Міколу Статкевіча гвалтоўна затрымалі ў Мінску
Пра гэта паведамляе Радыё Свабода.
31 траўня раніцай на вуліцы Маякоўскага ў Мінску людзі ў цывільным на мікрааўтобусе заблакавалі машыну жонкі Статкевіча Марыны Адамовіч.
«Мы ехалі з дому ў Лошыце на Камароўку (там адбываюцца пікету ў падтрымку альтэрнатыўных удзельнікаў прэзідэнцкай кампаніі. — РС). На вуліцы Маякоўскага, парушашючы ўсе правілы дарожнага руху, мікрааўтобус перагарадзіў нам дарогу, прымусіў спыніцца. Людзі ў цывільным вырвалі з машыны ключ запальваньня, выцягнулі Міколу і павезлі ў невядомым кірунку», — распавяла Свабодзе Марына Адамовіч.
Яна зараз знаходзіцца ў РУУС Ленінскага раёна і піша заяву пра выкраданне Міколы Статкевіча.
На 31 траўня ў розных гарадах Беларусі на 12:00 анансавалі пікеты па збору подпісаў у падтрымку альтэрнатыўных удзельнікаў прэзідэнцкай кампаніі.
Увечары 30 траўня стала вядома, што затрыманага напярэдадні ў Гродне Сяргея Ціханоўскага і яшчэ 7 чалавек перавезлі ў Мінск. Яны знаходзяцца ў ізалятары часовага ўтрымання на Акрэсціна. Яшчэ трох затрыманых адпусцілі.