Гульня ў «веру — не веру»

Вынікі чарговага апытання грамадскай думкі за верасень, якія ў папярэднім прэс-рэлізе агучыў Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў (НІСЭПД, Літва), прымушаюць думаць, што беларускае грамадства знаходзіцца ў стане шызафрэніі. Альбо з лічбамі нешта не так, бо яны надзвычай парадаксальныя



orig_life_and_love_140_0.jpg

Канешне, найбольшая ўвага зараз надаецца прэзідэнцкім выбарам у Беларусі. І дадзеныя НІСЭПД у гэтым рэчышчы вельмі дзіўныя. Найперш, сацыёлагі адзначаюць, што гатоўнасць галасаваць на прэзідэнцкіх выбарах сёння выказваюць звыш 72,5% апытаных (36,2% «так, вядома будуць» і 36,3% «хутчэй так», 16% «хутчэй не», 7,8% «дакладна не будуць»). Можа, гэта дзіўна, можа — не, але гэтыя лічбы карэлююцца з нядаўнім апытаннем Інфармацыйна-аналітычнага цэнтра пры Адміністрацыі прэзідэнта і Інстытута сацыялогіі НАН Беларусі. Паводле афіцыйных дадзеных, у выбарах прымуць удзел 86,2% рэспандэнтаў (72% «так» і 14,2% «хутчэй так»).

Паводле дадзеных НІСЭПД, чым хутчэй выбары, тым больш уздымаецца рэйтынг Аляксандра Рыгоравіча. У верасні за яго гатовыя былі галасаваць 45,7% — «як па закрытым, так і па адкрытым пытанні», зазначае НІСЭПД. Ці не дзіўна, што гэтыя лічбы супалі?

Таксама НІСЭПД праводзіць параўнанне з выбарамі 2010 года, калі за Лукашэнку выказвалі жаданне аддаць галасы 48,2% (адкрытае пытанне) і 44% (закрытае).

Рэйтынг даверу да кіраўніка дзяржавы застаўся прыкладна на тым жа ўзроўні, што і ў чэрвені: 47% давяраюць прэзідэнту, а 37,1% — не.

За Таццяну Караткевіч па закрытым пытанні сёння гатовыя галасаваць 17,9%, а па адкрытым — 7,2% рэспандэнтаў.

НІСЭПД робіць з гэтага забойную выснову. Проста працытуем яе. «Паколькі рэальныя вынікі залежаць ад яўкі, элементарны разлік паказвае, што калі ў галасаванні прымуць удзел 72,5%, якія заявілі пра гэта, то 45,7% галасоў за Лукашэнку ператворацца ў 64%, а 17,9% за Караткевіч — у 25%. Калі ж, паводле «закону сацыяльнага прыцягнення» (па аналогіі з законам фізікі, калі малое цела прыцягваецца вялікім) і шматгадоваму электаральнаму маніторынгу НІСЭПД, да галасуючых дадасца частка тых, хто не вызначыўся, то пры яўцы 80% за дзейнага прэзідэнта прагаласуюць 56%, а за Караткевіч 22%. Пры яўцы меншай за заяўленую — напрыклад, 60% — першы кандыдат атрымлівае звыш 76%, а другі амаль 30%. Маштабы страт, які нанесла гэтым выбарам няздольнасць апазіцыі да кансалідацыі, бачныя па адказах на пытанне: «Калі б Вы ведалі чалавека, які мог бы паспяхова канкураваць з Лукашэнкам на прэзідэнцкіх выбарах, то прагаласавалі б за яго або за Лукашэнку?». Прагаласавалі б за такога кандыдата 38,7%, за А. Лукашэнку — 32,3%, «пакуль не ведаю, паглядзеў бы па абставінах» — 28,1%».

Дзіўнае ў гэтых лічбах амаль усё. Напрыклад, яўка ў 72,5%.

