Хронікі рэпрэсій за 28 красавіка: хапун у Лідзе, затрыманне з-за выказвання ў чат-рулетцы.

З дапамогай інфармацыі праваабаронцаў і незалежных медыя сабралі звесткі пра палітычны пераслед у Беларусі за 28 красавіка. 

hroniki_represij2_1_logo_3.webp

***

Па даносе правакатара з чат-рулеткі затрымалі чарговага беларуса

На відэа сілавікоў паказаны дыялог мужчыны з правакатарам Юрыем Комарам у чат-рулетцы. Затрыманы кажа, што ставіцца да Палка Каліноўскага, як да сваіх, і чакае, калі полк разам з УСУ ўвойдзе ў Беларусь.

Па якім артыкуле затрыманы беларус і дзе цяпер знаходзіцца — невядома.

***

Абласная назіральная камісія наведала пенітэнцыярныя ўстановы Наваполацка і не знайшла парушэнняў.

Прадметам іх абследавання былі ПК №1 і ПУАТ №11. 

Учора праваабаронцы паведамлялі, што менавіта ў наваполацкай калоніі палітвязняў катуюць холадам.
***

У траўні пачнуць судзіць жанчыну, якая дэманстратыўна адмовілася размаўляць з Азаронкам падчас «пакаяльнага інтэрв'ю»

Справу 39-гадовай Наталлі Крук пачнуць разглядаць 7 траўня ў Мінгарсудзе. Ёй інкрымінаваныя ч. 1 арт. 342 КК (удзел у дзеяннях, якія парушаюць грамадскі парадак або заклікі да такіх дзеянняў) і ч. 3 арт. 361 КК (Заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь). Справу прызначана весці суддзя Жанна Брысіна.

Незадоўга да затрымання Наталля вярнулася з Польшчы. Пакуль жанчына за кратамі, губазікаўцы вырашылі скарыстацца яе акаўнтам. Яны пакінулі два каментары ад яе імя, абодва датычацца Аляксандра Азарава і плана «Перамога». Абодва каментары пакінулі 15 сакавіка 2024 года.

Пра затрыманне Наталлі стала вядома ў мінулым жніўні — тады прапагандыст Азаронак прыйшоў да яе ў ГУБАЗіК браць «пакаяльнае інтэрв'ю», аднак жанчына дэманстратыўна адмовілася з ім размаўляць.

***

Чарговы хапун у Лідзе

У каналах, набліжаных да сілавікоў, з'явілася інфармацыя, што 26 красавіка ў Лідзе адбыліся масавыя затрыманні. Людзей забіралі з працоўных месцаў, хапалі проста на вуліцы.
***

«Кіберпартызаны» — група пратэсных хакераў, якая дзейнічае за мяжой, паведаміла ў сваім тэлеграм-канале пра ўзлом «базы даносаў» Камітэта дзяржаўнай бяспекі.

Гэта адбылося, дзякуючы ранейшаму ўзлому сайта КДБ, які не працуе ўжо больш за два месяцы.

Вынікі сваёй аперацыі «Кіберпатызаны» назвалі «зліваам даносаў у КДБ». Яны адзначаюць, што агулам за дзевяць апошніх гадоў у КДБ паступіла каля 40 тысяч зваротаў праз сайт.