Па ўсёй Беларусі працягваюцца затрыманні актывістаў
Праваабаронцам «Вясны» з раніцы 31 траўня паведамляюць пра затрыманні актывістаў з усёй Беларусі.
Нагадаем, на сёння былі аб'яўлены ў розных гарадах Беларусі ў 12:00 пікеты па збору подпісаў у падтрымку Святланы Ціханоўскай. Міліцыя затрымлівае зборшчыкаў подпісаў за Святлану Ціханоўскую і актывістаў «Народнай Грамады».
Як паведамляе тэлеграм-канал «Страна для жизни», раніцай 31 траўня затрыманы трое чальцоў ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай. Сярод затрыманых — Уладзімір Мароз з Кобрына, Валерый Рамановіч з Пінску, Аляксандр Мілюк з Мастоў. Першых даставілі ў мясцовыя РАУС. Мілюку ўручылі позву і адвезлі ў Следчы камітэт у Гродне.
Паведамляецца, што супрацоўнікі міліцыі затрымалі іх у якасці сведак. Па якой справе сябры ініцыятыўнай групы ў якасці сведак дастаўленыя ў міліцыю і Следчы камітэт — не паведамляецца. Меркавана, гэта звязана са здарэннем падчас пікету 29 мая ў Гродне.
Таксама «Вясне» паведамілі, што ў Мінску затрыманы актывіст «Народнай Грамады» Валянцін Троцкі. Супрацоўнікі міліцыі дзяжураць каля дома палітыка Міколы Статкевіча.
Праваабаронцам паведамілі, што ў Гродне таксама затрыманы Валерый Епіфанаў. Пад хатай адной з каардынатарак ініцыятыўнай групы ў Шчучыне Ганны Раманцэвіч таксама дзяжурыць міліцэйская машына. Такая ж самая сітуацыя склалася ў каардынатара ІГ Ціханоўскай па Гомелю і Гомельскай вобласці.
Раніцай 31 траўня на выяздзе з Баранавічаў затрымалі актывістку Тамару Патоцкую. Прычына — «непройдзены тэхагляд». Яе павезлі ў РУУС у суправаджэнні пяці міліцэйскіх машын з мігалкамі.
Паведамляецца, што ў Вілейскім РАУС з раніцы знаходзіцца актывіст Аляксей Сюдак. Хутка сканчаваецца яго 3-гадзіннае затрыманне.
Інфармацыя дапаўняецца і ўдакладняецца.
spring96.org