Згодна з тым жа апытаннем, 75,6% рэспандэнтаў лічаць, што прэзідэнта абяруць у першым туры. Згодныя з меркаваннем, што на выбарах гэтага года наканавана, хто будзе пераможцам, 57,6%. Не згодныя з тым, што цяперашнія выбары прэзідэнта будуць свабоднымі і справядлівымі, — 34,4%. 48,9% апытаных не лічаць, што ў ходзе выбарчай кампаніі ўмовы ва ўсіх кандыдатаў у прэзідэнты роўныя. Менш за 40% выбаршчыкаў сёння лічаць, што ЦВК — гэта «бесстаронні орган, які кіруецца ў сваёй працы толькі законам», а палова мяркуюць — што гэта «орган, які кіруецца ў сваёй працы, перш за ўсё, указаннямі прэзідэнта».

І з такімі настроямі ў грамадстве прагназаваць яўку ў тры чвэрці насельніцтва? Калі палова апытаных увогуле не лічыць, што выбары нешта вырашаюць, і што «ўсё ўжо выбрана да іх»? Гэта класны аптымізм у НІСЭПД.

Здзіўляе і рэйтынг Лукашэнкі, які фактычна застаўся на ўзроўні «хлебнага» 2010 года. Тады былі сродкі на моцны «подкуп выбаршчыкаў», не было такой крызіснай сітуацыі, як зараз, праводзіліся агітацыйныя акцыі кшталту Усебеларускага народнага сходу. Зараз нават прапаганда не так працуе, як тады, бо няма што сказаць людзям.

Паводле таго ж апытання НІСЭПД, зараз колькасць тых, чыё матэрыяльнае становішча пагоршылася, павысілася з 37,2% у чэрвені да 42,5% у верасні. Тых, у каго матэрыяльнае становішча «не змянілася», было 51,3%, стала 44,4%. Сярэдні памер даходаў (уключаючы зарплаты, пенсіі, дапамогі, падпрацоўкі і інш.), які прыходзіўся на аднаго члена сям’і ў мінулым месяцы, істотна панізіўся: з $240 у чэрвені да $200 у верасні. Колькасць тых, хто лічыць, што беларуская эканоміка знаходзіцца ў крызісе, павялічылася з 72% да 75,1%. Трывога за будучыню па-ранейшаму не праходзіць: паляпшэння сацыяльна-эканамічнай сітуацыі ў краіне ў бліжэйшыя гады чака­юць 20,6%, а пагаршэння — 36,2% (37,2% лічаць, што нічога не зменіцца).

У гэтай сітуацыі НІСЭПД лічыць, што рэйтынг Лукашэнкі параўнальны з 2010-м, калі заробак усё ж дасягнуў $500? І адначасова палова апытаных (52,7%) лічаць патрэбным змяніць сітуацыю ў краіне?

І зусім анекдатычнай выглядае лічба байкатоўшчыкаў. Як вышэй пісалася, толькі 7,8% рэспандэнтаў заявілі, што «дакладна не будуць» удзельнічаць у выбарах. А вот тых, хто «станоўча ўспрымае ідэю байкоту гэтых выбараў», набралася аж 15,5%. Гэта што: палова прыхільнікаў байкоту ўсё роўна пойдуць на выбарчыя ўчасткі? Амаль неверагодна.

Усё гэта выглядае даволі не зразумела. Ёсць некалькі тлумачэнняў такой розніцы ў лічбах. Альбо ў НІСЭПД нешта наблыталі пры падрыхтоўцы прэс-рэлізу. Гэта, канешне, для такіх дасведчаных сацыёлагаў малаверагодна, але, як кажуць, і ў цесце можна палец вывіхнуць. Альбо рэспандэнты НІСЭПД нахлусілі. І тут ужо сацыёлагі не вінаватыя. Альбо НІСЭПД вельмі хочацца вярнуцца назад, у Беларусь. Але не такімі ж сродкамі, спадарства!