Гісторыя аднаго міністра. Як працуе адмоўная селекцыя лукашэнкаўскіх чыноўнікаў
Адмоўная селекцыя ў беларускай уладзе — на прыкладзе аднаго міністра.
Жыў-быў адзін школьны настаўнік. Усё ў яго было добра і неўзабаве ён стаў дырэктарам школы. Яго арганізатарскія здольнасці заўважылі і паклікалі працаваць у райвыканкам, піша «Салідарнасць».
Там яго зноў не абышлі ўвагай-і вось наш герой ужо ўзначаліў цэлы суседні раён. І ўжо тут ён раскрыў свае кіраўніцкія таленты ў поўны рост. Праўда, спадабалася гэта далёка не ўсім.
Мясцовыя жыхары распавялі гісторыю, якая шмат што кажа пра характар былога настаўніка. У першыя месяцы на новай пасадзе ён шмат ездзіў па раёне, зарабляючы аўтарытэт.
Аднойчы на адным з палёў яму трапіліся работнікі мясцовай гаспадаркі. Зламаўся раскідвальнік арганічных угнаенняў, мужыкі чакалі дэталь з горада. Пачуўшы, што чакаць прыйдзецца некалькі гадзін, новы начальнік раёна загадаў рабацягам залазіць у кузаў і раскідваць гной рукамі.
А потым была гісторыя з лесапалосамі, якім з выканкамаўскага кабінета была абвешчаная татальная вайна. З гэтай нагоды наракалі начальнікі дарожных службаў і мясцовыя інспектары ДАІ. Маўляў, зімой па дарогах стала небяспечна ездзіць з-за снежных заносаў, ад якіх раней ратавалі тыя самыя лесапалосы.
Многія жыхары раёна да гэтага часу ўспамінаюць былога ўжо кіраўніка нядобрым словам з-за адной свінскай гісторыі. У «Вікіпедыі» нават ёсць асобнае згадванне пра гэта: «Быў датычны да знішчэння хатніх свіней пад выглядам вучэнняў».
Гаворка пра ўспышку афрыканскай чумы свіней. Ратуючы дзяржаўныя свінакомплексы, улады тады пусцілі пад нож прыватнае пагалоўе, пакінуўшы вяскоўцаў без істотнага прыработку.
А яшчэ былі бясконцыя капрамонты горада, якія з'ядалі бюджэт і, на думку мясцовых жыхароў, мала ўплывалі на якасць дарог.
Але ўсё гэта не перашкодзіла, а, хутчэй, дапамагло нашаму герою быць заўважаным на самым версе. Так ён стаў памочнікам Лукашэнкі ў суседняй вобласці. А потым грымнуў 2020-ы, і…
Калі хтосьці яшчэ не здагадаўся, гаворка ідзе пра сённяшняга міністра культуры, як бы дзіўна для кагосьці гэта не прагучала. Пра таго самага Анатоля Маркевіча, які днямі заявіў пра канчатковае вырашэнне пытання «дэструктыўных элементаў» у сферы культуры.
Гэтая гісторыя для тых, хто з нейкай прычыны здольны здзіўляцца таму сталінскаму запалу, з якім міністр быццам бы культуры ў апошнія гады «чысціў шэрагі» ад «асоб, якія падрывалі асновы дзяржавы».
Гэта сведчанне таго, як працуе адмоўная апаратная селекцыя. Бо той жа Маркевіч з такім жа поспехам мог узначаліць што заўгодна — хоць «Беллегпрам», хоць Акадэмію навук.
Бо галоўная якасць сённяшніх кіраўнікоў — здольнасць выканаць любы капрыз. Нягледзячы на цану, якую ў выніку заплаціць даручаная такому чалавеку сфера — культура, сельская гаспадарка або навука.