«Хто заўгодна, абы не Лукашэнка». Рызыкі і надзеі–2020

Працягваецца другі этап электаральнай кампаніі. На вулічных пікетах, дзе каманды прэтэндэнтаў збіраюць подпісы, дастаткова ажыятажна: часам стаяць шматгадзінныя чэргі. У многіх прыхільнікаў пераменаў расце аптымізм, што неўзабаве эпоха кіравання Аляксандра Лукашэнкі скончыцца.

Фота Генадзя Кеснера

Фота Генадзя Кеснера


Збор подпісаў падчас гэтай кампаніі адметны тым, што яны ў малым аб’ёме збіраюцца ў фармаце «ад дзвярэй да дзвярэй». То-бок, зборшчыкі няшмат ходзяць па кватэрах. Прычына вядомая: каронавірусная эпідэмія.

Хаця, напрыклад, у Гомелі зборшчыца подпісаў за Аляксандра Лукашэнку абыходзіла кватэры без маскі. І канкурэнты, убачыўшы відэа ў інтэрнэце, папрасілі Цэнтрвыбаркам вынесці ягонай ініцыятыўнай групе папярэджанне. Рэч у тым, што ЦВК абавязаў усіх зборшчыкаў подпісаў насіць не толькі маскі, але і пальчаткі, папярэдзіўшы, што парушэнне гэтай рэкамендацыі пацягне за сабой папярэджанне. Ці рызыкне Ярмошына папярэдзіць каманду Лукашэнкі?


Лукашэнка і СOVID-19: хто страшнейшы?

na_vybary.jpg



У ініцыятыўных групах вырашылі, што бяспечней збіраць подпісы на вуліцы з мерамі антыэпідэмічнай бяспекі. Што праўда, са сродкаў гэтай самай бяспекі выкарыстоўваюцца збольшага толькі маскі і сацыяльная дыстанцыя ў чэргах. Прыкладна 90 працэнтаў ахвотных паставіць подпіс і абсалютна ўсе зборшчыкі подпісаў, што сядзяць за пікетнымі сталамі, надзяваюць маскі. А вось каля саміх гэтых сталоў — насуперак усім санітарным рэкамендацыям — часам утвараецца вельмі шчыльны натоўп. Дый асадка, якой запаўняюцца падпісныя аркушы і ставяць аўтографы грамадзяне, адна агульная на ўсіх. І сродкаў дэзінфекцыі на пікетах амаль няма.

Што да захадаў бяспекі супраць COVID-19, то па-апазіцыйнаму настроеныя грамадзяне выявілі тут падвойныя стандарты. Парад 9 траўня быў многімі раскрытыкаваны за небяспечную натоўпавасць, а на масавых пікетах нярэдка ствараецца такая самая сітуацыя. Тлумачэнне знаходзіцца кідкае: рэжым Лукашэнкі больш небяспечны за каронавірус, змагацца трэба перадусім з ім! Паглядзім, ці не будзе ўспышкі захворванняў у першай дэкадзе чэрвеня. Калі стануць вядомыя выпадкі заражэння сярод зборшчыкаў подпісаў, то збіраць подпісы і на пікетах стане праблематычна. Наогул, калі раптам адбудзецца рост захворванняў, то правядзенне выбараў акажацца пад пагрозай.

Хаця Лукашэнка наважаны правесці іх менавіта 9 жніўня, бо час і стан эканомікі гуляюць супраць яго. Кандыдаты ад тытульнай апазіцыі (АГП, БХД, Руху «За Свабоду»), якія правалілі праймерыз па вызначэнні адзінага кандыдата ад правацэнтрысцкай кааліцыі і зарэгістравалі свае ініцыятыўныя групы выключна сімвалічна, подпісаў не збіраюць, а выкарыстоўваюць гэты этап для легальных камунікацый з людзьмі. Яны якраз выступаюць за перанос выбараў на пазнейшы тэрмін пасля заканчэння каронавіруснай эпідэміі.

Такі нюанс: калі б рашэнне пра перанос было прынятае, то выбарчая кампанія мусіла б прайсці, калі і з удзелам Лукашэнкі, то ў якасці звычайнага грамадзяніна. 7 лістапада заканчваецца тэрмін ягоных паўнамоцтваў, і кіраваць краінай павінен быў бы прэм’ер-міністр Сяргей Румас.

Зрэшты, не будзем выклю­чаць сцэнару пераносу выбараў. Што праўда, гэта можа адбыцца пры ўвядзенні надзвычайнага становішча. Напрыклад, праз пагаршэнне сітуацыі з каронавірусам ці пры прызнанні і выкарыстанні такога пагаршэння ўладамі, калі рэйтынг Лукашэнкі крытычна абваліцца, а пратэставыя настроі будуць імкліва расці. Ужо доўгі час афіцыйная статыстыка па каронавірусе выдае падазронае плато: пад тысячу захворванняў і 3–5 смерцяў штодня. Калі сапраўдныя даныя фальсіфікуюцца, то для запуску сцэнару з пераносам выбараў уладам дастаткова проста пачаць паведамляць рэальныя лічбы.

