«Гэта адчыняе скрыню Пандоры». Чаму «крамлёўскі спіс» пагражае Беларусі
Эксперт назваў тры сцэнары, па якіх беларусы могуць пацярпець ад амерыканскіх санкцый.
У экспрэс-каментары «Салiдарнасцi» дырэктар Цэнтра стратэгічных і знешнепалітычных даследаванняў Арсень Сівіцкі пракаментаваў «крамлёўскі даклад», апублікаваны Мінфінам ЗША, у якім аказалася 210 чалавек з атачэння Уладзіміра Пуціна.
— Публікацыя гэтага спісу пакуль што не прадугледжвае аўтаматычнага ўвядзення санкцыйных мер, — тлумачыць суразмоўца. — Але, наколькі мне вядома, кангрэс Злучаных Штатаў мае намер выкарыстоўваць гэты спіс, каб уводзіць кропкавыя персанальныя санкцыі — як супраць саміх фігурантаў гэтага спісу, так і тых актываў, якія ім належаць.
Па словах эксперта, існуе некалькі рэчаў, якія могуць пагражаць Беларусі ў гэтай сітуацыі.
Першае — гэта тое, што закон, у рамках якога апублікаваны крамлёўскі спіс, мае экстэрытарыяльны характар.
— Гэта значыць, амерыканскія ўлады маюць магчымасць уводзіць санкцыі не толькі супраць расійскіх кампаній, але і супраць любых трэціх фізічных і юрыдычных асоб. І гэта галоўны выклік для Беларусі, таму што наша краіна знаходзіцца ў саюзе з Расіяй, а амаль усё расійскае кіраўніцтва ўнесена ў гэты спіс, не кажучы ўжо пра бізнесменаў накшталт Гуцырыева.
Арсень Сівіцкі нагадвае, што, паводле ацэнак Forbes, каля 22 расійскіх алігархаў маюць актывы і эканамічныя інтарэсы ў Беларусі.
— Гэта, у пэўным сэнсе, адкрывае скрыню Пандоры, таму што ніхто не ведае, якія прадпрыемствы апынуцца пад санкцыямі, — заўважае ён.
Другая праблема для Беларусі заключаецца ў тым, што літаральна за два дні да публікацыі спісу, ЗША мелі намер ўвесці дадатковыя абмежаванні супраць абаронна-прамысловага комплексу Расіі.
— Як вядома, каля 90% беларускага ВПК ідзе на экспарт у Расію. Як дэталі, так і гатовыя камплектуючыя — напрыклад, оптыка або шасі Мінскага завода колавых цягачоў. І тут таксама могуць узнікнуць праблемы, — лічыць эксперт.
Трэцяя праблема — самая важная, на думку суразмоўцы, тычыцца хутчэй не эканамічнай, а ваенна-палітычнай сферы.
— Пытанне заключаецца ў тым, як Расія будзе рэагаваць на гэтыя санкцыі. У яе няма інструмента для сіметрычнага рэагавання на такі спіс, затое яна можа адрэагаваць, выкарыстоўваючы свой ваенна-палітычны інструмент. Гэта можа быць нейкая дэстабілізацыя абстаноўкі, або абвастрэнне канфлікту на Данбасе або ў Сірыі.
І тут для Беларусі ўзнікаюць сур'ёзныя рызыкі, таму што Расія будзе патрабаваць з боку свайго саюзніка выканання абавязацельстваў і стратэгічных саступак. Гэта можа быць як арганізацыя ваеннай прысутнасці Расіі на тэрыторыі Беларусі, так і пераарыентаване гандлёвых патокаў на Расію ці ж прыватызацыя важных беларускіх прадпрыемстваў.
На думку эксперта, калі Беларусь адмовіцца ісці на гэтыя саступкі, то рознагалоссі будуць нарастаць, асабліва ў другой палове 2018 года.