў Аляхновіч.
Прадстаўнік Ціханоўскай распавёў, што цяпер каманда працуе па чатырох кірунках: эканамічная праграма для дэмакратычнай Беларусі, супрацоўніцтва з міжнароднымі фінансавымі інстытутамі і замежнымі ўрадамі для забеспячэння падтрымкі эканамічных рэформаў у Беларусі пасля вырашэння палітычнага крызісу, эканамічны ціск на ўлады Беларусі і падтрымка незалежных прафсаюзаў, малога бізнесу і стачкамаў.
— Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця, Еўрапейскі інвестыцыйны банк — не адзіныя, хто гатовы дапамагаць Беларусі, як толькі палітычны крызіс будзе пераадолены, мы можам разлічваць на падтрымку з боку МВФ, Сусветнага банка і шматлікіх міжнародных інвестараў і беларускай дыяспары, — удакладніў Аляхновіч.
Што тычыцца чацвёртага пакета санкцый, то ён, па словах прадстаўніка Ціханоўскай па міжнародных справах Валерыя Кавалеўскага, ужо фармуецца.
— Праца ўжо пачалася, пакет ужо фармуецца, мы можам яго дапаўняць новымі імёнамі. У агульным і цэлым ЕС настроены на тое, што гэты пакет будзе разглядацца і прымацца, цалкам магчыма, у канцы студзеня-пачатку лютага, — сказаў Кавалеўскі.
«На бліжэйшыя шэсць месяцаў няма ніякіх шанцаў, што пратэсты спыняцца»
Адна з асноўных тэм гэтага года — пратэсты, і будучыня ў іх ёсць, лічаць у камандзе Ціханоўскай. Са слоў дарадцы па міжнародных справах Франака Вячоркі, спрагназаваць рост хвалі пратэстаў немагчыма, але можна выказаць здагадку, што гэта стане адказам на нейкі палітычны крок або заяву ўлады.
— Гэта можа быць нейкае здарэнне, як было ў выпадку смерці Рамана Бандарэнкі, калі людзі мабілізаваліся. Мы павінны быць гатовыя, што гэта можа здарыцца ў любы дзень. Людзі выходзяць пад уплывам эмоцый, гэта можа быць рэзкае падзенне ўзроўню даходаў або курсу долара. Мы гатовыя да ўсяго, і на бліжэйшыя шэсць месяцаў няма ніякіх шанцаў, што пратэсты спыняцца. Будзе вельмі шмат розных момантаў, калі пратэсты будуць аднаўляцца ў розных формах і ў Мінску, і ў рэгіёнах, і пад уздзеяннем эканамічных фактараў, і пад уздзеяннем нейкіх крокаў Лукашэнкі. Ці правільная была стаўка на мірны пратэст? Так, мы катэгарычна прытрымліваемся гэтай лініі, толькі мірны пратэст да перамогі, — заявіў Франак Вячорка.