БСДП (Грамада) у Барысаве патрабуе ад Караткевіч зняцца з выбараў
Барысаўская арганізацыя Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) заклікае кандыдата ў прэзідэнты Беларусі і члена Мінскай гарадской арганізацыі БСДП Таццяну Караткевіч зняць сваю кандыдатуру з выбарчых бюлетэняў на прэзідэнцкіх выбарах 11 кастрычніка.
"Гэта
неабходна зрабіць яшчэ да пачатку датэрміновага псеўдагаласавання на гэтым выбарчым фарсе", — гаворыцца ў заяве арганізацыі, распаўсюджанай 30 верасня.
У адваротным выпадку сацыял-дэмакрат Таццяна Караткевіч і яе палітычнае асяроддзе будуць наўпрост датычныя да працэсу легітымізацыі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі ў вачах многіх беларускіх выбаршчыкаў і
часткі міжнароднай супольнасці. Гэта можа пахаваць
усякія надзеі грамадзян Беларусі на захаванне незалежнасці сваёй краіны і яе пераход да дэмакратыі.
"У сувязі з гэтым арганізацыя БСДП (Грамада) у Барысаве звяртаецца з заклікам да Мінскай гарадской арганізацыі партыі, дзе Таццяна Караткевіч стаіць на ўліку, неадкладна пачаць працэдуру
выключэння яе з шэрагаў сацыял-дэмакратыі ў выпадку, калі тая прыме ўсё ж удзел у фарсе 11 кастрычніка.
Барысаўскія сацыял-дэмакраты таксама звяртаюць увагу кіруючых органаў БСДП на важнасць ачышчэння партыйных шэрагаў ад усіх выпадковых асоб, якія пракраліся ў структуры Грамады для правядзення чужой
ёй палітыкі згодніцтва з кіруючым антыдэмакратычным рэжымам", — гаворыцца ў заяве.
Караткевіч — сябра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі, апошнія пяць гадоў яна актыўна працуе ў грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду». На выбарах у 2010 годзе была даверанай асобай Уладзіміра Някляева, таксама прымала ўдзел у
выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі
па Кальварыйскай выбарчай акрузе Мінска.