А прэцэдэнт з пераносам выбараў ёсць — зусім свежы і побач з намі: у суседняй Польшчы напачатку траўня павінны былі адбыцца прэзідэнцкія выбары, але іх перанеслі на нявызначаны час нават без усялякіх надзвычайных становішчаў. Папросту вырашылі, што ў каранцінных умовах паўнавартасна правесці выбарчую кампанію немагчыма.

Дарэчы, Лукашэнка заявіў, што бліжэйшым часам сфарміруе новы ўрад. Не выключана, што замест Румаса прэм’ер-міністрам стане больш адданы Лукашэнку чыноўнік — напрыклад, былая кіраўніца Адміністрацыі прэзідэнта, а цяпер старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава. На ўсялякі выпадак: калі выбары будуць перанесеныя, а таксама калі галасаванне і Плошча 9 жніўня скончацца не на карысць Лукашэнкі.


Кандыдаты-інтрыгоўнікі

savecki_plakat.jpg


Пакуль выглядае на тое, што прэзідэнтура наважаная зладзіць чарговую элегантную перамогу Лукашэнкі. Ужо праз чатыры дні збору подпісаў ён паведаміў, што ягоная ініцыятыўная група сабрала 200 тысяч подпісаў. Па ўсім, агулам будзе за мільён, а то і пад два мільёны подпісаў. У 2015 годзе было 1,7 мільёна, у 2010-м — 1,1 мільёна. Такія лічбы традыцыйна дэманструюцца, каб велічна выглядаць на фоне супернікаў і загадзя абгрунтаваць вялікі працэнт набраных галасоў паводле афіцыйных вынікаў выбараў.

Разам з тым паведамленне пра 200 тысяч подпісаў, сабраных за некалькі дзён, могуць быць сігналам для астатніх кандыдатаў, што фільтр датычна колькасці подпісаў сёлета, як і падчас дзвюх мінулых кампаній, будзе нястрогі.

Банкір Віктар Бабарыка, які лічыцца фаварытам сярод апанентаў Лукашэнкі, разлічвае лёгка набраць 150 тысяч, але яго каманда замахваецца нават на мільён. Каманда яшчэ аднаго прэтэндэнта кампаніі–2020, блогера Сяргея Ціханоўскага, якога ЦВК не зарэгістравала і які стаў кіраўніком ініцыятыўнай групы сваёй жонкі, спачатку думала збіраць подпісы фармальна, але цяпер ужо мае намер здабыць патрэбную колькасць у 100 тысяч. Каб працягнуць легальна сустракацца з прыхільнікамі і падчас агітацыйнага этапу.

Увогуле, альтэрнатыўных кандыдатаў можна падзяліць на дзве групы — «плошчавікі», якія лічаць, што выбары зноў будуць фальсікаваныя, але Лукашэнку можна сёлета скінуць праз Плошчу, і «ўчаставікі», для якіх выбары скончацца на выбарчых участках для галасавання ў 20.00 9 жніўня. «Плошчавікі» — гэта Сяргей Ціханоўскі, Уладзімір Няпомняшчых (адзіны «кандыдат пратэсту» па плане Міколы Статкевіча), «праймерызцы» Юрый Губарэвіч, Вольга Кавалькова, Мікалай Казлоў. Іх месідж да грамадзян прыкладна аднолькавы: на выбары хадзіць не варта, бярыце ўдзел у назіранні, фіксуйце парушэнні і, верагодна, рэкордна нізкую яўку выбаршчыкаў. А яўка менш за 50 працэнтаў азначае, што выбары не адбыліся і патрэбна ладзіць новыя. Дарэчы, тут зноў згадваем той момант, што ўладныя паўнамоцтвы Лукашэнкі, калі не лічыць, што ён і так незаконна сядзіць ужо які тэрмін, заканчваюцца 7 лістапада.

«Участавікі» — усе астатнія кандыдаты. Толькі вось прыхільнікі Віктара Бабарыкі спадзяюцца, што ён 9 жніўня не павіншуе Аляксандра Лукашэнку з чарговай перамогай. Сам ён заявіў, што супраць Плошчы, але будзе там, калі ягоныя выбаршчыкі выйдуць на вуліцы.

Валерыя Цапкалу, былога кіраўніка Парка высокіх тэхналогій і пасла ў ЗША, дэмакратычны электарат ужо, здаецца, спісаў у спарынг-партнёры Лукашэнкі. Хаця той дапускае досыць рэзкія выказванні датычна кампетэнцыі дзейнага кіраўніка краіны. А вось Бабарыка і Ціханоўскі застаюцца «катамі ў меху». Версіяў процьма: нехта з іх прарасійскі кандыдат; абодва прарасійскія, проста камбінавана працуюць з радыкальнымі ненавіснікамі Лукашэнкі і прыхільнікамі мірных перамен; самастойныя гульцы, адзін з якіх дзейнічае на кантрасце з брутальным Лукашэнкам, а другі — па прынцыпе «клін клінам выбіваюць».

Выглядае на тое, што гэтая інтрыга захаваецца да самага канца. Добра, што інтрыга, якая дае надзею беларусам на перамены, наогул існуе. З другога боку, падыход «хто заўгодна, абы не Лукашэнка» тоіць пагрозы.