«Нам такая дэмакратыя з гвалтам не трэба!»

Ад выступу кіраўніка Беларусі ў ААН мы чакалі нечага новага. Дарэмна. Аляксандр Рыгоравіч дагэтуль напужаны «каляровымі рэвалюцыямі». У чарговы раз ён паспрабаваў пераканаць усіх, што без яго ў Беларусі ўсё ляснецца.



dh_schscht.jpg

Здавалася, падчас «замірэння з Захадам» ягоная ваяўнічая рыторыка магла быць сцішаная. Падчас электаральнай кампаніі ён мусіў стрымацца ад рэзкіх выпадаў у бок «заходніх дэмакратый». Аднак…

 «Навошта забілі прэзідэнта Ірака?.. Пачалі з Туніса і скончылі Лівіяй. Сцэнар той жа. Укрыжавалі прэзідэнта Кадафі, знішчыўшы дзяржаву... Спадары, можа быць, хопіць? Не. Ірванулі ў Сірыю. Паўстае пытанне: навошта? Навошта вы забіваеце людзей? Навошта зрынаць дзеючага прэзідэнта?»; «У выніку знешняга ўмяшання, экспарту «каляровых» рэвалюцый і штучнай змены рэжымаў стабільныя перш за ўсё краіны пагрузіліся ў хаос і анархію. Гэта ўсё прыкрываецца дэмакратыяй. Замест абяцанай дэмакратыі і росквіту людзі ў гэтых краінах перажываюць жудасныя пакуты і вымушаныя ратавацца ўцёкамі»; «Прыкрываючыся лозунгам правоў чалавека, апраўдваюцца звяржэнне ўрадаў, разбурэнне дзяржаў і вайны за рэсурсы. Насаджаюцца метады хаосу і анархіі»; «На працягу апошніх двух дзесяцігоддзяў мы мэтанакіравана будавалі суверэнную дзяржаву з сацыяльна арыентаванай эканомікай… З поўнай упэўненасцю магу запэўніць усіх, што анархіі, бязмежжу і гвалту ніколі не будзе месца на беларускай зямлі — ні пад якімі лозунгамі, у тым ліку дэмакратыі», — запэўніў беларускі правадыр.

Вось найбольш важныя вытрымкі з ягоных спічоў у ААН. Што можна сказаць з гэтай нагоды?

Найперш, Аляксандр Рыгоравіч дагэтуль напужаны «каляровымі рэвалюцыямі». Прычым, свядома ці несвядома, але галоўную небяспеку ён бачыць у тым, што «зрынуць дзеючага прэзідэнта». Менавіта за гэтым, па ягоных словах, наступае хаос, анархія і хвалі бежанцаў. Канешне, наўпрост гэта даказваецца на прыкладах Лівіі, Сірыі, Іраку і гэтак далей.

А ці насамрэч «хаос і анархія» — гэта следства «каляровых рэвалюцый»? Чаму не ўзяць у якасці прыкладу «каляровых рэвалюцый», напрыклад, Сербію? Канешне, зрынуты Мілошавіч быў добрым сябрам Аляксандра Рыгоравіча, але сённяшні сербскі кіраўнік — Таміслаў Нікаліч — не меншы сябра Лукашэнкі.

Кіргізы пасля «рэвалюцыі цюльпанаў» не скажу што прыўкрасна, але худа-бедна жывуць без асеўшага ў Мінску Бакіева і ягонай сям’і. Краіна нават стала паўнавартасным сябрам нашага ЕАЭС. І, заўважце, без «грамадзянскай вайны».

Альбо ўзяць Грузію. Ці атрымалі хаос і анархію грузіны ў выніку «рэвалюцыі ружаў»? Ці тую ж Украіну, дзе «каляровыя рэвалюцыі» праходзілі аж двойчы?

«Хаос і анархія», па выразе Лукашэнкі, у гэтых краінах узніклі далёка не як следства «каляровых рэвалюцый». Ва Украіне пасля «аранжавай рэвалюцыі» 2004 года ўсё было ціха-мірна, і Юшчанка таксама быў сябрам беларускага правадыра. Хаос і анархія ўзніклі, «дзякуючы» вонкавым умяшальніцтвам з боку Расіі. Каб не дзеянні «вялікага брата», які гэтак жа, як і Лукашэнка, па-свойму разумее дэмакратыю і правы чалавека, то не было б ані грузінскай вайны 2008 года, ані «рускага свету», ані канфлікту ў Данбасе.

У гэтым рэчышчы ўзнікае пытанне пра «глыбінную крыніцу гэтых крызісаў і пагроз: штучны культ індывідуальных правоў і свабод чалавека ў шкоду грамадскім інтарэсам». З «індывідуальнымі правамі і свабодамі» ўсё зразумела даўно, яшчэ з 1948 года, калі была прынятая Усеагульная Дэкларацыя правоў чалавека. А вось што такое «грамадскія інтарэсы»?

Ці адпавядаў грамадскім інтарэсам сыход Шэварнадзэ ў выніку «рэвалюцыі ружаў»? Ці ўцёкі Бакіева і Януковіча? Грамадзяне гэтых краінаў вам адкажуць адназначна: адпавядаў. І «індывідуальныя правы і свабоды» гэтым «грамадскім інтарэсам» ніяк не супярэчаць.

Калі, канешне, не разумець пад «грамадскімі інтарэсамі» адзінаасобнае захаванне ўлады на як мага большы тэрмін. Менавіта так разумее «грамадскі інтарэс» Аляксандр Рыгоравіч. Аднак трэба ўсё ж адрозніваць дзяржаву і грамадства. Колькі заўгодна кіраўнік Беларусі можа паўтараць славутае выслоўе Людовіка XIV: «Дзяржава — гэта я!» Але «дзяржава» і «грамадства» — розныя рэчы.

Выснова з прамовы Аляксандра Рыгоравіча ў ААН вельмі простая. У чарговы раз ён паспрабаваў пераканаць грамадства, міжнародную супольнасць і сусветных лідараў, што без яго ў Беларусі ўсё ляснецца. Прычым, ён сапраўды так лічыць. А значыць, аніякіх зменаў як ва ўнутрыпалітычным, так і ў знешнепалітычным жыцці не адбудзецца.

А паколькі галоўнае пытанне зараз у Лукашэнкі ўнутры краіны, — прэзідэнцкія выбары, — то і ніякіх зменаў у іх правядзенні чакаць не варта. На «лібералізацыю» і «прызнанне выбараў Захадам» беларускія ўлады, падобна, забілі болт.